"Цудоўная дзесятка" на прыёме ў старшыні

16:05 / 12.03.2010
Стала ўжо традыцыяй напярэдадні Дня жанчын 8-га Сакавіка праводзіць сустрэчу старшыні райвыканкама А.Д. Кавалькі з лепшымі жанчынамі раёна. Сёлетні год, як вядома, Указам Прэзідэнта краіны аб’яўлены Годам якасці. І таму на сустрэчу з кіраўніком раённай вертыкалі на гэты раз былі запрошаны жанчыны, якія – кожная на сваім участку, кожная ў сваёй справе — робяць усё магчымае, каб якасць жыцця нашага народа станавілася дзень пры дні лепшай. Хто ж гэтыя жанчын?
Ветэран вайны і працы Зоя Ананьеўна Быстрова, чалавек няпростага лёсу і неўтаймоўнай жыццёвай энергіі, якой яна ахвотна дзеліцца з кожным, хто побач.
Яніна Браніславаўна Мяшкова, загадчыца цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, маці траіх дзяцей — чалавек, жыццё якога аддадзена кнігам і дзецям.
Тарэса Іванаўна Васільчык, начальнік аддзялення паштовай сувязі станцыі Гудагай, высокі прафесіянал сваёй справы, умелы арганізатар –- і да таго ж мілая прывабная жанчына.
Выкладчыца матэматыкі гімназіі №1 Марыя Уладзіміраўна Арлоўская – настаўнік вышэйшай катэгорыі і чалавек вялікай душы.
Жыхарка вёскі Александрыя Валянціна Альбертаўна Масцяніца, якая знайшла сваё прызначэнне ў адвечным жаночым абавязку – захаванні сямейнага ачагу: яна – маці, бабуля, хатняя гаспадыня, на руках якой – немалая падсобная гаспадарка. Да таго ж Валянціна Альбертаўна стала пераможцай раённага конкурсу сярод малаказдатчыкаў: яна прадала дзяржаве 18649 кілаграмаў малака.
Лідзія Аляксееўна Сцефановіч – повар ад Бога. І пра тое сведчаць не толькі прызавыя месцы ў розных конкурсах, званне майстар-повар, якое яна атрымала ў 1999 годзе. А найлепш – стравы, які яна гатуе, усе без выключэння можна пазначаць знакам якасці.
Валянціна Браніславаўна Алёкса – тынкоўшчык МПМК-158. Яна — майстар сваёй справы, і ў шматлікіх наваселлях, што святкуюцца цяпер у Астраўцы, ёсць часцінка і яе працы.
Ядвіга Леанідаўна Цвёрдая, загадчыца Варнянскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, лічыць, што дзень пражыты недарэмна, калі хоць адзін чалавек, які прыйшоў да яе са скаргамі на здароўе, пайшоў дахаты паздаравеўшым і павесялеўшым.
7195 кілаграмаў малака надаіла ў мінулым годзе ад кожнай каровы даярка фермы “Варона” СВК “Варняны” Тарэса Зянонаўна Лойка. І 87 працэнтаў яго прададзена дзяржаве вышэйшым гатункам – ці ж гэта не паказчыкі якаснай, самаадданай працы?
Хто гэтыя женщины Беларуси? Сацыяльны работнік Галіна Сцяпанаўна Пляўга справай гонару і сумлення лічыць, каб кожны з яе падапечных – людзей нямоглых, у паважаным узросце – не меў ні ў чым патрэбы і не адчуваў сябе абдзеленым жыццём і лёсам.
Розныя жанчын, розныя прафесіі, лёсы. І аднолькава добрасумленныя адносіны да працы і сваіх абавязкаў кожнай з іх. Канешне, на гэты прыём можна было б запрасіць не адзін дзесятак і нават не адну сотню жанчын нашага раёна, для якіх такія адносіны да сваёй справы сталі нормай жыцця. Але гэтая “цудоўная дзесятка” прадстаўляла сабой усю лепшую частку жаночай паловы насельніцтва раёна.
Старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька ў шчырай, прыязнай абстаноўцы пагутарыў з жанчынамі. Ён расказаў ім пра сённяшнія клопаты мясцовай улады, бліжэйшыя і больш аддаленыя перспектывы развіцця раёна, распытаўся пра іх справы, праблемы, якія іх турбуюць, параіўся пра магчымыя шляхі іх вырашэння. Падчас сустрэчы гучала ўзаемная заклапочанасць праблемамі выхавання дзяцей, тым, як і дзе яны праводзяць вольны час; уздымаліся пытанні добраўпарадкавання горада; завяршэння рамонту гімназіі і іншыя.
І, вядома ж, у той перадсвяточнай абстаноўцы – а сустрэча праходзіла 5 сакавіка, напярэдадні свята жанчын – гучалі віншаванні і цёплыя пажаданні: з вуснаў старшыні райвыканкама Адама Дзмітрыевіча Кавалькі, яго намесніка Віктара Збігневіча Свілы, старшыні раённага Савета дэпутатаў і раённага Савета жанчын Ірыны Баляславаўны Шляхтун, начальніка ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва Чаславы Эдвардаўны Кандратовіч. Усе ўдзельніцы сустрэчы атрымалі прыгожыя букеты і падарункі. І яшчэ адным падарункам для іх стаў канцэрт цыганскай музыкі, на які жанчын запрасілі ад імя райвыканкама.



Ніна АЛЯКСЕЕВА