Наш легкоатлет занял четвертое место в мире

18:00 / 23.07.2013
Чацвёртае месца на першынстве свету па лёгкай атлетыцы, якое праходзіла 10-12 ліпеня ў Данецку сярод юнакоў і дзяўчат 1996-97 гадоў нараджэння, заняў наш зямляк, выхаванец Ігара Гануліча, Максім Андралойць.

Пра  дасягненні  і  перамогі  юнака наша газета паведамляла неаднойчы. Дзякуючы ім ён увайшоў у склад зборнай каманды Рэспублікі Беларусь.
На  першынстве  свету  Максім выступаў у мнагабор’і. Акрамя яго, за права стаць самым спрытным і дужым у гэтым відзе спорту змагаліся яшчэ 29 спартсменаў. Аднак юнака гэта  не  спалохала,  бо  ён  імкнуўся да галоўнага – прабегчы, скокнуць і кінуць як мага хутчэй, вышэй і далей.
І  гэта  атрымалася  ў  астраўчаніна вельмі  добра.  Так,  стометроўку  ён прабег за 11,44 секунды, у скачках у даўжыню з разбегу паказаў вынік 7 метраў 7 сантыметраў. Штурхнуў ядро Максім на адлегласць 14 метраў 92 сантыметры, а 400 метраў прабег за 50,66 секунды. Бег на 110 метраў з бар’ерамі юнак пераадолеў за 14,39 секунды, а кап’ё кінуў на 49 метраў 20 сантыметраў. У скачках у вышыню ён паказаў вынік 196 сантыметраў, а 1000 метраў хлопец прабег за 2 хвіліны 54 секунды.
У  выніку  Максім  палепшыў  свае мінулыя паказчыкі на 230 ачкоў. І хоць да прызёра крыху не дацягнуў, быць чацвёртым  у  свеце  –  гэта  цудоўны вынік.  І  дастойная  падрыхтоўка  і праверка  сваіх  магчымасцей  перад  летнімі  юнацкімі  алімпійскімі гульнямі, якія адбудуцца ў наступным годзе ў Кітаі.


____________________


Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота з сайта gorodperm.ru.