Островецкие спортсмены на областной спартакиаде

09:10 / 13.11.2012
1

Два кубкі за другое месца, два – за трэцяе і агульнакаманднае трэцяе месца прывезлі астравецкія спартсмены з абласной спартакіяды сярод сельскіх жыхароў.


Але спачатку былі занальныя спаборніцтвы, якія праходзілі ў Ашмянах за тыдзень да спартакіяды. Тут астраўчане амаль што выканалі “праграму максімум” і з чатырох магчымых заваявалі тры пуцёўкі на абласныя спаборніцтвы. Першыя месцы занялі жанчыны-валейбалісткі, мужчыны па міні-футболе і гервяцкія стрытбалісты. “Падкачалі” толькі мужчыны-валейбалісты, якія занялі трэцяе месца з чатырох каманд. Такім чынам, такое бліскучае выступленне стала добрым фундаментам і для далейшых спаборніцтваў, дзе да пералічаных відаў спорту дадаліся яшчэ тры: настольны тэніс, гіравы спорт і лёгкая атлетыка.
Жаночая каманда астравецкіх валейбалістак даўно зарэкамендавала сябе, як моцныя і дастойныя сапернікі. Ірына Багушэвіч, Ганна Міжыгурская, Ірына Отчык, Ірэна Апалінская, Гелена Варановіч і Ганна Восарава не першы год гуляюць разам і за гэты час неаднойчы займалі прызавыя месцы на розных спаборніцтвах. На гэты раз сапернікамі нашых дзяўчат сталі валейбалісткі з Ваўкавыска, Дзятлава і Мастоў. З дзвюма апошнімі камандамі астраўчанкі “разабраліся” хутка і без асаблівых праблем. А вось з дзяўчатамі з Ваўкавыска ішла ўпартая, напружаная і складаная барацьба за чэмпіёнства. Спачатку нашы саступалі 1:9, затым паступова зраўнялі лік і пачалі выйграваць 12:11. Але ўдача і поспех былі ўсё ж на баку саперніц, якія і сталі чэмпіёнкамі. У астравецкай каманды – кубак, граматы і медалі за другое месца.
Каманда лёгкаатлетаў, якая складалася з трох мужчын і дзвюх жанчын, таксама дастойна прадэманстравала свае здольнасці. Бліскуча тут выступілі нашы дзяўчаты. Лёгкаатлеты спаборнічалі ў бегу на 100 метраў, скачках у даўжыню з месца і бегу на дыстанцыю 800 метраў (мужчыны) і 400 метраў (жанчыны). Майстар спорту з Варнян Алеся Блашкевіч выйграла ва ўсіх гэтых відах лёгкаатлетычнага трохбор’я і стала чэмпіёнкай ва ўзроставай катэгорыі да 35 гадоў. Настаўніца фізкультуры з Трокеніцкай БШ Яніна Філіповіч, якая выступала сярод старэйшых за 35 гадоў, выйграла спаборніцтвы з яўнай перавагай і таксама стала чэмпіёнкай. Малайцы, дзяўчаты!
Мужчыны-лёгкаатлеты выступілі не так паспяхова. Артур Грачанік з ФСК стаў пятым. Мікалай Трафімчык з Міхалішак заняў шостае месца, а Аляксей Малашанкаў (Кямелішкі) – адзінаццатае. На жаль, сёлета не было сярод іх нашага неаднаразовага чэмпіёна з Вароны Руслана Пляўгі. У выніку астравецкая каманда лёгкаатлетаў заняла другое агульнакаманднае месца.
Гервяцкіх стрытбалістаў жараб’ёўка звяла з вельмі моцнымі сапернікамі – гродзенская каманда чатыры апошнія гады з’яўляецца чэмпіёнам рэспублікі. Аднак і нашы спартсмены не лапцем боршч сёрбаюць. Таму напал эмоцый і хваляванняў падчас гульні быў нежартоўны. Спачатку прамахваліся і адны, і другія – нібы фартуна ніяк не магла вырашыць, на чый бок перайсці. Аднак праз некаторы час вопыт гродзенцаў перамог – і матч скончыўся іх перамогай. Наступная гульня была не менш упартай. На гэты раз гервятцы гулялі з сапернікамі са Слоніма. Стрытбалісты абедзвюх каманд змагаліся да апошняй секунды. На жаль, лепш гэта атрымалася ў сланімчан. Затое ў матчы за трэцяе месца наша каманда лёгка разабралася з сапернікамі з Бераставіцкага раёна. Гервятцы – бронзавыя прызёры.
Астравецкія міні-футбалісты выйграўшы дзве сустрэчы і адну – прайграўшы, разам з камандамі Ваўкавыска і Ліды набралі аднолькавую колькасць ачкоў. Таму пераможца вызначаўся па розніцы забітых і прапушчаных мячоў. Першае месца заняла каманда Ваўкавыска, на другім – футбалісты з Ліды і на трэцім – зборная Астравеччыны.
Парадавалі і астравецкія тэнісісты. Алена Лузінава з Падольскай СШ заняла чацвёртае месца, а Юрый Пацэвіч – восьмае. У выніку нашы тэнісісты занялі шостае агульнакаманднае месца ў вобласці. І гэта – несумненны поспех.
Гіравікі, якія выступалі ў эксперыментальным складзе, таксама выглядалі дастойна і занялі агульнакаманднае восьмае месца з сямнаццаці. А Андрэй Бумбуль з гімназіі падняў 24-кілаграмовую гіру 105 разоў – трэцяе месца ў сваёй вагавой катэгорыі.
Такім чынам, на абласной спартакіядзе сярод сельскіх жыхароў каманда Астравецкага раёна заняла агульнакаманднае трэцяе месца, саступіўшы толькі Слоніму і Ваўкавыску – гарадам, магчымасці якіх непараўнальныя з Астраўцом. І гэта, несумненна, – поспех! Віншуем нашых землякоў з такім вынікам! Хочацца падзякаваць усім удзельнікам нашай зборнай за іх адданасць спорту. Спадзяёмся, і далей мы будзем супрацоўнічаць і заваёўваць медалі.
Акрамя гэтага, тры нашы спартсменкі – Алеся Блашкевіч, Яніна Філіповіч і Ірына Багушэвіч – былі ўключаны ў склад зборнай Гродзенскай вобласці для ўдзелу ў рэспубліканскай спартакіядзе, якая адбудзецца ў лістападзе. Пажадаем ім удачы!


-------------------------
Леанід ДАЎЛЯШ,
дырэктар Астравецкага фізкультурна-спартыўнага клуба.