Маладыя сем”і змагаліся за званне самай спартыўнай

10:32 / 17.11.2011

Дзень у суботу выдаўся па-сапраўднаму лістападаўскі – небам надоўга завалодалі цёмныя хмары, з якіх час ад часу імжэла нешта падобнае на лёгкі дождж. Аднак нават такое дрэннае надвор’е не спалохала і не сапсавала настрой арганізатарам і ўдзельнікам раённага фестывалю сярод сямейных каманд “Тата, мама і я – спартыўная сям’я!”



Спаборніцтва такога плана раённага маштабу праводзілася ўпершыню. Спартакіяда маладых спецыялістаў ужо стала традыцыйнай, конкурс лепшых валадароў зямлі – таксама. А вось каб у вясёлых і цікавых эстафетах паміж сабой паспаборнічалі маладыя сем’і з усяго раёна – такога яшчэ не было. А калі не было, значыць, трэба арганізаваць, што і зрабілі аддзел па справах моладзі, аддзел па фізкультуры, спорту і турызму, аддзел культуры, аддзел адукацыі і райкам БРСМ.
Жадаючых паўдзельнічаць у спартакіядзе сабралася цэлых дваццаць дзевяць сем’яў. Усе яны прыехалі ў прызначаны час у Гервяцкі фізкультурна-аздараўленчы комплекс, дзе і праходзіла спаборніцтва. Таму вельмі хутка вялікае памяшканне напоўнілася вясёлым гоманам, дзіцячым шчабятаннем і актыўным абмеркаваннем будучых спаборніцтваў – што ды як? На гэтыя і іншыя хвалюючыя пытанні ўсе атрымалі адказ падчас урачыстага пастраення. На якім спачатку з прывітальным словам і пажаданнем лёгкіх стартаў, а таксама добрага настрою выступіў начальнік раённага аддзела фізкультуры, спорту і турызму С.В. Шэін. Пасля самыя маленькія ўдзельнікі паднялі сцягі Беларусі і Астраўца. А ўжо затым галоўны суддзя спартакіяды Л.С. Даўляш растлумачыў усе арганізацыйныя пытанні, аб’явіў паслядоўнасць спаборніцтваў і прадставіў судзейскую калегію.
Трэба адзначыць, што на спартыўны фестываль прыехалі сем’і з дзецьмі рознага ўзросту. Таму, адпаведна, спаборніцтвы праводзіліся па чатырох катэгорыях: тата, мама, сын 8-10 гадоў, тата, мама, дачка 8-10 гадоў, тата, мама, сын 10-12 гадоў і тата, мама, дачка 10-12 гадоў.
Першае выпрабаванне, якое падрыхтавалі для ўсіх арганізатары – гэта пападанне ў мішэнь з адпаведнай адлегласці, вядомае пад назвай дартс. Трапіць у запаведны круг хоць бы на пяць ачкоў, не кажучы ўжо пра запаветную дзясятачку, не пад сілу і кожнаму даросламу. Тым больш складана гэта зрабіць дзецям. Канешне, у кіданні дроцікаў ім дазвалялася падыходзіць крыху бліжэй да мішэні. Але нават гэта не заўсёды дапамагала, асабліва малодшым – сілы крыху не хапала і дроцікі па-здрадніцку падалі на падлогу. І тут на дапамогу прыходзілі таты і мамы, бо ў выніку падлічвалася агульная сума балаў усёй сям’і. Дарэчы, трэба адзначыць, што і ў дарослых не заўсёды ўсё атрымлівалася гладка. Што зробіш, спорт часам бывае непрадказальным, дзе немалую ролю, акрамя натрэніраванасці і падрыхтоўкі, іграе яшчэ і шанцаванне. У выніку ж прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам. Сярод сем’яў, дзе разам з бацькамі спаборнічалі сыны 8-10 гадоў трэцяе месца занялі Аляксандр, Валянціна і Артур Кіткевічы, на другім – Іван, Рэната і Дарый Русецкія, а першае месца ў Андрэя, Ірыны і Іллі Скуратаў. У гэтай жа ўзроставай катэгорыі, толькі сярод дзяўчат “бронза” дасталася Віталію, Сняжане і Дар’і Гудойцісам, “серабро” – у Віталія, Людмілы і Каці Сасноўскіх, а перамогу святкавалі Збігней, Ірына і Віялета Антановічы. У старэйшых удзельнікаў 10-12 гадоў сярод хлопчыкаў на трэцім месцы аказаліся Яўген, Наталля і Саша Белячыцы, на другім – Уладзімір, Святлана і Алег Батуры, а на першым – Уладзімір, Леанарда і Максім Локцевы. Сем’ямі прызёрамі, дзе ўдзельнічалі дочкі, сталі: трэцяе месца ў Мікалая, Ганны і Яны Трафімчыкі, другое занялі Сяргей, Ірына і Паліна Багушэвічы, а на першым месцы – Раман, Валянціна і Насця Ядзевічы.
