Слабый пол и боевые единоборства. За и против

18:47 / 11.11.2012
23

…У маўклівай адзіноце з невялікай сумкай у руцэ яна ішла адна па пустыннай вуліцы пасля работы. На шостым месяцы цяжарнасці  жанчына крочыла праз цёмны парк. Раптам, з ніадкуль, перад ёй з’явіліся дзве постаці, ад якіх рэзка патыхала алкаголем. На імгненне апанаваў страх – за сябе, за сына, якога насіла пад сэрцам…
Страшна ўявіць, што было б са звычайнай цяжарнай жанчынай у такой сітуацыі – добра, калі толькі адабраная сумка і спалох. Але гэтая жанчына на добрым узроўні валодала дзюдо, і змагла абараніць сябе і сваё дзіця. Таму ён, ужо дваццацігадовы юнак, зараз можа дзякаваць “дзюдаістцы”-маці за сваё жыццё.


…Таэквандо, кікбоксінг, бокс, джыу-джыцу, каратэ і мноства іншых баявых адзінаборстваў складваліся на працягу стагоддзяў і ў працэсе ўдасканальвання набывалі новыя тэхнікі, новыя элементы філасофіі.
Паўстае пытанне: а ці патрэбна гэта прадстаўніцам прыгожай і, як лічыцца, слабай паловы чалавецтва: дзяўчынкам, маладым дзяўчатам, сталым жанчынам?
Хтосьці (як паказвае практыка, у большасці мужчыны) будзе ўпёрта і настойліва-стэрыатыпна даказваць, што месца жанчыны – на кухні. На стане – фартушок, на плячы – ручнік, а ў руках апалонік… Іншыя ж прытрымліваюцца больш ліберальнага пункта гледжання, лічаць, што жанчына нічым не горшая за мужчыну і сама ў стане абараніць сябе.
У адной з сацыяльных сетак існуе цікавая суполка “Лепшыя байцоўствы свету”, што аб’ядноўвае  больш трыццаці трох тысяч аматараў баявых адзінаборстваў. Тут ідуць масавыя абмеркаванні самых розных тэм, выказваюцца смелыя думкі, даюцца парады вопытных членаў суполкі, якія тычацца баявой справы. Адна з такіх тэм: “Ці варта займацца адзінаборствамі дзяўчатам?” Па выніках галасавання ад агульнай колькасці ( а гэта 296 чалавек) 74% выказалася “так”,  26 %   – “не”. Розніца істотная, як бачым.
У тэмах суполкі прыводзіліся выказванні вялікіх – накшталт слоў Льва Талстога: “Женщина, старающаяся походить на мужчину, также уродлива, как женоподобный мужчина”. Былі і такія цытаты: “Женщина должна быть тургеневской, полуобморочной. Увидела мышь – хлоп! Обморок. А мордобой – это наше, чисто мужское дело”. Але ж важна размяжоўваць і не блытаць мардабой з баявымі адзінаборствамі!
Адзін з самых актыўных удзельнікаў суполкі Раман Гаспарэвіч выказваецца: “…Рынг – поле бітвы. А поле бітвы – не для дзяўчат. Гэта гаворыць і прырода, і разумны сэнс… Вайна і бой – мужчынская справа. Проста зараз ужо так павялося, што фемінізм – гэта модна. Жанчыне хочацца ўлезці туды, куды не трэба”.
На гэтыя выпады супраць заняткаў дзяўчатамі баявымі адзінаборствамі Таццяна Дадонава адказвае, што дзяўчына можа займацца тым, чым жадае. Як і любы чалавек, незалежна ад палавой прыналежнасці. А ўсё астатняе – справа густу.
Яе словы падтрымаў і Руслан Краніа: “Пра што вы спрачаецеся??? Дзяўчаты – гэта ўпрыгожванне адзінаборстваў! Вы паглядзіце на жаночыя паказальныя выступленні па ушу! Якая грацыя і вытанчанасць! А як скачуць таэквандысткі, капуэрысткі! Вока цешыцца. І няма тут ні грубасці, ні мужападобнасці”.
Аляксей Пятровіч Сівірчукоў, майстар спорту па пяці відах адзінаборстваў, першы намеснік Беларускай Федэрацыі самба, трэнер вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі па самба і дзюдо, выкладае жаночую самаабарону:
“Незалежна ад узросту ніколі нельга спыняцца ў сваім развіцці. На мой погляд, веданне навыкаў адзінаборства патрэбна кожнай жанчыне. Яны дазваляюць правільна ацаніць сітуацыю, хутка прымаць рашэнні. Для прадстаўніц жаночага полу вельмі важна выбіраць байцоўства, накіраванае не толькі на карэкціроўку фігуры, але і на падрыхтоўку цела, на яго аздараўленне. Хаця, канешне, усё гэта даволі траўматычна. Затое, апынуўшыся ў экстрэмальнай сітуацыі, валоданне баявым адзінаборствам  дазваляе дзяўчыне адчуць сябе ўсвядомлена, сітуацыя для яе перастае быць крытычнай. Такім чынам, гэта станоўча ўплывае і на псіхалагічны стан.
У выніку заняткаў байцоўствамі значна паляпшаецца фізічная падрыхтоўка. Але галоўнае – змяншаецца страх перад рэальнай сутычкай, павялічваецца самаацэнка і ўпэўненнасць ва ўласных сілах”.
Такім чынам, можна ўбачыць, што думак і доказаў розных кропак гледжання шмат. Як кажуць, колькі людзей, столькі і меркаванняў. Якія з іх правільныя, а якія – памылковыя, вызначыць нялёгка. Баявыя адзінаборствы – справа складаная, але разам з тым  цікавая, карысная. Таму, можа,  не варта адразу асуджаць дзяўчат, якія займаюцца “мужчынскай справай”? Напэўна, проста важна выбраць правільна тое, што падыходзіць. У рэшце рэшт, усё залежыць ад інтарэсаў, характару кожнага з нас. Таму хутчэй за ўсё пры выбары занятку добра было б кіравацца цудоўнымі словамі Юрыя Левітанскага: “Кожны выбірае па сабе…”


-------------------
Эмілія КОМАР.



Ад рэдакцыі:

цікава, а як нашы чытачы адносяцца да даволі спрэчнай тэмы: заняткі жанчын традыцыйна мужчынскімі відамі спорту – футболам, боксам, баявымі адзінаборствамі? Чакаем вашых водгукаў і меркаванняў і запрашаем да дыскусіі.