Зборная каманда Астравецкага раёна па міні-футболе “Меліяратар” заняла трэцяе месца ў чэмпіянаце Гродзенскай вобласці па міні-футболе

07:32 / 19.04.2012








Нагадаем, што спаборніцтва распачалося ў лістападзе мінулага года, а апошнія матчы прайшлі ўжо ў сакавіку. Усе каманды былі падзелены на дзве зоны: поўдзень і поўнач. У першай гулялі каманды са Шчучына, Скідзеля, Дзятлава, Слоніма і дзве каманды з Гродна. Да паўночнай групы аднеслі зборныя з Астраўца, Смаргоні, Навагрудка, Ліды, Воранава і Іўя.

Усе каманды гулялі паміж сабой па два кругі. Па выніках першыя тры зборныя з кожнай зоны пераходзілі ў вышэйшую лігу. Астатнія каманды гулялі ў першай лізе. Сюды ж трапіў і астравецкі “Меліяратар”. Яго сапернікамі сталі футбалісты з Іўя, Навагрудка, Шчучына, Дзятлава і Скідзеля. Падчас серыі матчаў астраўчане пяць разоў святкавалі перамогу – і столькі ж цярпелі паражэнне. У выніку “Меліяратар” заняў трэцяе месца, прапусціўшы наперад футбалістаў з Іўя і Шчучына.
Сваім вынікам астраўчане задаволены. Аднак расслабляцца няма калі. Ужо вядома, што каманда “Меліяратар” будзе ўдзельнічаць у чэмпіянаце Гродзенскай вобласці па вялікім футболе, які распачнецца з 1 мая. А значыць, наперадзе – сур’ёзныя і цікавыя гульні з дастойнымі і моцнымі сапернікамі.
Дарэчы, нашы футбалісты і зараз час дарэмна не трацяць. Вось і ў мінулыя выхадныя адбыўся таварыскі матч паміж астраўчанамі і ашмянцамі. Прайграючы ў другім тайме 0:1, нашы ўсё ж сабраліся і забілі два галы ў вароты саперніка і закончылі гульню перамогай.
Наступная таварыская сустрэча з Ашмянамі запланавана на 22 красавіка. Толькі на гэты раз астраўчане будуць гуляць на выездзе.


Марына МАЦКЕВІЧ.