Юные островецкие боксёры будут защищать честь Гродненщины на республике

18:00 / 18.03.2013
Астравецкія юныя баксёры разам са сваім трэнерам працягваюць падарожнічаць па розных гарадах, удзельнічаюць у спаборніцтвах і заваёўваюць усё новыя медалі.

У пачатку сакавіка астраўчане ўдзельнічалі ў абласным чэмпіянаце па боксе, які праходзіў у Гродне.
Па-за конкурсам тут выступалі Мікіта Ромаш і Саша Грынчук, якія прыехалі “сябе паказаць” – прадэманстравалі добрыя паказальныя баі, а таксама “іншых паглядзець” і набрацца вопыту. Іх старэйшыя таварышы вярнуліся са спаборніцтва пераможцамі або сярэбранымі прызёрамі.
Кандыдат у майстры спорту Максім Дрэма і Дзіма Юцкевіч, які мае першы разрад па боксе, занялі на спаборніцтве другое месца. А кандыдаты ў майстры спорту Арцём Рагавенка, Марк Маргуж, Дзіма Лабэцкі і Уладзімір Мацкела сталі чэмпіёнамі ў сваіх вагавых катэгорыях.
Акрамя гэтага, па выніках абласнога чэмпіянату Арцём Рагавенка, Марк Маргуж, Дзіма Юцкевіч і Дзіма Лабэцкі ўвайшлі ў склад зборнай каманды Гродзенскай вобласці і будуць выступаць на першынстве рэспублікі ў сваіх узроставых і вагавых катэгорыях. А Максім Дрэма і Уладзімір Мацкела будуць абараняць гонар Гродзеншчыны падчас кубка Рэспублікі Беларусь па боксе. Пажадаем ім удачы.
У канцы лютага дзявятка юных астраўчан паехала пакараць рынг у Баранавічы на рэспубліканскі турнір, прысвечаны ветэранам баранавіцкага бокса.
Добрыя баі падчас спаборніцтва паказалі Саша Міхайлаў і Юра Дарашкевіч. Хоць яны не занялі прызавога месца, але прадэманстравалі добрую тэхніку і навыкі бою на рынгу. Думаецца, іх прозвішчы яшчэ неаднойчы прагучаць у ліку пераможцаў ці прызёраў іншых турніраў.
Саша Грынчук (вагавая катэгорыя да 38 кілаграмаў) заваяваў на турніры бронзавы медаль. Кандыдат у майстры спорту Арцём Рагавенка (вагавая катэгорыя да 48 кілаграмаў) на рынгу сустрэўся са знаёмым сапернікам з Баранавіч, з якім яны ўжо раней “высвятлялі адносіны”. Бой быў роўным, але перавагу суддзі аддалі мясцоваму баксёру. Арцём стаў сярэбраным прызёрам. Другое месца заняў на турніры і Арцём Каспяровіч (вагавая катэгорыя да 41,5 кілаграма). Юнак правёў тры баі, у двух з якіх атрымаў упэўненую перамогу.
Абсалютна ніякіх шансаў не пакінулі сапернікам Вадзім Мароз (вагавая катэгорыя да 68 кілаграмаў) Мікіта Ромаш (да 41,5 кілаграма) і Саша Філіповіч (да 48 кілаграмаў). Юнакі ўмела і прафесійна трымаліся на рынгу, дэманструючы не толькі імкненне да перамогі, але і прыгожыя прыёмы і тэхніку бою. У выніку яны сталі пераможцамі турніру.
А вось кандыдату ў майстры спорту Марку Маргужу ў першым жа баі выпала сустрэцца на рынгу з майстрам спорту , бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы, баксёрам з Мазыра, які на год старэйшы за Марка. Паядынак паміж імі быў цікавы і відовішчны. Бой быў роўным. Нельга сказаць, што наш Марк яго прайграў – але ён яго і не выйграў. У выніку перамогу ў паядынку аддалі саперніку, але астраўчанін атрымаў дадатковы вопыт, які, безумоўна, дапаможа ў далейшым.


-----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.


Фота з сайта wrestlingua.com.