Будзем сябраваць гарадамі. І краінамі

11:53 / 17.04.2010




Усё пачалося ў ліпені мінулага года, калі Астравец наведалі госці з польскага горада Ольштына: доктар філалагічных навук прафесар, ураджэнец Астравеччыны Мечыслаў Яцкевіч, доктар гістарычных навук прафесар Тадэвуш Барыла і спецыяліст па знешніх сувязях Вармінска-Мазурскага ваяводства Пётр Бурчык. Тады падчас сустрэч з намеснікам старшыні Астравецкага райвыканкама Віктарам Збігневічам Свілам і ўзнікла ідэя аб наладжванні больш цесных кантактаў і падпісанні дагавору аб супрацоўніцтве паміж Астравецкім раёнам і адным з паветаў Вармінска-Мазурскага ваяводства.
Па прапанове маршалка гэтага ваяводства Яцэка Протаса, карані якога, дарэчы, таксама ў Беларусі – з ім у жніўні падчас візіту ў Вільнюс сустрэўся усё той жа В.З. Свіла, у якасці магчымага партнёра для Астраўца быў абраны Лідзбарк Вармінскі. Са старастам гэтага павету Марэкам Хілем таксама сустракаўся Віктар Збігневіч падчас яго знаходжання ў Літве – і была дасягнута дамоўленасць аб распрацоўцы пагаднення аб узаемным супрацоўніцтве. Далей пацягнулася руцінная, вельмі важная, але нябачная шырокім масам работа: распрацоўка пагаднення, узгадненне яго з супрацьлеглым бокам і ўсімі зацікаўленымі структурамі і г.д.
Пакуль цягнулася ўся гэтая працэдура, Ольштын і Лідзбарк Вармінскі наведала з прыватным візітам журналістка “Астравецкай праўды” Ганна Чакур – яе публікацыі далі магчымасць жыхарам Астравеччыны паглядзець яе вачамі на той край, з якім мы плануем завязаць таварыскія і ўзаемавыгадныя сувязі, дзякуючы інтэрв’ю бліжэй пазнаёміцца са старастам павету Марэкам Хілем і ўвогуле больш даведацца пра жыццё і людзей гэтага рэгіёна Польшчы.
А нядаўна адбыўся чарговы немалаважны этап у працэсе падрыхтоўкі да падпісання пагаднення. На мінулым тыдні да нас у раён прыехала дэлегацыя з Польшчы: стараста Лідзбарка Вармінскага Марэк Хіль (у не вельмі дакладным перакладзе на больш знаёмую нам іерархію пасад – старшыня райвыканкама), яго намеснік Яраслаў Когут, кіраўнік рады павета (калега нашага старшыні раённага Савета) Юзэф Крукоўскі і супрацоўнік адміністрацыі Павел Марэк.



Афіцыйная сустрэча, на якой прысутнічалі кіраўнікі асноўных аддзелаў і службаў раёна, адбылася ў райвыканкаме. Гасцей прывітаў старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька і расказаў крыху пра раён, яго асаблівасці, сучасны стан і перспектывы развіцця, якія звязаны ў асноўным з самым грандыёзным праектам – будаўніцтвам першай беларускай АЭС, што будзе ўзводзіцца ў нашым раёне. Дапоўніў гэты расказ відэафільм пра Астравеччыну, у якім адлюстраваны яго галоўныя прыродныя, архітэктурныя, гістарычныя каштоўнасці.
Госці таксама прывезлі і паказалі відэапрэзентацыю свайго горада і павета, якая дапамагла лепш зразумець, што паміж нашымі рэгіёнамі агульнага і якія ёсць адрозненні, у чым мы можам знайсці кропкі судакранання і супрацоўніцтва.
Дарэчы сказаць, для абслугоўвання перамоў была запрошана перакладчыца, але паслугі яе амаль не спатрэбіліся – ні на гэтай сустрэчы, ні пазней: астраўчане ўпаўне прыстойна разумелі польскую мову, госці – беларускую, так што моўных бар’ераў не ўзнікла. А калі нейкія нюансы таго ці іншага слова ці фразы былі не вельмі зразумелыя аднаму ці другому боку, на дапамогу прыходзіў Віктар Збігневіч Свіла, які цудоўна валодае польскай мовай.



