Адам Дзмітрыевіч Кавалька: “Зрабіце правільны выбар”

14:55 / 20.04.2010
У гэтую нядзелю, 25 красавіка,  адбудуцца выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў – самыя масавыя органы прадстаўнічай улады. Па традыцыі напярэдадні гэтай важнай палітычнай кампаніі да жыхароў раёна звяртаецца Адам Дзмітрыевіч Кавалька, старшыня Астравецкага райвыканкама.
– Выбары ў мясцовыя Саветы – вельмі важная кампанія, і не толькі палітычная. У залежнасці ад таго, каго мы выберам сваімі прадстаўнікамі ў абласным, раённым, сельскіх Саветах, у многім будуць залежаць і эканоміка нашага рэгіёна, і сацыяльныя аспекты жыцця людзей. Таму што толькі ў тым выпадку, калі прадстаўнічая і выканаўчая ўлада будуць працаваць у цесным кантакце, разумеючы і дапамагаючы адна адной, — у грамадстве будзе панаваць спакой і плённая праца.
На мой погляд, кандыдатамі ў дэпутаты на ўсіх узроўнях у большасці сваёй вылучаны аўтарытэтныя, адказныя людзі, якія могуць вырашаць сур’ёзныя задачы, што будуць пастаўлены перад імі.
Перш за ўсё хацелася б сказаць словы вялікай падзякі Міхаілу Рыгоравічу Шабану і Пятру Кузьмічу Ткачову, якія на працягу двух скліканняў прадстаўлялі наш раён у Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў. Дзякуючы іх дапамозе і падтрымцы за гэтыя восем гадоў удалося многае зрабіць па добраўпарадкаванню Астраўца і аграгарадкоў раёна, вырашыць іншыя важныя сацыяльныя задачы. П.К. Ткачоў дапамог практычна поўнасцю абнавіць рухомы састаў нашага аўтапарка, пабудаваць у Астраўцы новую аўтастанцыю. Усе гэтыя добрыя справы нашых дэпутатаў застануцца ў раёне і будуць яшчэ доўга служыць людзям.
Але жыццё не стаіць на месцы, і на гэтых выбарах кандыдатамі ў дэпутаты абласнога Савета вылучаны іншыя людзі. Па Астравецкай выбарчай акрузе – генеральны дырэктар “Гроднааўтадора” Іван Іванавіч Яцэвіч, па Жупранскай, у якую ўваходзяць два нашы найбольш буйныя сельскія Саветы – Гудагайскі і Варнянскі, — абласны ваенны камісар Аляксандр Уладзіміравіч Мантур. Думаю, што, калі жыхары раёна аддадуць ім свае галасы, то не памыляцца. І.І. Яцэвіч цяпер шмат часу праводзіць у раёне: падначаленая яму арганізацыя займаецца ўзвядзеннем новых дарог і рамонтам ужо існуючых. Цяпер, у сувязі з будаўніцтвам новай інфраструктуры, прызначанай забяспечваць дзейнасць атамнай электрастанцыі, у Астравецкім раёне павінны з’явіцца новыя аўтамагістралі, пабудаваць якія – задача “Гроднааўтадора”. Як сур’ёзнага і адказнага чалавека ведаю я і А.У. Мантура. У яго некалькі іншыя здачы: патрыятычнае выхаванне нашай моладзі, правядзенне прызыву ў рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, але яны ніколькі не менш важныя і адказныя.
Што тычыцца іх апанентаў па адной і другой выбарчай акрузе – І.Ф. Крука і М.М. Уласевіча — то, думаю, няма патрэбы даваць ім нейкія характарыстыкі: жыхары раёна цудоўна ведаюць і іх саміх, і род іх заняткаў у мінулым і сучасным – не думаю, што нешта зменіцца ў будучым. Пагэтаму кожнаму выбаршчыку трэба вызначыцца, чаго ён чакае ад будучага дэпутата, і зрабіць правільны выбар.
Вялікія надзеі я ўскладваю і на новаабраны раённы Савет дэпутатаў. У яго склад увойдзе 25 дэпутатаў, якія будуць прадстаўляць розныя тэрыторыі нашага раёна — па сутнасці, кожны яго куточак. І задача дэпутатаў – данесці да выканаўчай улады праблемы рэгіёнаў, клопаты сваіх выбаршчыкаў.
Трэба сказаць, што склад кандыдатаў у дэпутаты раённага Савета ў параўнанні з ранейшым значна, больш чым напалову, абнавіўся. Працоўныя калектывы і грамадзяне вылучылі кандыдатамі ў дэпутаты дастойных людзей, маладых кіраўнікоў, граматных спецыялістаў, якія сваёй працай ўжо паспелі заваяваць аўтарытэт у насельніцтва – думаю, што работа ў раённым Савеце дэпутатаў толькі ўмацуе яго. З дапамогай дэпутатаў раённага Савета выканаўчай уладзе трэба зрабіць усё магчымае, каб жыццё нашых людзей у кожным куточку раёна стала дастойным і камфортным.
Немалыя задачы стаяць і перад дэпутатамі сельскіх Саветаў. У іх лік таксама вылучаны паважаныя, аўтарытэтныя людзі з ліку мясцовага насельніцтва. Пасля абрання дэпутатамі ім трэба будзе сфарміраваць перспектыўныя планы сваёй работы, каб на пасяджэннях сельвыканкамаў і сесіях сельскіх Саветаў разглядваліся найбольш актуальныя для жыцця вяскоўцаў пытанні, а прымаемыя рашэнні дапамаглі зрабіць яго лепшым. Пад сваю ўвагу дэпутаты сельскіх Саветаў павінны ўзяць перш за ўсё пытанні развіцця асабістых падсобных гаспадарак, дзейнасці сацыяльна-культурнай сферы – устаноў аховы здароўя, культуры, адукацыі, бытавога абслугоўвання, без нармальнай работы якіх не будзе поспехаў і ў вытворчай.
Напярэдадні выбараў я хачу пажадаць кандыдатам у дэпутаты мясцовых Саветаў усіх узроўняў атрымаць у дзень выбараў падтрымку сваіх выбаршчыкаў і затым апраўдаць яе ў паўсядзённай рабоце.
Ну а тым, хто прыйдзе ў бліжэйшую нядзелю на выбарчыя ўчасткі, каб аддаць свой голас за таго ці іншага кандыдата, – зрабіць правільны выбар.