Баскетбольны турнір памяці школьнага настаўніка Леаніда Пукшты прайшоў у Астравецкі раёне

14:34 / 08.05.2012

Леаніда Іосіфавіча Пукшту, настаўніка фізкультуры Гервяцкай сярэдняй школы, памятаю з раённых школьных спаборніцтваў узору канца 70-ых гадоў – двухмятровы прыгажун з нейкай асаблівай, вельмі добрай і крыху сарамлівай усмешкай, ён узвышаўся над любым натоўпам.


Школе ён аддаў сорак гадоў свайго жыцця. А калі тры гады таму Леаніда Іосіфавіча не стала, на яго пахаванні былыя калегі вырашылі арганізаваць баскетбольны турнір памяці Л.І. Пукшты.


Сёлета турнір памяці настаўніка праходзіў у трэці раз. Дзейства адбывалася ў Гервяцкім фізкультурна-аздараўленчым комплексе, фактычным цэнтры раённага баскетбола. У ФАКу пад кіраўніцтвам яго загадчыка Анатоля Кавалеўскага займаецца некалькі рознаўзроставых баскетбольных каманд. Адна з іх, юніёрская, нядаўна выйшла ў фінал абласных спаборніцтваў.
ТУРНІР. ПАЧАТАК

Спартыўная зала ФАКа ў гэты дзень выглядала асабліва ўрачыста – на спецыяльна для гэтага выстаўленым століку зіхацелі чатыры кубкі: адзін, самы вялікі, пераходны, і тры крыху меншыя – камандам-пераможцам, так бы мовіць, на добрую памяць. А яшчэ – партрэт Леаніда Іосіфавіча Пукшты і дзве бардовыя ружы побач…

Некалькі вітальных слоў – і свісток суддзі абвяшчае аб пачатку турніру.
Гульня першая:

СМАРГОНЬ-ГЕРВЯТЫ

…Ім бы вытрымаць інтрыгу і сустрэцца ў фінале! Маю на ўвазе дзве мацнейшыя каманды спаборніцтва – Смаргонскую (два гады запар заваёўвала пераходны кубак турніру) і Гервяцкую (двойчы – другое месца). Толькі жараб’ёўка распарадзілася па-свойму – на баскетбольным рысталішчы яны сышліся ў першай жа гульні.

Адразу абмоўлюся: смаргонцы – амаль прафесійная камнада, якая мае ўласнага трэнера і ўдала выступае нават на рэспубліканскіх спаборніцтвах.  Гервяцкі трэнер, ён жа капітан каманды, “палявы” ігрок і галоўны суддзя турніра па сумяшчальніцтву – загадчык ФАКа Анатоль Кавалеўскі.

Гервятцы прыкметна хваляваліся – вельмі ўжо ж ім хацелася, каб кубак турніру, прысвечанага памяці іх настаўніка, застаўся, так бы мовіць, на гістарычнай радзіме. У вядзенні мяча, у яго распасоўцы яны гулялі даволі ўдала, а вось кідкоў па кошыку практычна не было. Умелая гульня абароны саперніка не дазваляла гервяцкім ігракам перайсці праз штафную лінію – ім заставалася толькі перакідвацца мячом перад непранікальнай сцяной смаргонцаў, якія час ад часу перахоплівалі ў нападаючых мяч і кожную контратаку завяршалі выніковым двухачковым кідком. Першы перыяд закончыўся з лікам 13:3 на карысць гасцей. Прычым тры ачкі гервятцам прынёс адзіны прыцэльны кідок з трохачковай зоны.

Перапынак капітан Гервяцкай каманды прысвяціў “разбору палётаў”, а таксама распрацоўцы тактыкі гульні ў другім перыядзе. Не ведаю, якія пераканаўчыя словы знайшоў Анатоль Кавалеўскі, але ў другім перыядзе на пляцоўку выйшла зусім іншая каманда. На першай жа хвіліне гервяцкія баскетбалісты “намацалі” брэш у абарончай сцяне саперніка, і завязалася гульня пад шчытом – нервовая, з мноствам узаемных фолаў і штрафных кідкоў, але ВЫНІКОВАЯ! Настолькі, што трэнер смаргонцаў прыкметна занерваваўся. І было чаго – у другім перыядзе каманда гаспадароў турніру зарабіла 9 ачкоў, а смаргонцы – толькі 6. Хоць канчатковы вынік быў усё ж на карысць гасцей: 19:12.

