14 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень донара крыві

08:59 / 14.06.2018

Здай кроў – падары жыццё!

Для донараў, якія чатыры разы ў год прыходзяць у аддзяленне пералівання крыві Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы, гэтыя словы з’яўляюцца лейтматывам жыцця.

IMG_1313.jpg

Адзін з такіх – астраўчанін Ілля Міхайлавіч Лазко.  У мінулую сераду ён у саракавы раз аддаў  сваю кроў – і заслужыў права на атрыманне нагруднага  знака «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь».

–  Упершыню вырашыў здаць кроў гадоў дзесяць назад, – усмі­хаецца Ілля Міхайлавіч. – З таго часу прыходжу сюды, як на працу. Калі адчуваю сябе добра, то чаму б і не падарыць частку сваёй крыві тым, каму яна патрэбна?!

IMG_1312.jpg

Сёння ў аддзяленні пераліван­ня крыві Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы на ўліку стаяць 114 актыўных донараў – тых, хто рэгулярна здае кроў.

– Насельніцтва раёна павя­лічваецца – і ў нас з’яўляюц­ца новыя донары, – расказвае ўрач-трансфузіёлаг Андрэй Тадэ­вушавіч Субаткевіч. – Як правіла, гэта людзі, якія прыязджаюць  на работу на будаўнічую пляцоўку Беларускай АЭС. І мы гатовы іх прыняць.

– Далучыцца да кагорты не­абыякавых людзей можа любы жадаючы, –  працягвае старшая медсястра Марына Аляк­сандраўна Сянюць. – Для гэтага трэба здаць аналізы і прайсці медыцынскі агляд. Калі ніякіх супрацьпаказанняў няма, можна станавіцца донарам.

IMG_1318.jpg


Менавіта так зрабіла ваеннаслужачая вайсковай часці 2044 Аляксандра Сініцкая. Першая спроба здачы крыві ў дзяўчыны была  ў 2015 годзе. А потым  Саша зацяжарыла, нарадзіла  дзіця, доўгі час  карміла грудзьмі – а ўсё гэта  не дазваляе здаваць кроў. І як толькі арганізм жанчыны аднавіўся, яна зноў прыйшла ў аддзяленне.
…Старшая медсястра афармляе неабходныя дакументы, донар выпівае кубак салодкага чаю – і можна адпраўляцца на працэдуру.

IMG_1322.jpg

Літаральна пяць-дзесяць хвілін  –  і 475 мілілітраў крыві сабрана ў спецыяльны пакет. Пасля прахаджэння неабходных працэдур гэтая кроў падарыць камусьці жыццё.
– З  кожным годам людзей, якія нераўнадушна ставяцца  да донарства і гатовы сваю кроў падарыць людзям,  становіцца ўсё больш. У апошні час актыўна  вядзецца прапаганда бязвыплатнага донарства. У гэтым працэсе ўдзельнічаюць і астравецкія донары – раз у год яны здаюць сваю кроў бясплатна. Плануецца, што да 2020 года  ў нашай краіне кроў і яе кампаненты будуць прымацца на бязвыплатнай аснове.  Людзі гатовы да гэтага і іх становіцца ўсё больш і больш, –  гаворыць  Андрэй Тадэвушавіч Субаткевіч.

А напярэдадні свята да 202  Ганаровых донараў Астравеччыны дадалося яшчэ два. Нагрудныя знакі, кветкі і падарункі  атрымалі Алена Уладзіміраўна Анімуцкая і Алена Іванаўна Каранкевіч.

IMG_1333.jpg

– Здаваць кроў пачала яшчэ калі вучылася ў Маладзечнен­скім радыётэхнічным вучылішчы, –  успамінае ганаровы донар Алена Уладзіміраўна Анімуцкая. – Тады за гэта можна было атрымаць дадатковы выхадны дзень. Цяпер кіруюся іншым матывам: здаю кроў, каб дапамагчы людзям.

IMG_1328.jpg


Яны дораць часцінку сябе і свайго здароўя тым людзям, якім гэта  патрэбна. А вы змаглі б? Падумайце пра іншых, здайце кроў – і падарыце жыццё! 

Калі такое жаданне з’явіцца,  вас чакаюць на першым паверсе раённай паліклінікі. Кантактны нумар тэлефона 22-5-37.



Даведка

У мінулым годзе ў аддзяленні пералівання крыві было нарыхтавана больш за 283 літры крыві, пасля перапрацоўкі з яе было атрымана 174 літры плазмы, 81 літр эрытрацытнай масы.

Больш за 84 літры плазмы было адпраўлена на перапрацоўку ў Слонім на станцыю пералівання крыві.
Текст:
Фото: Елена Ярошевич