Тут жа адбылася своеасаблівая прэс-канферэнцыя. Гаспадарам было цікава, якія кропкі судакранання бачаць палякі ў супрацоўніцтве з беларусамі – усё ж на сённяшні дзень нашы краіны знаходзяцца ў розных палітычных умовах. На што Марэк Хіль адказаў – і Адам Дзмітрыевіч Кавалька яго падтрымаў — што пры ўсім пры гэтым у нас шмат агульнага і мы можам паспяхова развіваць супрацоўніцтва ў галіне турызму, культуры, спорту, ды і ў эканоміцы таксама. А галоўнае, каб людзі, найперш – моладзь, больш сустракаліся, знаёміліся, знаходзілі сферы агульных інтарэсаў, бо даўно вядома, што народная дыпламатыя – самая дзейсная.
Беларусам было цікава, як фарміруецца павятовы бюджэт – аказваецца, ён на 95 працэнтаў складаецца з датацыі ваяводства.
Як змагаюцца палякі з беспрацоўем, якое складае ў нашых суседзяў каля 26 працэнтаў працаздольнага насельніцтва (у Астравецкім раёне – крыху больш чым адзін працэнт)? Госці расказалі, што дапамога па беспрацоўю у Польшчы складае прыкладна 180-200 долараў (нашым беспрацоўным зайздросліва ахаць не трэба – узровень жыцця і, адпаведна, цэн там зусім іншы, чым у нас). Да таго ж людзям, якія страцілі работу, – гэтак жа, дарэчы, як і ў нас – прадастаўляецца магчымасць бясплатнага перанавучання, выдаецца субсідыя на адкрыццё ўласнага бізнесу. І ўсё ж, як зазначыў Яраслаў Когут, узровень беспрацоўя застаецца высокім — і прычына яго хаваецца хутчэй у галовах людзей, чым у дзяржаўнай падтрымцы.
Але, як справядліва зазначае народная мудрасць, салаўя байкамі не кормяць і лепш адзін раз пабачыць, чым сто – пачуць. Таму гасцям была прапанавана даволі падрабязная двухдзённая экскурсія для больш дэталёвага знаёмства з раёнам.



Пачалася яна з інфармацыйнага цэнтра АЭС, дзе намеснік дырэктара дырэкцыі будаўніцтва АЭС У.Д. Горын расказаў гасцям пра праект першай беларускай атамнай электрастанцыі, існуючыя сістэмы бяспекі яе работы, развіццё атамнай энергетыкі ў свеце. Заканамерна прагучала пытанне аб адносінах палякаў да будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі. На што Марэк Хіль адказаў, што на сённяшні дзень альтэрнатывы атамнай энергетыцы ў свеце няма — запасы вуглевадароднай сыравіны не бясконцыя, а эканоміка патрабуе ўсё большых энергетычных магутнасцей. Ён зазначыў, што Польшча, каб вырашыць энергетычную праблему, таксама плануе пабудаваць атамную электрастанцыю, і ў іх існуюць вялікія праблемы з фарміраваннем грамадскай думкі па гэтаму пытанню і абмеркаваннем падобнага праекта.
Вельмі цёплай і шчырай атрымалася сустрэча з раённай суполкай Саюза палякаў на Беларусі. Яны сустрэлі гасцей у файе кінаканцэртнай залы “Астравец” хлебам-соллю. А яшчэ – песнямі ў выкананні харавога калектыву “Польскае рэха Астраўца”. Хоць, зрэшты, спявалі не толькі мясцовыя артысты: вельмі хутка знаёмыя ўсім песні падхапілі і госці. А Яраслаў Когут неўзабаве сам выскачыў на сцэну – і пад яго дырыжорскім кіраўніцтвам ўсе разам, гаспадары і госці, спявалі “Расцвіталі понкі бялых руж”, “Ішла дзявэчка до лясэчка”, “Расцвіла чаромхі белы квят” – паспрабуй зразумець, чые гэта песні – польскія, беларускія, рускія, калі ўсе іх ведаюць і разам спяваюць?



