Нашы землякі: майстар спорту Аляксандр Ляховіч

13:31 / 23.03.2012

Кожны дзень ён з лёгкасцю пераадольвае 10-15 кіламетраў, а то і больш. Спрытны, хуткі, энергічны… Лёгкі ў зносінах, цікавы, разнастайны… Майстар спорту па спартыўнай хадзьбе, шматразовы пераможца і прызёр рэспубліканскіх спаборніцтваў, удзельнік Кубка Еўропы… Спіс удзелу і перамог можна працягваць доўга. Усё гэта – наш зямляк з вёскі Варняны, вядомы ў спартыўнай хадзьбе спартсмен Аляксандр Ляховіч.


Шчыра кажучы, перад сустрэчай з Аляксандрам я хвалявалася – усё ж неаднаразовы чэмпіён рэспублікі. Аднак літаральна праз пару хвілін гутаркі стала зразумела, што “зорнай” хваробай хлопец не хварэе. Ды і ўсе свае перамогі-дасягненні Саша пералічваць не стаў – так, успомніў двума-трыма сказамі – і хопіць. А вось пра спорт, трэніроўкі, уражанні ён расказваў з задавальненнем. Адразу бачна, гэта – яго стыхія.


– Раскажыце, як вы прыйшлі ў свет спорту?
– Я заўсёды быў актыўным хлопчыкам. Але гульні на вуліцы – гэта адно, а хацелася заняцца нечым мэтанакіравана. Вось і вырашыў у спартыўную секцыю запісацца. Пэўную ролю сыграла і тое, што ў нас у Варнянскай школе яна была толькі адна – па лёгкай атлетыцы, таму выбару не было.
Але спачатку мяне не ўзялі. Прыйшоў да тагачаснага дырэктара Астравецкай спартыўнай школы У.П. Пятрова – хачу спортам заняцца. А ён мяне ўсур’ёз не ўспрыняў. Паглядзеў і кажа: “”Маленькі ты вельмі. Куды табе ў спорт?” Я і зараз росту невысокага, а ў той час яшчэ ў пачатковыя класы хадзіў. Так і не прынялі мяне ў секцыю. Але ж я ўпарты. Дзесьці праз паўгода даведаўся, што трэнер А.У. Блашкевіч набірае групу па лёгкай атлетыцы. Я запісаўся. Так усё і пачалося. Хадзіў на трэніроўкі, усё больш зацягвала. Ды і як пакінеш, калі пачалі з’яўляцца першыя вынікі? Спачатку займаўся лёгкай атлетыкай у цэлым, а затым стаў аддаваць перавагу спартыўнай хадзьбе. Выйшла неяк само сабой. Убачыў аднойчы, як хлопец трэніруецца, і вырашыў паспрабаваць. Атрымалася нядрэнна. Ды і трэнер адобрыў. Як пайшоў – так і пайшоў. Андрэй Уладзіслававіч умееў заахвоціць нас да заняткаў. Час ад часу праводзіў кантрольныя трэніроўкі, як сам называў, “прыкідкі”. І хто добра здаваў нарматыў, таму за ўласныя грошы купляў падарунак – красоўкі, напрыклад. Ну якому дзіцяці гэтага не хочацца? Мне, памятаю, усё торт абяцаў. (Усміхаецца) А ў мяне ўсё роўна нешта не атрымлівалася...
– І што, ніколі не было спакусы кінуць усё і пайсці не на трэніроўку, а, скажам, у футбол з сябрамі паганяць?
– Хлусіць не буду – бывала і такое. Асабліва калі з’явіліся камп’ютары з іх нязведанымі і невычарпальнымі магчымасцямі. А яшчэ мне заўсёды падабаліся энергічныя гульні – футбол, баскетбол, валейбол – там, дзе можна было гуляць з сябрамі. А хадзьба – гэта дастаткова аднастайны і індывідуальны від спорту. Таму спакуса, канешне, была. Але ж на другім баку шаляў знаходзіліся вынікі трэніровак, тое, чаго дасягнуў – і гэта таксама было чагосьці варта. Сумняваўся я нядоўга, і ў выніку перавага аказалася на баку спорту.
