“Чэлсі” і “Барселона” згулялі ў Астраўцы

14:15 / 14.06.2011

Страсці кіпелі, напружанне нарастала з кожнай хвілінай, і нават спёка, якая падымала рыскі тэрмометра вышэй і вышэй, не магла спыніць азарт на гарадскім стадыёне. Гэта і не дзіўна:  на поле выйшлі “Чэлсі”, “Барселона”, “Факел” і іншыя футбольныя каманды. Прапусціць такое відовішча было проста немагчыма.


Канешне, у Астраўцы не праходзілі  Ліга Чэмпіёнаў ці Кубак UEFA, і да нас не прыехалі вядомыя футбольныя клубы Англіі і Іспаніі, але падзея была не менш цікавай і відовішчнай. Бо ў міні-футбол гулялі дзеці.
Зараз на базе навучальных устаноў райцэнтра працуюць летнікі з дзённым знаходжаннем дзяцей. Каб зрабіць іх адпачынак яшчэ больш разнастайным, карысным і вясёлым, было вырашана правесці спаборніцтва па міні-футболу сярод наведвальнікаў летнікаў СШ №1, гімназіі і дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Дарэчы, работнікі апошняга і сталі ініцыятарамі спаборніцтва.
Гульні праходзілі па дзвюх узроставых катэгорыях: малодшая група – 6-10 гадоў і старэйшая – 11-15 гадоў. Ад гімназіі былі заяўлены “Чэлсі” і “Барселона”, гонар СШ №1 абаранялі “Факел” і “Вясёлка дзяцінства”, а ад спартыўнага летніка гулялі “Юны алімпіец” і “Арлы”.
Нягледзячы на спёку, матчы праходзілі цікава і бурна. І пакуль каманды ганялі мяч па полі і забівалі галы, іх горача падтрымлівалі няўрымслівыя балельшчыкі. Тут былі і падбадзёрваючыя вершаванкі-заклікі, і маляўнічыя транспаранты, і нават сапраўдная група падтрымкі дзяўчынак.
Але ўсе сустрэчы былі неўзабаве згуляны і надышоў час узнагароджвання пераможцаў. Сярод малодшых футбалістаў на трэцім месцы аказаўся “Факел” з СШ №1, “серабро” – у гімназічнага “Чэлсі”, а пераможцам стаў спартыўны “Юны алімпіец”. Старэйшыя каманды размясціліся наступным чынам: “бронзу” атрымала “Барселона” з гімназіі, другое месца – у “Вясёлкі дзяцінства” (СШ №1), а на “залатое” месца “ўзляцелі” “Арлы” са спартыўнага летніка.
У выніку каманды атрымалі граматы. А ўсе дзеці – цудоўны настрой і мора пазітыўных эмоцый.


Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.