Островецкие боксёры стали бронзовыми и серебряными призёрами

11:00 / 21.05.2013
Бронзавыя і сярэбраны медалі прынеслі астравецкім баксёрам красавіцкія спаборніцтвы па боксе.

З 15 па 20 красавіка ў Бабруйску праходзіла першынство Беларусі па боксе сярод юніёраў 1997-98 гадоў нараджэння. На жаль, на ўдзел у ім нашых юных спартсменаў паўплываў не¬прадказальны і непераможны сапернік – хвароба. Многія рабяты захварэлі і не змаглі паказаць на рынгу свае магчымасці. Такім чынам, за зборную каманду Гродзенскай вобласці паехалі выступаць толькі двое астравецкіх баксёраў.
Кандыдат ў майстры спорту па боксе Арцём Рагавенка ўпэўнена выйграў два баі. У трэцім сапернікам астраўчаніна на рынгу стаў удзельнік першынства Еўропы. Аднак Арцёма гэта не спалохала, і падчас паядынку яго рука была цвёрдай, а ўдары – упэўненымі і дакладнымі. Бой быў роўным, але па ачках суддзі аддалі перамогу саперніку і не пакінулі шансаў астраўчаніну пазмагацца за права трапіць на першынства Еўропы. Арцём стаў бронзавым прызёрам.
Дзіму Юцкевічу пашанцавала яшчэ менш. Таксама ў абсалютна роўным баі перамогу прысудзілі яго саперніку.
Праз некалькі дзён, 22-26 красавіка, у Маладзечна праходзіла першынство Беларусі па боксе сярод удзельнікаў 1995-96 гадоў нараджэння. На жаль, тут удача і судзейства таксама былі не на баку астравецкіх баксёраў. Кандыдат у майстры спорту Дзіма Лабэцкі выйграў два баі, а ў трэцім лёс звёў з бронзавым прызёрам першынства Еўропы. Як пракаменціраваў гэты бой трэнер па боксе Аляксей Зянонавіч Маргуж, Дзіма паядынак не прайграў. І гэта бачылі іншыя. Тым не менш пры рознагалоссі суддзяў, перамогу аддалі саперніку. Дзіма – бронзавы прызёр.
А з 29 красавіка па 1 мая ў Гомелі праходзіў міжнародны майстарскі турнір, прысвечаны Дню Перамогі. Тут на рынгу выступаў наш зямляк Уладзімір Мацкела. Ён правёў чатыры баі. У першым паядынку Уладзімір адправіў у накаўт майстра спорту па боксе з Украіны. Затым выйграў у баксёраў з Мінска і Гомельскай вобласці. У фінале астраўчанін сустрэўся з сапернікам з Гомеля. І гэта быў не проста бой за першае месца: у абодвух на шалях было званне майстра спорту – пераможца выконваў гэты нарматыў. Паядынак быў напружаным. Але вынік зноў быў не на карысць нашага баксёра – суддзі аддалі перамогу земляку. Уладзімір Мацкела стаў сярэбраным прызёрам турніру.


----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.


Фота з сайта mykartinka.ru.