– Ці ёсць у вас куміры, на якіх хацелася б быць падобным?
– Я з дзяцінства цікавіўся прафесіяналамі спорту. Ёсць нямала спартсменаў, у якіх можна вучыцца ўсё жыццё. Што тычыцца спартыўнай хадзьбы, тут нельга не ўспомніць легендарнага рэкардсмена свету, 4-разовага алімпійскага чэмпіёна – Роберта Каржанеўскага. Адзначу таксама эквадорца Джэферсана Перэса, расіян шмат заслужаных ёсць. Пералічваць можна доўга.
– Як прадоўжыўся ваш спартыўны шлях пасля заканчэння школы?
– На адным са спаборніцтваў мяне заўважыў галоўны трэнер па спартыўнай хадзьбе Гродзенскай вобласці Сяргей Рыгоравіч Следзь. Ён і прапанаваў вучыцца ў Гродзенскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Пасля 8-га класа я паступіў туды. Канешне, спачатку прыйшлося цяжкавата. Складана было прывыкнуць да новых аб’ёмаў трэніровак. У Варнянах праходзіў максімум 10 кіламетраў, а тут ужо – 15-20. Але стараўся, трэніраваўся. Так атрымалася, што праз некаторы час пасля заканчэння вучылішча перайшоў да іншага трэнера – Станіслава Эдуардавіча Шапечкі з Мінска – галоўнага трэнера рэспубліканскага цэнтра фізічнай падрыхтоўкі па спартыўнай хадзьбе. Нядаўна адслужыў у спартыўным камітэце Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Калі ўсё атрымаецца, планую застацца тут на кантрактнай аснове і працягваць выступаць за Узброеныя Сілы Беларусі. Завочна паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, дзе зараз і вучуся на 2-ім курсе.
– Памятаеце першую перамогу?
– Першую… (Задумваецца) Памятаю, калі яшчэ вучыўся ў школе, у нас у Варнянах, у будынку сённяшняга прытулку, размяшчаўся начны лагер. І там праводзіліся розныя спаборніцтвы – па бегу, кіданні кап’я і іншых відах. Удзельнічалі вучні з усяго раёна, у тым ліку і я. Там упершыню і перамог. Памятаю, яшчэ граматы давалі – чорна-белыя, раздрукаваныя на звычайным лісце фармата А-4. Пасля былі і каляровыя, і больш прыгожыя – раённыя і абласныя. А вось гэта, чорна-белая, чамусьці асабліва запомнілася.
– Колькі ў вас узнагарод? І якіх больш – пераможных ці прызавых?
– Дома ў мамы вісяць прыкладна 35 медалёў. Галоўным чынам за рэспубліканскія спаборніцтвы, бо на вобласці іх даюць рэдка. Большая палова – за першае месца, астатнія – за 2 і 3-ія.
– У якіх спаборніцтвах пабывалі за межамі Беларусі?
– Шмат дзе. Сярод найбольш яркіх – матчавая сустрэча паміж Украінай, Расіяй, Беларуссю, якая праходзіла ў Кіеве. Там я заняў 2 месца. Еўрапейскія спаборніцтвы ў Англіі – там атрымаў сертыфікат за 6-е месца, а наша каманда заняла 4-е месца. Крыўдна было – крыху да “бронзы” не хапіла. Яшчэ ў Галандыі быў, удзельнічаў у Кубку свету ў Чэбаксарах, у чэмпіянаце свету сярод юніёраў, які праходзіў у Польшчы.
Якія ўражанні? Пра гэта можна шмат расказваць, фотаздымкі паказваць. Уражанні – непаўторныя. Асабліва калі ў дзяцінстве нідзе не падарожнічаў. А новыя мясціны – гэта заўсёды мора эмоцый. Наогул, падарожжы прыемна ўплываюць на светаўспрыманне чалавека.
