Галасуем за будучыню!

15:09 / 27.04.2010

У мінулую нядзелю ў нашай краіне прайшлі выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў – абласных, гарадскіх, раённых, cельскіх. Актыўны ўдзел у іх прынялі выбаршчыкі Астравецкага раёна.


У цэлым па раёну ў спісы для галасавання было ўнесена 18152 прозвішчы выбаршчыкаў. Удзел у галасаванні прыняло 16146 чалавек. Прычым 5498 з іх скарысталі прадастаўленае выбарчым Кодэксам права прагаласаваць датэрмінова.
А большасць па традыцыйнаму перакананню, што выбары – гэта не толькі выкананне свайго грамадзянскага абавязку, але і своеасаблівае свята, паспяшаліся прыйсці на выбарчыя ўчасткі менавіта ў дзень выбараў.
Там і сапраўды панавала святочная атмасфера: гучала музыка, людзей сустракалі ў святочна ўпрыгожаных залах, тым, хто прыйшоў галасаваць упершыню ў жыцці, на памяць аб гэтай знамянальнай падзеі ўручаліся невялікія сувеніры. На некаторых участках – як, да прыкладу, самым вялікім Астравецкім №5, які размяшчаўся ў кінаканцэртнай зале “Астравец”, такім жа чынам адзначаліся і тыя выбаршчыкі, што першымі прыйшлі галасаваць – на гэтым участку такім быў Іван Андрыянавіч Цішкоў.
Да тых, хто па стану здароўя ці іншых уважлівых прычынах не мог у дзень выбараў самастойна з’явіцца на ўчастак, члены выбарчай камісіі са спецыяльнай перанасной урнай прыязджалі дахаты – каб кожны меў магчымасць скарыстаць сваё канстытуцыйнае права, прыняць удзел у галасаванні і аддаць свой голас за кандыдата ў дэпутаты – ці, пры жаданні, супраць яго.
У дваццаць гадзін, калі выбарчыя ўчасткі закрыліся, камісіі заняліся карпатлівай справай – падлікам галасоў. А затым выніковыя пратаколы сталі сцякацца ў раённую і акружныя выбарчыя камісіі.
Калі былі падсумаваны ўсе вынікі, стала ясна, што выбаршчыкі Астравеччыны праявілі актыўную грамадзянскую пазіцыю: удзел у выбарах прыняло 88,9 працэнта выбаршчыкаў, што былі ўнесены ў спісы для тайнага галасавання. Абраны ўсе дэпутаты сельскіх, раённага Саветаў, прычым у пераважнай большасці ўчарашніх кандыдатаў гэтая перамога — вельмі пераканаўчая: Аляксандр Юргелянец, да прыкладу, у сваёй роднай Рытаньскай акрузе набраў ажно 97 працэнтаў галасоў. За многіх дэпутатаў раённага Савета аддалі свае галасы больш як 90 працэнтаў выбаршчыкаў – гэта сведчыць пра вялікі крэдыт даверу. У абласны Савет па Астравецкай і Жупранскай выбарчых акругах з пераканаўчай большасцю галасоў прайшлі І.І. Яцэвіч і А.У. Мантур. Віншуем новаабраных дэпутатаў і жадаем ім плённай і паспяховай працы на карысць сваіх выбаршчыкаў і апраўдання ўскладзеных на іх надзей.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.