Неделя postfactum: современный футбол на устаревшем стадионе

16:30 / 30.10.2012

У мінулы аўторак карэспандэнт “АП” пабываў на адным з апошніх матчаў, праведзеных на сталічным стадыёне “Дынама” перад яго закрыццём на рэканструкцыю, задумаўся над будучыняй галоўнай спартыўнай арэны краіны і паспачуваў заўзятым футбольным балельшчыкам.


У цяперашнім выглядзе “Дынама” дажывае свае апошнія дні. Калі нічога не зменіцца, то ўжо пасля 2 снежня, калі ў Мінску адбудзецца апошні матч БАТЭ ў сёлетнім розыгрышы Лігі чэмпіёнаў УЕФА, стадыён будзе закрыты на грунтоўную рэканструкцыю.
І газон, і трыбуны больш не паўстануць перад гледачамі ў тым выглядзе, які маюць сёння.
Даўно пара. Галоўная спартыўная арэна краіны выглядае гэткім рэліктавым утварэннем савецкай эпохі ў цэнтры сучаснай еўрапейскай сталіцы.
Не дзіўна. За выключэннем трыбун, на якіх драўляныя лаўкі былі заменены пластыкавымі сядзеннямі, стадыён, па сутнасці, застаўся ў тым выглядзе, які набыў падчас папярэдняй рэканструкцыі, прымеркаванай да маскоўскай алімпіяды 1980 года, падчас якой матчы групавой часткі футбольнага турніру праводзіліся ў тым ліку і ў Мінску.
Стадыён набыў сучасны – вядома, па тым часе – выгляд. Адну з цэнтральных трыбун упрыгожыў алімпійскі факел. За кошт казырка колькасць месцаў на трыбунах была павялічана да 50-ці тысяч. З’явілася ложа прэсы.
Гады, што прайшлі, не пакінулі ад былой сучаснасці каменя на камені. Па сутнасці ўсё, што сёння можна ўбачыць на “Дынама” – ад інфармацыйнага табло да мачтаў асвятлення і шапікаў прадпрымальнікаў ля трыбун (“прывітанне” з 90-х – стадыён да гэтага часу застаецца яшчэ і рынкам) – з’яўляецца ўвасабленнем відавочнай неадпаведнасці часу.
Зрэшты, у тым, што праз некалькі гадоў “Дынама” зноў набудзе сучаснае прывабнае аблічча, можна не сумнявацца.
Форма зменіцца, а змест? Ён, па праўдзе кажучы, таксама жадае быць шмат лепшым.
Першыя – назавём іх так – нязручнасці чакаюць наведвальнікаў стадыёна яшчэ на ўваходзе.
Зразумела, што бяспека ў сучасным свеце стаіць перад усім, і мы пакрысе пачынаем прывыкаць, што ў самых нечаканых месцах нас могуць падвергнуць дадгляду. Але ўсяму павінны быць разумныя межы.
Адна справа, калі на стадыён намагаюцца пранесці пляшку гарэлкі – і зусім іншая, калі бутэльку мінеральнай вады.
Зразумела, калі ў месца масавага мерапрыемства не пускаюць людзей нецвярозых – але ці абавязкова дзеля гэтага абнюхваць і падазронна зазіраць у вочы кожнаму, хто мае намер туды прайсці?
І ўжо ні ў якія вароты не лезуць прэтэнзіі да… яблыка! Сам стаў сведкай, калі ахоўнік правапарадку ці не пяць хвілін высвятляў у балельшчыка, для чаго яму на трыбуне яблык?
Дарэчы, адным даглядам на ўваходзе справа не абмяжоўваецца. Перад трыбунай балельшчыкаў чакае яшчэ адзін – і не менш грунтоўны! – “блок-пост”.
А тым, хто ў перапынку вырашыць спусціцца з трыбуны за піражком ці шклянкай вады, прыйдзецца вытрымаць праверку яшчэ раз!
Праўда, набыць той піражок не так і проста. Да нешматлікіх замызганых шапікаў з сумніўнага выгляду гарачым фастфудам, які прадаецца па цане рэстаранных закусак, чарга выстройваецца ледзь не ў сотню метраў.
Пра такую “дробязь”, як праграмка матча са складам каманд, судзейскай брыгады, кароткімі звесткамі аб клубах, можна і не гаварыць. І гэта на матчы Лігі чэмпіёнаў!
Сувенірная прадукцыя абмежавалася продажам шалікаў з сімволікай БАТЭ па цане звыш 100 тысяч рублёў. Зразумела, што ажыятажнага попыту на іх не назіралася, і прадаўцы без работы сумна курчыліся ад холаду. Сувеніраў жа сярэдняга і нізкага цэнавага сегмента – вымпелаў, флажкоў, брэлкоў – не было і блізка.
Усё, разам узятае, зрабіла наведванне галоўнага стадыёна краіны няхай і не экстрэмальным, але не зусім святочным. Затое стала зразумелай прычына паўпустых трыбун нават на матчах “топавага” ўзроўню.
Яно і праўда: пры такіх варунках на стадыён пойдзе толькі безнадзейна хворы футболам.
Шкада. Тым больш, што за станоўчым прыкладам арганізацыі спартыўнага відовішча, адносін да балельшчыкаў, забеспячэння бяспекі далёка ехаць не трэба. Усё гэта можна пабачыць на “Мінск-Арэне”, дзе кожны хакейны матч ператвараецца ў спартыўнае свята.
Ці прыжывецца яно на абноўленым “Дынама”? Пабачым…


—————————
Эдуард СВІРЫД.