У тройцы лепшых

14:13 / 05.08.2011

Напрыканцы ліпеня ў Карэлічах адбыліся абласныя фінальныя спаборніцтвы па футболе “Каласок” сярод дзяцей 1995-1996 года нараджэння з сельскіх населеных пунктаў.


Нагадаем: спачатку праходзілі занальныя спаборніцтвы – у кожнай зоне па чатыры каманды. Адна з зон была арганізавана ў Астраўцы, дзе нашы спартсмены заваявалі перамогу і тым самым забяспечылі сабе права прымаць удзел у фінале.


У фінальных спаборніцтвах сустрэліся каманды са Шчучынскага, Дзятлаўскага, Ваўкавыскага, Астравецкага і Карэліцкага раёнаў.  Гульні праходзілі па кругавой сістэме, першую з якіх нашай камандзе давялося гуляць з Дзятлава. Нягледзячы на тое, што ў першым тайме Аляксандру Камінскаму не ўдалося рэалізаваць пенальці, ужо ў другім два мячы ўляцелі ў вароты сапернікаў – дарэчы, не без удзелу вышэйзгаданага Камінскага: 2:0 на нашу карысць.


Рашаючай гульнёй для нашых футбалістаў павінна была стаць гульня з камандай з Ваўкавыскага раёна – у выпадку перамогі яны забяспечылі б сабе 3 месца. На 24 хвіліне каманда Астравецкага раёна выйшла наперад, але праз 6 хвілін сапернікі адыграліся. І першы тайм закончыўся з лікам 1:1. У другім тайме сцэнарый паўтарыўся: наш Станіслаў Тумкевіч забіў гол, але Ваўкавыск зноў адыграўся. За 6 хвілін да канца матча дакладны ўдар у вароты сапернікаў Аляксандра Камінскага, здавалася, павінен быў стаць пераможным. Толькі за пару хвілін да канца матча каманда Ваўкавыскага раёна знайшла ў сабе сілы зраўняць лік – 3:3.


Усё павінна была вырашыць гульня Ваўкавыска і Дзятлава. Менавіта перамога другой каманды і прынесла нашым футбалістам выніковае трэцяе месца на абласных спаборніцтвах.


Па словах трэнера каманды Вадзіма Лебядзевіча, астравецкія футбалісты не прывозілі медалёў з падобных спаборніцтваў ужо больш за 15 гадоў – і вось нарэшце мы ў тройцы лепшых. Віншуем нашых спартсменаў!


Вольга АЗАРОНАК.