На свята спартсменаў Астравеччыны завіталі славутыя землякі

15:45 / 02.06.2011

Сёлета Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту праходзіў у не зусім звычайнай атмасферы – больш радасна, урачыста, з сюрпрызамі і падарункамі, а таксама прыездам вядомых землякоў-спартсменаў.


Калі ў гэты дзень у прызначаны час прыйшла ў кінаканцэртную залу “Астравец”, дзе  праходзіла святкаванне, шчыра кажучы, спачатку нават крыху разгубілася – проста не разлічвала, што зала будзе амаль поўная. Гэта ж колькі ў нас прыхільнікаў спорту!
Тым часам на сцэну выйшлі вядучыя і распачалося  ўрачыстае мерапрыемства. Першым  павіншаваць калег з прафесійным святам, а ўсім прысутным – коратка расказаць аб асноўных дасягненнях астравецкіх спартсменаў падняўся начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама С.В. Шэін. Затым эстафету віншаванняў пераняў намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла, які пажадаў віноўнікам урачыстасці і далей працаваць на тым жа узроўні і, вядома ж, папаўняць скарбонку спартыўных дасягненняў і перамог.
Завіталі сёлета на ўрачыстае мерапрыемства з нагоды дня работнікаў фізічнай культуры і спорту і нашы славутыя землякі – сапраўдныя  зоркі спорту, чые першыя крокі на ганаровы п’едэстал пачыналіся менавіта на Астравеччыне. Гэта пераможцы шматлікіх  турніраў і спаборніцтваў,  майстры спорту па лёгкай атлетыцы і боксу Таццяна Мятлеўская, Віталій Бандарэнка, Аляксандр Ляховіч, Сяргей Лобан, Дзмітрый Карвэцкі, Максім Дрэма. Пад шчырыя і дружныя апладысменты на сцэну запрасілі Таццяну Мятлеўскую і Віталія Бандарэнку.
–Я вельмі рада, што мне пашчасціла нарадзіцца ў вельмі прыгожым і непаўторным куточку Беларусі, – сказала Таццяна. – Ніколі не забуду, як мой першы трэнер Анатоль Іванавіч Шаўчэнка ўпершыню прыйшоў да нас у клас і запрасіў  запісацца ў секцыю па лёгкай атлетыцы. Я спачатку запісалася, пасля не хадзіла, а Анатоль Іванавіч усё пераконваў не кідаць спорт. Вялікі дзякуй за ўсё, што вы для мяне зрабілі, шаноўны Анатоль Іванавіч! Мае дасягненні і поспехі – гэта і вашы перамогі таксама.
–А я хачу пажадаць усім  пачынаючым спартсменам удачы, – дапоўніў сваю калегу Віталь Бандарэнка.  –Бо спорт – гэта здароўе і цікавы занятак. Таму не бойцеся ісці да сваёй мэты. Ну і, канешне ж, хачу шчыра падзякаваць свайму першаму трэнеру па боксу Аляксею Зянонавічу Маргужу – за парады і трэніроўкі, за падтрымку і дапамогу.
Моладзь і спорт –  сінонімы. Таму ў прафесійнае свята ўсіх работнікаў фізкультуры проста не магла не павіншаваць першы сакратар райкама БРСМ М.М. Кутовіч. Начальнік аддзела адукацыі В.В. Млечка, акрамя слоў віншавання, уручыў ганаровыя граматы за спартыўныя дасягненні школьнікам, а таксама настаўнікам фізічнай культуры.
Чарговую порцыю ўзнагарод ад дырэктара Астравецкага фізкультурна-спартыўнага клуба Л.С. Даўляша атрымалі нашы хакеісты, валейбалісты і стрытбалісты, якія на спаборніцтвах  рознага ўзроўню даказалі, што астравецкія спартсмены ўмеюць перамагаць. Дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы А.І. Шаўчэнка ўручыў граматы і падарункі  лепшым выхаванцам.
Як думаеце, што трэба, каб займацца боксам ці лёгкай атлетыкай? Запісацца ў секцыю? Так. Спраўна хадзіць на трэніроўкі? Безумоўна. Удзельнічаць у спаборніцтвах? Пажадана. А яшчэ трэба прайсці ўрачыстае прысвячэнне ў баксёры ці лёгкаатлеты. Што і адбылося на мерапрыемстве – маленькіх спартсменаў прысвячалі нашы славутыя землякі, якія калісьці таксама былі на іх месцы.
Напрыканцы ўрачыстасці на сцэну зноў падняўся С.В. Шэін, які ўручыў шэраг грамат і падарункаў ад аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама лепшым спартсменам Астравеччыны. Дарэчы, Сяргей Віктаравіч таксама не застаўся без узнагароды – ён атрымаў ганаровую грамату райвыканкама, якую яму ўручыў В.З. Свіла.
І, вядома, свае музычныя падарункі і вясёлыя энергічныя танцы ўсім прысутным падаравалі юныя артысты і работнікі аддзела культуры.


Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.