У наступным спаборніцтве для поспеху патрабаваліся зноў жа сіла рук і трапнасць. Удзельнікам трэба было закідваць баскетбольны мячык у кальцо. Пяць спроб для кожнага члена сям’і. Ох, і нялёгка тут прыйшлося ўсім. Самым маленькім, хоць і з блізкай адлегласці, але ўсё ж такі складана было закінуць цяжкаваты мяч у кальцо. Аднак трэба было бачыць імкненне і жаданне, з якім яны гэта рабілі – і размахваліся з усёй сілы, і нават самі падскоквалі разам з мячом. Толькі за гэта ім можна было даваць дадатковыя балы. Іх старэйшым брацікам і сястрычкам таксама прыходзілася нясоладка. Ды што там дзецям! Нават таты і мамы не заўсёды ўтаймоўвалі няўрымслівага гарэзу-мячыка. І ён то ўпарта не жадаў далятаць да патрэбнай мэты, то трапляў міма, а то, што самае крыўднае, бы той калабок, катаўся-здзекаваўся па абадку кальца і ў выніку не трапляў у яго. Прыемна было, што ўдзельнікаў шчыра падбадзёрвалі родныя, сябры, балельшчыкі, а то нават і сапернікі. Самымі трапнымі ў гэтым спаборніцтве сталі: ва ўзроставай катэгорыі 8-10 гадоў сярод хлопчыкаў “бронзу” атрымалі Вадзім, Святлана і Мікіта Лебядзевічы (дарэчы, 6-гадовы Мікіта быў самым маленькім удзельнікам), “серабро” – у Аляксандра, Ірыны і Мікіты Жукоў, а “золата” заваявалі Юрый, Святлана і Ваня Грыцкевічы. Сярод дзяўчынак тут сталі прызёрамі: на трэцім месцы – Анатоль, Галіна і Алеся Саверчанкі, на другім – ужо вядомая сям’я Гудойцісаў, на першым – Антановічы. У старэйшай катэгорыі, дзе ўдзельнічалі хлопчыкі, на трэцім месцы аказаліся Анатоль, Наталля і Марк Асадчукі, на другім – Локцевы, а пераможцамі стала сям’я Белячыцаў. Сярод дзяўчынак “бронза” дасталася Васілію, Маргарыце і Лізе Дрэмам, другое месца ў Руслана, Жанны і Дайвы Лукшаў, а першае – у сям’і Ядзевічаў.
Напаследак арганізатары падрыхтавалі самае цікавае і відовішчнае спаборніцтва – спартландыю. А пакуль суддзі рыхтавалі ўсё неабходнае, перад прысутнымі са сваімі нумарамі выступілі работнікі аддзела культуры, чым яшчэ больш паднялі настрой балельшчыкам, а ўдзельнікаў падбадзёрылі перад чарговымі выпрабаваннямі.
Шчыра кажучы, мне заўсёды падабаліся эстафеты. Проста ёсць у гэтым відзе нешта няўрымслівае, вясёлае і бадзёрае, пры гэтым не толькі для ўдзельнікаў, але і для балельшчыкаў – яны, здаецца, і самі былі б не супраць выбегчы і прадэманстраваць хуткасць і спрытнасць. Цікава, што ж на гэты раз падрыхтавалі спартсмены-выдумшчыкі? Бо фантазія на прыдумванне розных вясёлых спаборніцтваў у іх багатая – у гэтым упэўнівалася не адзін раз.
Першую эстафету ўмоўна можна было б назваць “Пасадка і ўборка бульбы”. Не, дзеянне не пераносілася на вуліцу, дзе на падрыхтаваным полі сем’і маглі б прадэманстраваць сваю спрытнасць у сельскагаспадарчых работах – у ролі бульбы выступалі невялікія шарыкі, якія на спецыяльных прыладах былі расстаўлены па ўсёй зале. Спачатку тату трэба было сабраць гэтую “бульбу” ў вядро і прынесці маме. Пасля яна зноў “садзіла” яе на ранейшае месца, а ўжо сын ці дачка збіралі апошні “ўраджай”. У выніку за хвіліну з лішкам сям’я паспявала нават не адзін, а два разы “выкапаць бульбу”. Асноўная цяжкасць заключалася ў тым, што шарыкі станавіліся непаслухмянымі і часам ніяк не хацелі з першага разу станавіцца на месца і каціліся ў розныя бакі. А трэба было, каб усе яны былі акуратна рассаджаны па сваіх месцах. У выніку траціліся такія каштоўныя секунды.