–Эх, позна ўзяліся, – перажывалі гервятцы. – Не хапіла часу. Тым больш, што ў другім перыядзе было столькі штрафных кідкоў, а суддзі не спынялі таймер…
Гульня другая:

МІХАЛІШКІ-АСТРАВЕЦ

Гэтая гульня прайшла па сцэнарыю “ў адны вароты”. Астраўчане трымалі пляцоўку пад поўным кантролем. Першы перыяд завяршыўся з “сухім” лікам 0:15,  канчатковы вынік сустрэчы 7:30 на карысць Астраўца.

Запала ў вока гульня астраўчаніна Алега Гейбы – бездакорная тэхніка вядзення мяча, умелая абводка саперніка, трапныя кідкі. І моцна здзівіла “форма” гарадской (ужо!) каманды – хлопцы апрануліся, хто ў што меў, відаць, папярэдне дамовіўшыся, што”верх” будзе белым. На фоне ўсіх астатніх каманд, якія выступалі ў баскетбольнай форме, астравецкая выглядала, мякка кажучы,  арыгінальна.
У ПЕРАПЫНКУ ПАМІЖ ГУЛЬНЯМІ

У перапынку паміж гульнямі захацелася высветліць “форменнае” пытанне, і я падышла да астраўчан.

–Хто капітан вашай каманды?

–Усе мы тут капітаны!

–А хто вас трэніруе?

–Капітаны і трэніруюць.

–Дзе вы праводзіце свае трэніровачныя гульні?

–Дзе прыдзецца…

Прызнаюся, мне стала крыўдна за астраўчан – гуляюць жа хлопцы на добраахвотных пачатках, падтрымаць бы іх хоць формай. Ды выдзеліць на пару часоў у тыдзень залу для трэніроўкі…

Ладна, падыйду да іншых каманд. Да Міхалішкаўскай, да прыкладу.

–Хто набыў вам форму? – пытаюся ў лоб.

–Самі, – адказваюць.

–Як гэта?

–Звычайна: склаліся і за свае грошы купілі сабе баскетбольную форму.

Ужо без асаблівага энтузіязму падыходжу да варнянскай каманды.

–Форма з’явілася ў нас сёлета, – тлумачыць гуляючы капітан каманды і яе трэнер, настаўнік фізкультуры Варнянскай школы, з выхаванцаў якой і складаецца каманда. – Былыя вучні падарылі камплект баскетбольнай формы школе на вечары сустрэчы выпускнікоў.

І калі мой  настрой аспусціўся амаль да нуля, парадавалі гервятцы:

–У нас нават два камплекты формы. Вось гэтая – “штодзённая”, а ёсць яшчэ “выхадная” – з прозвішчамі ігракоў. Яе нам падарыла праўленне нашай гаспадаркі. А што вы здзіўляецеся? СВК зацікаўлены, каб яго работнікі вялі здаровы лад жыцця… Ды ў нашай краіне наогул спорту ўдзяляецца вялікая ўвага…
Гульня трэцяя:

АСТРАВЕЦ-ГЕРВЯТЫ

На аднаўленне сіл у каманды Астраўца было не больш 10-ці хвілін. Зрэшты, прычына іх пройгрыша не толькі ў стомленнасці ад папярэдняй гульні – гервятцы, для якіх дзверы мясцовага ФАКа заўсёды адчынены, былі аб’ектыўна больш моцнымі. Выручаў гарадскую каманду ўсё той жа Алег Гейба, які чатырма кідкамі з трохачковай зоны зарабіў для каманды 12 ачкоў. Канчатковы вынік гульні 13:19 на карысць каманды Гервят.
Гульня чацвёртая:

ВАРНЯНЫ-СМАРГОНЬ

Шчыра кажучы, яшчэ перад пачаткам гэтай гульні мне хацелася пакінуць залу. “Пад арэх” жа раздзелаюць варнянскіх школьнікаў смаргонскія профі”, – думалася мне. Не раздзелалі. Прайгралі, канешне, варнянцы, але пройгрыш  атрымаўся баявы. Сваёй баскетбольнай “камплекцыяй” у камандзе Варнян выдзяляўся ігрок пад нумарам восем – высокі, з добрым пачуццём кідка. Нельга было не любавацца і гульнёй нумароў 1 і 7. Нават свой невысокі для баскетбола рост хлопцы ўмела выкарыстоў-валі – нізкае вядзенне мяча перашкаджала высокарослым смаргонцам яго перахопліваць. “Сямёрка” да таго ж аказаўся прыцэльным “стралком” – рэалізаванасць штрафных кідкоў у яго выкананні была 100-працэнтнай.

