Островецкие хоккеисты - третьи в области

19:00 / 31.03.2013
У чарговы раз схіліўся пад клюшкамі астравецкіх хакеістаў “бронзавы” “Каласок”. З аднайменнай абласной спартакіяды астравецкая каманда вярнулася з трэцім месцам.

Па ўмовах спаборніцтва ў спартакіядзе адначасова ўдзельнічалі дзве ўзроставыя катэгорыі: дзесяць хвілін гулялі хакеісты 1996-97 гадоў нараджэння, астатнія пяць – малодшыя, 1998-2000 гадоў нараджэння.
Папярэдне ўсе каманды-ўдзельніцы былі падзелены на тры групы. Сапернікамі астраўчан сталі хакеісты са Шчучынскага і Гродзенскага раёнаў. У першай гульні на лядовай дуэлі паміж сабой скрыжавалі клюшкі каманды Астравецкага і Шчучынскага раёнаў. Ва ўпартай барацьбе нашы рабяты перамаглі з лікам 4:3. У другой сустрэчы астраўчане “ўсухую” разграмілі гродзенцаў 17:0.
Такім чынам, каманда Астравецкага раёна заняла першае месца ў групе і выйшла ў асноўны этап спаборніцтва. Туды ж таксама прайшлі каманды Дзятлаўскага і Лідскага раёнаў.
Спачатку нашы хакеісты выйшлі на лёд з сапернікамі з Дзятлава і праігралі ім 5:7. А матч з лідчанамі скончыўся ўнічыю – 5:5. У выніку каманда Астравецкага раёна заняла трэцяе месца ў абласной спартакіядзе.
Дарэчы, неабходна адзначыць, што нашы старэйшыя хакеісты выступалі бездакорна і бліскуча: амаль усе галы забілі менавіта яны. Малодшым і менш вопытным таварышам варта ў іх павучыцца майстэрству і прафесіяналізму. І тады, безумоўна, у скарбонку нашых хакеістаў упадзе яшчэ і “залаты” “Каласок”.


-----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.


Фота з сайта pvcbestn.coolpage.biz.