А вось другая эстафета была ўжо знаёмай. І, шчыра кажучы, я заўсёды спачувала яе ўдзельнікам. На гэты раз ім трэба было пралезці праз цёмны тунэль з тканіны, вылезшы з якога перакуліцца на матрацы, і хутчэй бегчы назад, дзе такое ж выпрабаванне чакала наступнага члена сям’і. Аднак, трэба адзначыць, што ўсе сем’і справіліся з ім паспяхова – у тунэлі ніхто не затрымаўся і не заблытаўся, а перакульванне абышлося без фізічных і маральных траўмаў. Словам, ніякімі хітрымі эстафетамі ўдзельнікаў было не спалохаць. А самымі хуткімі і спрытнымі ва ўзроставай катэгорыі 8-10 гадоў (хлопчыкі) сталі: на трэцім месцы – сям’я Дрэма з сынам Раманам, на другім – Русецкія, на першым – Алег, Наталля і Юліян Гарбачовы. Сярод сям’яў з дочкамі прызавыя месцы занялі: трэцяе – Сасноўскія, другое – Антановічы, першае – Гудойцісы. Старэйшая ўзроставая катэгорыя 10-12 гадоў (хлопчыкі): “бронзу” атрымалі Белячыцы, “серабро” – Локцевы, а першае месца ў Асадчукоў. 10-12 гадоў (дзяўчынкі): трэцяе месца занялі Трафімчыкі, другое – у Гарбачовых, а пераможцам стала сям’я Дрэма.
На гэтым спаборніцтвы закончыліся. Пакуль суддзі адправіліся падлічваць усе ачкі, прысутных зноў парадавала сваімі выступленнямі дружная каманда культработнікаў.
І вось нарэшце доўгачаканы момант. Спачатку ва ўрачыстай атмасферы і пад шчырыя апладысменты граматы ўручылі прызёрам і пераможцам кожнага віду спаборніцтваў. У выніку ж пры падліку ўсёй колькасці балаў агульныя прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам. Ва ўзроставай катэгорыі 8-10 гадоў (хлопчыкі) на трэцім месцы аказаліся Русецкія, на другім – Грыцкевічы, а перамога дасталася сям’і Гарбачовых. Сярод сем”яў з дзяўчынкамі “бронзу” тут атрымалі Сасноўскія, “серабро” – у Гудойцісаў, а “золата” заваявала сям’я Антановічаў. У старэйшых удзельнікаў (тата, мама, сын) трэцяе месца занялі Асадчукі, другое – Белячыцы, першае – Локцевы. У катэгорыі “тата, мама, дачка” “бронзавымі” прызёрамі сталі Трафімчыкі, на другім месцы апынулася сям’я Дрэма, а перамогу святкавалі Ядзевічы.
У выніку ж ніхто не застаўся без увагі: прызёры і пераможцы спаборніцтва атрымалі граматы і прызы, астатнія каманды – дыпломы за ўдзел і таксама памятныя падарункі ад аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама, аддзела па справах моладзі, а таксама Чырвонага Крыжа.


Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.