Межрайонный турнир по мини-футболу состоялся в Островецком районе

18:00 / 26.03.2013
Што ні кажыце, а жанчыны заўсёды натхнялі і штурхалі мужчын на розныя подзвігі. У гонар жанчын і для жанчын яны прыдумваюць і спяваюць песні, прысвячаюць паэмы і рамансы, часам пераступаюць праз сваё “я” і… нават гуляюць у футбол!
Па традыцыі, у Астравецкім раёне прайшоў міжраённы турнір сярод ветэранаў па міні-футболе, прысвечаны святу 8 Сакавіка.

На спаборніцтва, якое праходзіла ў Гервяцкім фізкультурна-аздараўленчым комплексе, акрамя каманды Астравецкага раёна, былі запрошаны футбалісты з Ашмянскага, Іўеўскага і Мядзельскага раёнаў. Аднак у апошні момант спартсмены з Іўя прыехаць не змаглі. “Фортку” вельмі ўдала прыкрылі ашмянцы, якія замест адной выставілі дзве каманды.
Турнір праходзіў сярод ветэранаў, і абавязковай умовай гульні было, каб узрост ігракоў быў не маладзей за 35 гадоў. І толькі адзін футбаліст дапускаўся з узроставым абмежаваннем не менш за 30 гадоў.
Гульні праходзілі па кругавой сістэме. Па парах каманды разбіла непрадказальная, але справядлівая жараб’ёўка.
І ўжо ў першым матчы паміж камандамі Ашмяны-2 і Мядзель гульня атрымалася напружанай і насычанай вострымі момантамі. Мячы па чарзе траплялі то ў адны, то ў другія вароты. І амаль да апошняй хвіліны было незразумела, хто акажацца мацнейшым. У выніку ва ўпартай барацьбе ашмянцы ўсё ж такі вырвалі перамогу з лікам 5:4.
У другой сустрэчы каманда Астравеччыны прайграла сапернікам Ашмяны-1 з лікам 1:4. Дарэчы, за гэтую ашмянскую каманду гуляў і старшыня Ашмянскага райвыканкама Юрый Уладзіміравіч Адамчык.
Матч паміж камандамі Ашмяны-1 і Ашмяны-2 скончыўся на карысць апошніх 4:2. Затым футбалісты з Мядзеля літаральна разграмілі астраўчан, у якіх у гэты дзень гульня яўна “не клеілася” – лік 9:1. Ашмяны-2 таксама выйгралі ў Астраўца – 4:1.
У гульні за другое і трэцяе месцы на полі сустрэліся каманды Ашмяны-1 і Мядзель. Спачатку перавага была на баку мядзельцаў, і на перапынак яны пайшлі з лікам 2:1. Аднак гульня на тое і гульня, што бывае часам пераменлівай і непрадказальнай. У выніку матч скончыўся з лікам 3:2 на карысць ашмянцаў.
Такім чынам, пераможцам турніру стала каманда Ашмяны-2, на другім месцы – іх таварышы з Ашмян-1. Трэцяе месца заняла зборная Мядзельскага раёна. На чацвёртым – каманда Астравеччыны. Пераможцу і прызёрам былі ўручаны спецыяльныя памятныя сувенірныя вырабы.
Таксама былі названыя: лепшы варатар – ім адназначна быў прызнаны Віталій Гудойціс з астравецкай каманды, лепшым іграком стаў Алік Зарэцкі з каманды Ашмяны-2, а лепшым бамбардзірам – Уладзімір Рагель з Мядзеля. Ім таксама былі ўручаны памятныя сувеніры.
Арганізатары гэтага спаборніцтва выказваюць шчырую падзяку раённаму аддзелу фізкультуры, спорту і турызму, а таксама дырэктару ДУ “Астравецкае ПМС” В.С. Вянгроўскаму за матэрыяльную і маральную дапамогу ў правядзенні турніру.


----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.