Чаму воўк прыйшоў у Астравец?

08:55 / 22.12.2017
«Ваўкі прыйшлі ў горад» – невялікая заметка аб тым, як на падворак адной з ускраінных вуліц Астраўца прыйшоў воўк, магчыма, той самы, якога раней неаднаразова бачылі ў Палушах і іншых вёсках, стала сапраўднай сенсацыяй і ў многіх жыхароў раёна выклікала непадробны страх. Інфармацыя аб здарэнні рыхтавалася аператыўна, што называецца, па гарачых слядах, калі ўжо вярстаўся нумар. Калі страсці крыху прыціхлі, мы звярнуліся за каментарыямі да спецыялістаў.

image-0-02-05-da77fccd5871423c61eae4e21695e123c34e9626e91467e10f10b7aefd4ca8ac-V.jpg


Пётр Зянонавіч Крупеньчык, намеснік дырэктара ДЛГУ «Астравецкі лясгас», паляўнічы са шматгадовым стажам:

– Няма ніякіх сумненняў, што воўк, якога неаднаразова бачылі ў Палушах, Дравяніках, Мішкуцях і якога затым злавілі і ўсыпілі на вуліцы Яўсеева ў Астраўцы – гэта адзін і той жа звер. І звер асаблівы – так званы воўк-адзіночка, якога з-за старасці выгнала зграя, і ён не меў ужо сіл паляваць на дужых і хуткіх дзікіх жывёл – вось і ціснуўся да людскога жытла, дзе харч можна здабыць хутчэй і лягчэй. Увогуле ж воўк – вельмі хітры і асцярожны звер, які больш за ўсё баіцца чалавека, і такія паводзіны для яго не ўласцівыя. За сваё немалое ўжо жыццё я не ўспомню выпадку, каб воўк напаў на чалавека.

Мы праводзім пастаянную барацьбу з шэрым драпежнікам. Нават пасля таго, як міністэрства ад­мяніла матэрыяльнае ўзна­га­роджанне за здабычу гэтага звера, у нашым ляс­гасе ўласным загадам яго захавалі: паляўнічаму, які здабыў ваўка, няважна, ружэй­ным спосабам ці з дапамогай капкана, выплач­ваецца 200 рублёў, за ваўчаня ўзнагарода складае 50 рублёў.

І гэта дае свой вынік. Сёлета паляўнічыя нашай гаспадар­кі знішчылі ўжо 9 асобін ваўкоў. Тры з іх злавіў у капкан егер Станіслаў Пашкевіч, ёсць такія трафеі і на рахунку інжынера Валянціна Нядвецкага.

Але, здавалася б, парадокс: мы і калегі з таварыства паляўнічых знішчаем ваўкоў – а іх менш не становіцца. Узнікае заканамернае пытанне: чаму? Адказ на яго вельмі просты. У краінах Еўрасаюза, у тым ліку і ў нашых суседзяў-літоўцаў, дзейнічае квота на здабычу ваўка, і драпежнікі адчуваюць сябе там досыць свабодна. А для звера межаў не існуе, і дакументы на граніцы ў іх не правяраюць. Спачатку да нас пацягнуліся ў пошуках ежы «літоўскія» дзікі, а ўслед за імі, асноўным сваім кормам, – ваўкі.

Сказаць, што праблема ваўкоў будзе вырашана заўтра, немагчыма: гэта не так проста. Як я ўжо казаў, звер вельмі хітры, вынослівы, асцярожны, неаднаразова нават падчас аблавы, як у песні Высоцкага, ішоў пад сцяжкі. Мы будзем працягваць змагацца з ім.

Са знішчэннем ваўка-адзі­ночкі, які палохаў жыха­роў Астравеччыны, думаю, падобных выпадкаў не паўторыцца і супрацьстаянне воўк-паляўнічы будзе ісці без удзелу жыхароў горада і вёсак.

Андрэй Мікалаевіч Праскін, кіраўнік раённай структуры таварыства паляўнічых і рыбаловаў:

– Змагацца з ваўкамі, вядома, трэба, бо гэты шэры драпежнік прыносіць вялікі ўрон перш за ўсё прыродзе: падлічана, што адзін воўк за год здольны знішчыць больш за 40 асобін капытных жывёлін.

І барацьба гэтая ідзе пастаянна і мэтанакіравана. Штогод на арандаваных угоддзях нашы паляўнічыя здабываюць 16-20 асо­бін ваўка, сёлета з пачатку года іх застрэлена ўжо 17. Дзевяць з іх – на рахунку спецыяльнай брыгады з Гомельшчыны. Наш вядомы «ваўчатнік» Вадзім Міхцееў толькі за два апошнія гады здабыў 22 ваўкі – і гэта, хачу адзначыць, выключна за ўласныя сродкі і ў свой вольны час. Раней паляўнічым, якія здабывалі ваўка, выплачвалі матэрыяльнае ўзнагароджанне – зараз жа адзінае, чым мы можам іх заахвоціць, – выдаць па мінімальным кошце пуцёўку на здабычу нарміраваных відаў. Гэтага вельмі мала ў параўнанні з тымі затратамі, якія нясуць паляўнічыя для таго, каб перамагчы звера ў гэтай схватцы сілы, хітрасці, розуму.

Але, нягледзячы на ўсе меры, ваўкоў на нашай тэрыторыі менш не становіцца. Чаму – відавочна: у Літве існуе квота на здабычу шэрага драпежніка: за год ва ўсёй краіне іх дазваляецца здабыць каля 60 асобін. І асмялеўшыя «літоўскія» ваўкі ідуць да нас – для іх ні межы, ні адлегласці не існуюць: па дадзеных тэлеметрыі, воўк за суткі можа прайсці да 80 кіламетраў. Напэўна, таму асноўная доля здабычы ваўкоў на Гродзеншчыне прыпадае на прыгранічныя раёны – Астравецкі і Смаргонскі: ва ўсёй вобласці здабываецца каля паўсотні асобін гэтага драпежніка, і прыкладна 40 з іх – трафеі смаргонскіх і астравецкіх паляўнічых. Нашы тэрыторыі пастаянна «падпіт­ваюцца» еўрасаю­заўскім ваўком.

Што ж тычыцца шэрага, які па­лохаў жыхароў навакольных вёсак і знайшоў сваю смерць на вуліцы Яўсеева, то гэта, мяркуючы па ўсім, старая асобіна, якую выгнала зграя і якая вяла адзінокае жыццё. Перакананы, што людзям баяцца ўжо няма чаго.

Запісала Ніна РЫБІК.



Текст: Нина Рыбик