Відовішчныя баі прадэманстравалі астравецкія баксёры

16:34 / 07.07.2011

Нягледзячы на тое, што летнія канікулы ў разгары, няўрымслівыя астравецкія баксёры працягваюць удзельнічаць у спаборніцтвах і займаць прызавыя месцы. Вось і нядаўна яны вярнуліся з рэспубліканскай спартакіяды па боксе сярод школьнікаў, якая прайшла ў Мінску.


Чацвёра нашых рабят увайшлі ў склад зборнай Гродзенскай вобласці і прадэманстравалі ўпартыя, напружаныя і разам з тым дастойныя і відовішчныя баі.
У вагавой катэгорыі да 38,5 кілаграма выступаў Арцём Рагавенка – ён правёў добры роўны паядынак, які, аднак, у выніку закончыўся не на карысць астраўчаніна. Марк Маргуж, вагавая катэгорыя да 43 кілаграмаў, правёў тры баі, у двух з якіх перамог і ў выніку стаў бронзавым прызёрам спартакіяды.
Добры вынік прадэманстраваў і Дзіма Юцкевіч, які выступаў у вагавой катэгорыі да 44,5 кілаграма. Юнак прабаксіраваў два баі, у першым перамог, а вось другі скончыўся на карысць саперніка. Дзіма заняў “бронзавае” месца.
Працягвае прыемна радаваць свайго трэнера А.З. Маргужа і таварышаў па рынгу навічок, які пачаў займацца боксам толькі ў гэтым годзе, але ўжо можа пахваліцца добрымі паказчыкамі, Артур Гайдуль. Не застаўся непрыкмечаным ён і на рэспубліканскай спартакіядзе – у сваёй вагавой катэгорыі да 65 кілаграмаў ён стаў бронзавым прызёрам.
Віншуем рабят і іх трэнера з добрымі вынікамі.


Марына МАЦКЕВІЧ.