А калі размова дайшла да канкрэтных спраў і дзейнасці раённага аддзялення Саюза палякаў, то госці былі нямала здзіўлены, калі даведаліся, што яго старшыні Тарэсе Мароз адмаўляюць у адкрыцці польскай візы на той падставе, што яна з’яўляецца членам галоўнай рады гэтай грамадскай арганізацыі. Марэк Хіль паабяцаў зрабіць запыт з гэтай нагоды ў адпаведныя органы і затым праінфармаваць беларусаў аб атрыманым адказе.
Далей быў візіт у астравецкую святыню – Гудагайскі касцёл Наведвання Маці Божай, дзе захоўваецца цудадзейны абраз Маці Божай, каранаваны залатымі папскімі каронамі – ксёндз-пробашч Казімір Мураўскі падарыў гасцям спісы з гэтага абраза, а сёстры кармяліткі пачаставалі іх велікоднымі прысмакамі.
У паляўнічай гаспадарцы Астравецкага лясгаса госці актыўна зашчоўкалі фотаапаратамі і захоплена зацокалі языкамі – ды і каго могуць пакінуць раўнадушнымі грацыёзныя лані, якія мірна пасуцца ў вальерах і амаль не баяцца людзей? Тым больш, што сярод членаў дэлегацыі быў заядлы паляўнічы – Юзэф Крукоўскі, які ведае толк у прадстаўніках дзікай фаўны.
На другі дзень гасцей чакаў новы віток паездак, сустрэч і ўражанняў.
Падчас шопінгу ў астравецкіх магазінах іх найбольш цікавілі беларускія прадукты харчавання і наперш – чорны хлеб: многія палякі ўжо забыліся яго сапраўдны смак.
Добрае ўражанне ў гасцей з Польшчы пакінуў Варнянскі комплекс “Дзіцячы сад – сярэдняя школа”. Прычым не столькі сам добраўпарадкаваны будынак, колькі ўмовы навучання і знаходжання тут дзяцей, увогуле беларуская сістэма адукацыі, тое, як харчуюцца дзеці і г.д. У гаспадароў таксама з’явілася да прадстаўнікоў польскай дэлегацыі многа пытанняў з гэтай сферы. Найперш іх цікавіла, ці займаюцца ў польскіх школах выхаваннем дзяцей альбо аддаюць прыярытэт толькі навучанню? “Так! — адказалі палякі. — Наша мэта – даць веды падрастаючаму пакаленню і выхаваць яго – словам, падрыхтаваць да будучага дарослага жыцця”.



Пра дзейнасць беларускіх школ і сістэмы адукацыі ў цэлым ішла размова і ў Гервятах, і ў Рымдзюнах, дзе гасцям паказвалі мясцовыя школы і расказвалі пра асаблівасці іх работы. У Гервятах, акрамя таго, госці пабачылі на свае вочы, што ўяўляюць сабой сучасныя беларускія аграгарадкі з усім комплексам неабходных аб’ектаў сацыяльна-культурнай сферы. Яны наведалі фізкультурна-аздараўленчы комплекс, школу, магазін. І, вядома, пабываць на Астравеччыне і не наведаць Гервяцкі касцёл Святой Тройцы – усё роўна, што быць у Ватыкане і не сустрэцца з Папам Рымскім. Уражанні ад святыні і дэндрапарка, што раскінуўся навокал яе, ва ўсіх гасцей нязменныя – захапленне. І польскія госці не сталі выключэннем.
Падводзячы на імправізаванай прэс-канферэнцыі вынікі наведвання Астравецкага раёна, Марэк Хіль і Яраслаў Когут падкрэслілі, што вялікая палітыка з усімі яе плюсамі, мінусамі і наступствамі не з’яўляецца мэтай іх візіту. Асноўная задача – яшчэ раз узгадніць палажэнні падрыхтаванага пагаднення аб супрацоўніцтве Астраўца і Лідзбарка Вармінскага, падпісанне якога плануецца ажыццявіць летам, а таксама – знаёмства з Беларуссю, з яе людзьмі. Па словах гасцей, наша краіна і яе жыхары пакінулі самыя лепшыя ўражанні, і яны спадзяюцца на далейшае плённае супрацоўніцтва ў розных сферах.

Ніна РЫБІК.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.