Старшынёўскія будні Віктара Карповіча

15:18 / 15.05.2018
Месячнік навядзення парадку на зямлі, якім быў аб'яўлены красавік, завяршыўся. Якімі справамі жылі ў гэтым месяцы новавыбраныя кіраўнікі сельсаветаў і што паспелі зрабіць? Аб гэтым мы пацікавіліся  ў самага «маладога» старшыні – Віктара Станіслававіча Карповіча, які ўзначаліў Гудагайскі сельсавет 16 сакавіка бягучага года.

IMG_4996.jpg


Першае, што кінулася ў вочы пры ўездзе ў Палушы,  – дзіцячая пляцоўка. Бачна, што ўстанавілі яе зусім нядаўна –  на ёй яшчэ вісеў лісток з просьбай не катацца, пакуль не застыне бетон.

IMG_5001.jpg

– Маёй заслугі ў тым, што тут з’явілася гэтая  пляцоўка,  няма, –  адмахваецца Віктар Ста­ніслававіч. –  Набылі яе раней, але з-за неспрыяльнага надвор’я ўстанавілі толькі цяпер.

IMG_4999.jpg

Канешне, цудоўна, што ў маленькіх палушанцаў, гэтак жа,  як у Астраўцы і ў іншых аграгарадках раёна,   цяпер ёсць месца для баўлення часу. А што рабіць старэйшым дзецям і падлеткам? 

Вядома, што раней  насупраць сельсавета былі пляцоўкі для гульні ў валейбол і футбол, а  некалькі гадоў назад на іх месцы засеялі газон і пасадзілі дэка­ра­тыўныя дрэўцы. Безумоўна, стала прыгожа,  але цяпер дзецям  збірацца няма дзе...

Віктар Станіслававіч, быццам пачуўшы мае думкі, дзеліцца планамі:
– Хацелася б побач разбіць валейбольную  і баскетбольную пляцоўкі. Калі аб’язджаў вёскі і аб’екты сельсавета,  звярнуў увагу, што каля будынка былой школы ў Лошы  стаяць слупы з баскетбольнымі кольцамі – думаю перавезці і ўстанавіць іх тут. 

– Увогуле добраўпарадкаван­не вёсак сельсавета я вырашыў пачаць з Палушаў, –  працягвае Віктар Станіслававіч. – Шмат  гадоў быў у гэтым аграгарадку старастам, жыву тут  – ведаю ўсе праблемы. Але не забываюся і пра іншыя вёскі сельскага Савета: сустракаюся з людзьмі, размаўляю – агульную мову знаходзім. На жаль, ёсць і такія, хто не прывык сачыць за парадкам у сваіх дварах і каля іх. На такіх давядзецца ўздзейнічаць іншымі метадамі. Для пачатку – словам, а калі не дапаможа – то і рублём.

Планаў у новага старшыні шмат. Але і праблем – не менш.
–  Асноўная – дарогі. Не пра­ходзіць дня, каб хтосьці не патэлефанаваў і не папрасіў дапамагчы з грэйдзіраваннем ці рамонтам дарогі. За дапамогай у такіх  выпадках звяртаюся ў  КСУП «Гудагай» ці ДРБУ №159, – гаворыць старшыня сельсавета.
Нашу размову перарывае тэлефонны званок. Пенсіянерка з Гудагая просіць дапамагчы з бульбай. Віктар Станіслававіч абяцае што-небудзь прыдумаць. І абавязкова прыдумае – жаданне працаваць і дапамагаць лю­дзям у старшыні ёсць.

–  Пры назначэнні на пасаду ведаў, што праблем шмат, але не думаў, што столькі. У Год малой радзімы хочацца зрабіць родную старонку прыгожай і чыстай. Цяпер закрываем міні-палігоны ў Альгінянах і Смілгах. Хочаце глянуць, што там робіцца? – задае пытанне старшыня.

 Мы адпраўляемся ў Смілгі. Тут працуе трактарыст з прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Мужчына спыняе работу, падыходзіць да нас.
–  За два дні  каб управіцца.  Хоць напачатку вясны добра­ўпарадкаваў гэты палігон, –  гаворыць трактарыст. – Пагля­дзіце, што за месяц тут нарабілі!
Звалка разраслася і выйшла за адведзеную для яе тэрыторыю –  не ўсе лічаць патрэбным выкідваць смецце ў вызначанае месца: адзін выгрузіў там,  дзе зручней, побач пакінуў свой «след» другі –  і пайшло-паехала.

IMG_5024.jpg

IMG_5017.jpg

– Гэтыя міні-палігоны літа­ральна за тыдзень-другі будуць закрыты. Цяпер уласнікам дамоў  неабходна заключыць дагаворы з жыллёва-камунальнай гаспадаркай на вываз смецця, –  гаворыць старшыня Гудагайскага сельсавета. – Для гэтага трэба патэлефанаваць у РУП ЖКГ Уладзіміру Аляксандравічу Мядзведзеву (8-029-962-91-51) або ў дыспетчарскую (21-6-90).

Па дарозе спыняемся каля могілак  у  Смілгах. Магілкі прыбраныя, стаяць кветкі, чысценька – парадавалася я. Але крыху збочыла – і застыла ў здзіўленні:  за агароджай – чарговая смеццезвалка, на якой  не толькі  вянкі,  кветкі, свечкі, але і іншае бытавое смецце. Відаць, некаторыя гаспадары не лічаць патрэбным праехаць некалькі соцень  метраў да звалкі, а выкідваюць смецце побач з могілкамі –  маўляў, каму трэба – прыбярэ! 

IMG_5032.jpg

Гэтым якраз і займалася брыгада ў складзе работнікаў сельгаспрадпрыемства і «біржавікоў» – прыбіралі за такімі, хто лічыць, што яго хата з краю.
Да Астраўца ехала  ў маўчанні. Быў час падумаць, чаму людзі не шануюць чужую працу,  не берагуць прыроду і навакольнае асяроддзе. 
Толькі адказу на гэтае пытанне так і не знайшлося...


Текст:
Фото: Елена Ярошевич