Островецкие боксеры продолжают побеждать

11:35 / 14.10.2012

У чужым горадзе трапіць у асяроддзе “сваіх” – неверагодна эмацыянальная і прыемная падзея. Асабліва, калі гэтыя “свае” – моцныя, непераможныя баксёры, вынослівасці якіх можна толькі пазайздросціць. У адну з гродзенскіх залаў бокса мне давялося трапіць зусім выпадкова: пра спаборніцтвы падказаў знаёмы – чаму б і не схадзіць?! Прыходжу, аглядваюся, а тут – землякі! Радасці і ўражанням не было межаў!


29 верасня ўжо вядомыя на Астравеччыне і за яе межамі Дзіма Лабэцкі, Дзіма Юцкевіч, Дэвід Жвірыдоўскі, Мікіта Власенка, Арцём Рагавенка, Максім Паўловіч, Жэня Гарачоў прыехалі ў Гродна на абласное першынство па боксе сярод юніёраў і малодшых школьнікаў. Суправаджаў баксёраў Яўген Віктаравіч Іваніцкі, малады трэнер, які, тым не менш, мае багаты вопыт выступленняў на раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. За званне лепшых у гэты дзень змагаліся каманды баксёраў з Гродна, Слоніма, Смаргоні, Ліды.
Спаборніцтвы доўжыліся некалькі гадзін. Вока, нязвыклае да такіх відовішчаў, баі ўражвалі моцай, вытрымкай, а часам і жорсткасцю. Гэта быў адкрыты рынг, у якім прымалі ўдзел байцы розных катэгорый і ўзростаў. Юнакі змагаліся 3 раўнды па 2 хвіліны кожны. Пары выходзілі на рынг адна за адной, а байцы, якім яшчэ належала выступіць, разаграваліся прама ў зале. Церпячы боль, баксёры паказалі недзіцячую волю і імкненне да перамогі.
Вось з рынга спускаецца Дзіма Лабэцкі – чырвоны, стомлены, але задаволены. І не дзіўна – чарговая перамога.
– Дзіма, якія ўражанні ад выступлення? Як ацэньваеш бой?
– Уражанні, як і заўсёды. Раней, калі толькі пачынаў выступаць, вельмі хваляваўся. А зараз, калі прывык да спаборніцтваў, боязі амаль няма. Сапернік быў з Гродна, але нічога, я справіўся.
– На рынгу ты дужа хуткі, спрытны і дакладны. Як у цябе гэта атрымліваецца?
– Займаюся боксам каля 8 годоў, зараз – па дзве трэніроўкі на дзень. Стараемся! – з усмешкай гаворыць пераможца – і накіроўваецца ў раздзявалку.
Астравецкія хлопцы выдатна справіліся з задачай. На рынгу – гэта спрытныя, бясстрашныя байцы (без перабольшвання), гледзячы на якіх можна толькі захапляцца. Першыя месцы заваявалі Дзіма Лабэцкі, Дзіма Юцкевіч, Дэвід Жвірыдоўскі. Тут без сумнення – перамога была відавочнай! Другое месца заслужана прысвоена Жэню Гарачову. У Мікіты Власенка і Максіма Паўловіча – трэція месцы, што таксама не можа не радаваць! На жаль, у Арцёма Рагавенкі перад самым выступленнем паднялася тэмпература, што не дазволіла выйсці на рынг. Але, тым не менш, верыцца, што ў маладога байца таксама ўсё атрымалася б.
– Так, нашы баксёры – малайцы! Напрыклад, для Дзімы Лабэцкага саперніка, як такога, не было. Тут, як кажуць, “прыйшоў, убачыў, перамог!” Ва ўсіх ужо ёсць вопыт – неаднаразова прымалі ўдзел у спаборніцтвах, таму зараз на рынг выходзяць упэўненымі і, у большасці, спакойнымі. Ну а калі і ёсць лёгкі страх перад боем – то гэта нават і карысна, як дадатковая матывацыя. Напэўна, трэнер хвалюецца больш, – распавядае Яўген Віктаравіч Іваніцкі.
А на пытанне, ці здараліся сур’ёзныя траўмы і ці моцна ўвогуле білі на рынгу нашых хлопцаў, з жартаўлівай усешкай адказвае:
– Не. Толькі мы можам пабіць.
Калі казаць пра атмасферу ў цэлым, то напружанне не спадала аж да самага заканчэння спаборніцтваў. Варта адзначыць і падтрымку трэнераў, якія раз за разам выкрыквалі стальнымі галасамі: “Працаваць! Уважлівей! Не сыходзь!” Выраз “Сем разоў упаў, на восьмы – падыміся!” з упэўненасцю можна аднесці да ўдзельнікаў спаборніцтва. Яны, стойкія і адважныя, ні на імгненне не апусцілі кулакі.
Віншуем яшчэ раз нашых баксёраў з удалым выступленнем і добрымі вынікамі! Прыемна ведаць і чуць, што ў нас ёсць такія выдатныя спартсмены! А яшчэ куды больш прыемна сустрэць іх у чужым далёкім горадзе і зусім выпадкова! Натхнення вам і перамог, юныя баксёры зямлі Астравецкай!


-----------------------
Эмілія КОМАР.



P.S.

У Астраўцы ў юнакоў і дзяўчат рознага ўзросту ёсць мажлівасць займацца толькі боксам і каратэ (гаворачы пра адзінаборствы). Выбар нешырокі для прадстаўнікоў моладзі, якіх вабіць самаразвіццё і жаданне ўдасканальвацца ў фізічным плане. Але, мяркую, можна спадзявацца, што ў горадзе, які разрастаецца, хутка пачнуць з’яўляцца і секцыі па іншых адзінаборствах. Таэквандо, айкідо, кікбоксінг, рукапашны бой… Чаму б і не? А патэнцыял, як бачым, ёсць. Ды яшчэ які!
У хвіліны, калі нашыя баксёры стаялі на рынгу ў спарынгах, я шкадавала толькі аб адным – не было пад рукой фотаапарата. Бо пра такое, паверце, мала чуць або чытаць – гэта трэба бачыць!


Фота з сайта xakac.info