Вынікі першынства па лёгкай атлетыцы ў Маладзечна для астравецкіх спартсменаў

13:51 / 23.03.2012

З адкрытага першынства па лёгкай атлетыцы сярод дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ, якое праходзіла ў Маладзечна, наша каманда вярнулася з папоўненай скарбонкай узнагарод.


У першынстве ўдзельнічалі юнакі і дзяўчаты 1998-2000 гадоў нараджэння. Акрамя астраўчан, на спаборніцтва прыехалі рабяты з Ашмян, Ліды, Смаргоні, Валожына, Мінска, Баранавіч. Як расказаў трэнер па лёгкай атлетыцы Астравецкай ДзЮСШ І.Д. Гануліч, наша каманда паказала нядрэнныя вынікі, а некаторыя ўдзельнікі занялі прызавыя месцы. Напрыклад, Аляксандр Букель у скачках у вышыню быў другім, Юра Кусойць стаў бронзавым прызёрам у штурханні ядра. Добрыя вынікі прадэманстравалі Жэня Ганус, які ў штурханні ядра заняў чацвёртае месца, і Валерыя Юркойць – дарэчы самая юная ўдзельніца – дзяўчынка ў бегу на дыстанцыі 1,5 тысячы метраў стала шостай.
– Рабяты выступілі добра, – адзначыў І.Д. Гануліч. – Дарэчы, у некаторых перад выступленнямі на першынстве ў Маладзечна была добрая падрыхтоўка. Літаральна напярэдадні ў Астравецкай ДзЮСШ таксама праходзіла першынство па лёгкай атлетыцы сярод нашых выхаванцаў, у якім удзельнічала каля 60 дзяцей. Хачу адзначыць такіх рабят, як Валера Радчык, Уладзіслаў Вяжбіцкі, Жэня Ганус, Аліна Кяжун, Ангеліна Апановіч. Спадзяюся, што гэта падрастаюць будучыя пераможцы.


Марына МАЦКЕВІЧ.