Юные футболисты района вышли в финал областного первенства

13:00 / 24.07.2013
Чарговыя футбольныя жарсці разыгарэліся нядаўна на гарадскім стадыёне Астраўца. Тут праходзілі абласныя занальныя спаборніцтвы па міні-футболе “Скураны мяч” сярод удзельнікаў 1999-2000 гадоў нараджэння.

За права выйсці ў фінал спаборніцтва сабраліся пазмагацца чатыры каманды: Ашмян, Смаргоні, Воранава і Астраўца.
У склад астравецкай зборнай увайшлі юныя футбалісты з розных населеных пунктаў раёна: Спондаў, Міхалішак, Варнян, Трокенікаў і іншых. Асноўную частку ігракоў трэніруе Казімір Леанардавіч Бабіч.
Першымі на поле выйшлі каманды Астраўца і Воранава. Як пасля высветлілася, гэта быў найбольш складаны матч для нашых рабят, які яны выйгралі з лікам 3:1. Затым смаргонцы «расправіліся» з ашмянцамі 2:0. У чарговай гульні ўжо астраўчане з лёгкасцю выйгралі ў ашмянцаў 5:1. Футбалісты Воранава вырвалі перамогу ў каманды са Смаргоні.
А нашы рабяты разграмілі смаргонцаў “усухую” 5:0. У апошнім матчы каманда Воранава таксама з яўнай перавагай выйграла ў зборнай Ашмян 3:0.
Такім чынам, юныя футбалісты Астравеччыны сталі пераможцамі, на другім месцы – каманда Воранава, на трэцім – Смаргоні, чацвёртае заняла каманда Ашмян.
Разам з бясспрэчным першым месцам нашы рабяты таксама выйгралі і права гуляць у фінале абласных спаборніцтваў “Скураны мяч”, які адбудзецца ў канцы ліпеня ў Шчучыне. Нагадаем, што ў мінулым годзе выхаванцы К.Л. Бабіча ў вобласці занялі другое месца. Спадзяёмся, што сёлета майстэрства і ўдача таксама будуць на іх баку.


________________________


Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота Аляксандра ЮШЧУКА.