Максім Андралойць – новы чэмпіён Астравеччыны

13:16 / 27.06.2011

З перамогай, двума медалямі – залатым і бронзавым, вярнуўся з рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў 1997-98 гадоў нараджэння астраўчанін Максім Андралойць.


На спаборніцтва прыехалі зборныя каманды з усіх абласцей Беларусі. Менавіта ў склад каманды  Гродзеншчыны і ўваходзіў наш Максім – выхаванец Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Выступаў ён у двух відах: у сямібор’і і ў кіданні дыска. Першы ўключае ў сябе бег на 60 метраў, скачкі ў даўжыню, скачкі ў вышыню, штурханне ядра, бег на 60 метраў з бар’ерамі, скачок з шастом і бег на дыстанцыю 1000 метраў. У гэтым відзе прымалі ўдзел дзесяць спартсменаў з усіх абласцей. Аднак Максім моцных і дастойных сапернікаў не спалохаўся, упэўнена прадэманстраваў сапраўдны лёгкаатлетычны майстар-клас і не пакінуў канкурэнтам нават самага дробнага шансу на перамогу. У выніку юнак стаў чэмпіёнам рэспублікі.
Аднак на гэтым дасягненні Максіма не завяршыліся. У кіданні дыску ён усё ж такі вырашыў “злітасцівіцца” над праціўнікамі і сярод сямнаццаці ўдзельнікаў заваяваў “бронзавае” месца. У выніку каманда Гродзенскай вобласці заняла другое месца на рэспубліканскай спартакіядзе па лёгкай атлетыцы, а Максім вярнуўся дадому пераможцам.
–Канешне, калі даведаўся, што стаў першым, вельмі ўзрадаваўся, – падзяліўся ўражаннямі юнак. –Якія яшчэ эмоцыі? Радасць, гонар, усведамленне таго, што апраўдаў спадзяванні.
–Ды мы і чакалі такога выніку і разлічвалі толькі на перамогу. Верылі, рыхтаваліся, Максім цудоўна выступіў – і перамога скарылася нам, – дапаўняе выхаванца яго трэнер па лёгкай атлетыцы Ігар Дзмітрыевіч Гануліч.
Такім чынам, чэмпіёнаў на Астравеччыне стала яшчэ на аднаго спартсмена больш. Мы таксама шчыра віншуем Максіма і яго трэнера з “залатым” вынікам і жадаем новых перамог.


Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.