Хаця ў абароне свайго шчыта невысокія варнянцы нямногае маглі супрацьпаставіць высокаролым і тэхнічным сапернікам. Канчатковы вынік: 23:39 на карысць Смаргоні.
Гульня пятая:

ГЕРВЯТЫ-МІХАЛІШКІ

Яна пачалася з серыі ўзаемных памылак – паўтары паслястартавыя хвіліны прайшлі безвынікова. Гервятцы першымі “размачылі” лік, затым яго падвоілі. А потым разгуляліся міхалішкаўцы. Раз за разам яны выйгравалі мяч пад шчытом – і пасля нерэалізаваных штрафных, і пасля недакладных гульнявых кідкоў. Удалыя праходы праз усю пляцоўку, трапныя кідкі – усё стала ўдавацца ігракам Міхалішкаўскай каманды. Яны не толькі зраўнялі лік, але і ўмудрыліся выйсці наперад. Каманда Гервят ад нечаканасці разгубілася. І капітан гервятцаў прыняў адзіна правільнае рашэнне – узяў тайм-аўт. “Уліванне” вярнула камандзе прытомнасць, і далей гульня стала нагадваць хіба што стрытбол. Канчатковы вынік: 30:9 на карысць Гервят.
Гульня шостая:

ВАРНЯНЫ-АСТРАВЕЦ

Пачатак гульні быў вязкім – дзеянні ігракоў абедзвюх каманд запаволенымі. Асабліва ў астраўчан. Пасля няўдалага штрафнога кідка ніхто з каманды не спяшаўся “на падбор” мяча – стаялі і назіралі, куды ён пакоціцца. Вялую гульню разбаўлялі хіба што ўдалыя праходы варнянскай “васьмёркі”, якія заканчваліся дабаўленнем двух ачкоў у капілку каманды.

Але паступова гульня пачала набіраць абароты. І ў другім перыядзе жарсці сталі накаляцца. Жорсткая барацьба пад шчытом раз за разам завяршалася фоламі – суддзі ледзь паспявалі перакідваць таблічкі з іх колькасцю. Раз за разам узнікала сітуацыя “спрэчны мяч”. За адскочыўшым ад кальца мячом, кідаліся – як на амбразуру. Хтосьці атрымаў траўму, у некага адарвалася падэшва ў красоўках – няважна, гуляем далей!

За 20 хвілін да завяршэння сустрэчы лік быў 29:30 на карысць Астраўца. І  тут пачалася “заруба”! Нібы натхненне, якое драмала ў іграках, раптам выбухнула з усіх іх адразу шчодрым фантанам. Кідкі па кошыку з сярэдзіны залы, вартыя Майкла Джордана. Немагчымыя перахопы мяча. Да сантыметра разлічаныя пасы..

За дзесяць секунд да канца сустрэчы астраўчане правялі ўдалы трохачковы кідок, не пакінуўшы варнянцам ніякіх шансаў. Зрэшты, варнянцаў гэта не спыніла – яны прадаўжалі змагацца. Якога напалу дасягнула барацьба, можна ўявіць ужо хоць бы па тым  факце, што за апошнія 10 секунд і адна, і другая каманды “схапілі” па фолу і прабілі іх вынікова. Тры секунды, дзве… Цудоўны кідок ледзь не праз усю пляцоўку быў выкананы астраўчанінам за імгненне да фінальнага свістка – на жаль, мяч адскочыў ад кальца…

Канчатковы вынік: 34:30 на карысць Астраўца.
Гульня сёмая:

ВАРНЯНЫ-МІХАЛІШКІ

Гэтая гульня была невыніковай. Адчувалася стомленасць ігракоў. Асабліва ў варнянцаў, якія яшчэ не пазбавіліся эмоцый папярэдняй сустрэчы. Добрую палову гульні варнянцаў выручаў амаль у адзіночку іх восьмы нумар, які ладзіў самастойныя праходы ў штрафную саперніка, ураўніваючы лік трохачковымі кідкамі. Канчатковы вынік сустрэчы 17:16 на карысць Варнян.
Гульня восьмая:

СМАРГОНЬ-МІХАЛІШКІ

Не адбылася. Міхалішкаўцы адмовіліся ад сустрэчы з-за яўнай перавагі саперніка.
Гульня дзявятая:

СМАРГОНЬ-АСТРАВЕЦ

Яна нагадвала хіба што біблейскае збіванне немаўлят. Недастаткова  трэніраваная, больш узроставая каманда Астраўца нічога не магла супрацьпаставіць сваім маладым прафесійным сапернікам. Смаргонцы рабілі на пляцоўцы, што хацелі: перахоплівалі мяч падчас распасоўкі, здымалі яго амаль што з кальца, абводзілі сапернікаў вакол іх уласнай восі. Дэманстравалі фантастычныя  дрыблінгі. Дзявяты нумар, якому яўна надакучыла раз за разам у адзіночку, без пераследавання, праз усю пляцоўку бегаць у адрыў, зладзіў сапраўднае паказальнае выступленне – закідваў мячы з прыгожымі фінтамі, неверагоднымі падкруткамі і іншымі тэхнічнымі аздабленнямі. Вынік 50:8.
Гульня дзясятая:

ВАРНЯНЫ-ГЕРВЯТЫ

Па сутнасці, яна ўжо нічога не вырашала. Варнянцы разумелі: гервятцаў ім не пераіграць. Хоць без бою здавацца не хацелі. Зрэшты, сапраўднага бою не атрымалася. Канчатковы лік 39:14 на карысць Гервят.
ПАСЛЯ ГУЛЬНІ

Узнагароды ўручала сям’я Леаніда Іосіфавіча Пукшты: жонка Людміла Аляксандраўна, дачка Святлана Лупіна, майстар спорту па акадэмічнай грэблі, трохгадовая ўнучка і старэйшы брат Уладзімір Іосіфавіч Пукшта. Пераходны кубак турніру і кубак за першае месца атрымала каманда Смаргоні. Другое месца і адпаведны кубак дастаўся камандзе Гервяты, “бронзавы” – забралі астраўчане.

Былі ўручаны і падарунку. Лепшым іграком турніру быў прызнаны Аляксандр Шынкевіч, дзявяты нумар каманды Смаргоні. У намінацыі “За волю да перамогі” пераможцам стаў Алег Гейба (Астравец). Памятныя сувеніры атрымалі самы ўзроставы ігрок турніру Казімір Бабіч (Міхалішкі) і  самы юны – Дзяніс Ігнатовіч (Варняны), астраўчанін Канстанцін Каленка, арганізатар, суддзя, трэнер, капітан і ігрок Анатоль Кавалеўскі. Каманда Гервят атрымала фірменны баскетбольны мяч. Нават самы актыўны балельшчык быў адзначаны “дудзелкай”. А кожны, хто ўдзельнічаў у судзействе – сувенірным свістком.
ЭПІЛОГ

Сустрэчы судзілі ігракі з незанятых  у гульні каманд. Сачылі за лікам, лічылі фолы Валерый Блахін і Іван Бароўка. Прадстаўнікі афіцыйнага спорту раёна адсутнічалі.

–Спорткамітэт не праявіў зацікаўленасці да нашага турніру, – пракаменціравала сітуацыю Святлана Лупіну. – Хоць усё, што патрабавалася ад спартыўных чыноўнікаў, –  папрысутнічаць на турніры і прыняць удзел у судзействе. Усе прызы і кубкі для ўзнагароджання наша сям’я набыла сама. Але гэта не так і важна. Турнір памяці нашага бацькі, Леаніда Іосіфавіча Пукшты адбыўся, а гэта самае галоўнае. І мы прыкладзём усе намаганні, каб ён праводзіўся і надалей. У наступным годзе наша сям’я мае намер выставіць уласную каманду Пукштаў, у яе склад увойдуць мой старэйшы брат, майстар спорту па стральбе з лука Дзмітрый, які жыве ў Германіі, мой старэйшы сын, муж і двое пляменнікаў. Запрашаем да ўдзелу ў турніры ўсіх жадаючых!
Ганна ЧАКУР .