– А калі-небудзь прыходзілася прымяняць свае спартыўныя здольнасці ў паўсядзённым жыцці?
– Ды не.... (Усміхаецца) Я – законапаслухмяны грамадзянін, мне няма ад каго бегаць. Ды і даганяць не даводзілася.
– За колькі часу можаце дайсці ад Астраўца да Варнян?
– Зараз я трэніруюся на дыстанцыі 20 кіламетраў – і затрачваю на гэта дзесьці гадзіну 40 хвілін. У сярэднім, спакойным рэжыме я праходжу адзін кіламетр за 5 хвілін. Таму, думаю, дзесьці за гадзіну ці крыху больш зайду і ў Варняны.
– А вы наогул карыстаецеся грамадскім транспартам?
– Ну канешне! (Смяецца) Я ж нармальны чалавек. Ды і ў буйным горадзе, каб усюды паспець, асабліва не находзішся. Тым больш, што перамяшчацца па горадзе прыходзіцца многа і часта. Ды, шчыра кажучы, хадзьбы мне хапае і падчас трэніровак.
– Што для вас спорт увогуле і лёгкая атлетыка ў прыватнасці?
– Спорт мне вельмі многае даў. Пабачыў свет, пазнаёміўся з многімі цікавымі людзьмі, з’явіліся новыя сябры, у тым ліку ў іншых краінах. Спорт дапамог мне знайсці сябе, сваё месца ў жыцці. А лёгкая атлетыка – гэта каралева спорту, дзе могуць рэалізаваць сябе самыя розныя людзі.
– У чым сакрэт перамогі? Што для яе патрэбна?
– Галоўнае – вера ў сябе, бо калі не верыць, не варта наогул пачынаць займацца спортам. Таксама – трэніроўкі, трэба пастаянна быць у форме.
– Што асабліва запомнілася за спартыўнае жыццё?
– Калі знаёмыя, якія доўга трэніруюцца, атрымліваюць цяжкія траўмы – але не здаюцца і ўрэшце падымаюцца на пераможны п’едэстал. Ты ведаеш, праз што яны прайшлі, і вельмі радуешся за іх. Гэта заслугоўвае павагі. Пераадолець столькі – і ўсё ж дасягнуць жаданага. Смак перамогі – ён непаўторны.
– Уявіце, што вам прапаноўваюць: удзел у Алімпійскіх гульнях у Лондане і паездку на месяц на Мальдзівы з “усім ўключана і аплачана”. Ваш выбар?
– Ну канешне ж, Алімпійскія гульні! Без варыянтаў. Гэта мара, жаданне і імкненне кожнага спартсмена. Калі нехта займаецца спортам дзеля ўласнага бюджэту, то на тых жа Алімпійскіх гульнях, прабачце за цынізм, таксама можна нядрэнна зарабіць: займай з 1 па 8 месца – і зможаш не толькі на Мальдзівы, але і на Карыбы ў дадатак з’ездзіць.
– Чаго хочаце дасягнуць у жыцці?
– Калі будзе ўсё нармальна са здароўем, хачу працягваць кар’еру спартсмена. У сакавіку ў Нясвіжы адбудзецца першы старт адбору на Кубак свету, які пасля будзе праходзіць у Саранску. Пастараюся трапіць туды. Вельмі хочацца дайсці да Алімпійскіх гульняў, чагосьці дасягнуць на сусветным узроўні, пазмагацца за перамогу. Спадзяюся, што ўсё атрымаецца.
– Вы рэдка бываеце дома. Не сумуеце?
– Канешне, хацелася б прыязджаць часцей. Але прафесійны спорт займае шмат часу. Трэніроўкі, зборы, спаборніцтвы… Затое летам у водпуску стараюся навярстаць, і не адзін, а разам з сябрамі, якія прыязджаюць да мяне ў госці. Ім тут вельмі падабаецца. Як толькі набліжаецца лета, дык яны адразу пачынаюць пытаць: “Калі ўжо ў Астравец ці ў Варняны паедзем?” Вось так за лета і зараджаюся родным паветрам ды энергіяй на цэлы год.


Марына МАЦКЕВІЧ.