Традыцыйная маладзёжная спартакіяда прайшла ў Гервятах

14:15 / 15.04.2011
1

Вясна ў той дзень, падобна, была не ў настроі і вырашыла напалохаць усіх зусім не вясновым надвор’ем: рыска тэрмометра ніяк не жадала падымацца вышэй нуля, шквалісты вецер амаль збіваў з ног, а з неба падалі, змяняючы адзін аднаго, то дождж, то мокры снег. Словам, найлепшае надвор’е для таго, каб ляжаць дома пад цёплай коўдрай з кубачкам духмянай гарбаты.
Ды толькі нават такія капрызы вясны не спалохалі маладых, актыўных і спартыўных. Менавіта ў гэты дзень праходзіла чарговая, чацвёртая па ліку, спартакіяда маладых спецыялістаў Астравецкага раёна, якую па традыцыі праводзяць аддзел па справах моладзі і аддзел па фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама.


У Гервяцкі фізкультурна-аздараўленчы комплекс, дзе павінна было прайсці спаборніцтва, мы прыехалі зараней. І ўсё роўна былі не першымі: тут ужо ва ўсю разміналіся гаспадары-гервятцы і некаторыя ўдзельнікі іншых каманд. А пакуль арганізатары мерапрыемства праводзілі судзейскую калегію, рыхтавалі неабходны інвентар і абмяркоўвалі спрэчныя пытанні, я назірала за падзеямі, якія разгортваліся ў ФАКу – заездам каманд і некаторымі арганізацыйнымі момантамі. Хтосьці прыбываў ужо ў поўнай экіпіроўцы – з бадзёрым і рашучым выглядам, хоць зараз у бой! Іншыя заходзілі ў памяшканне, хвіліну-дзве ўважліва вывучалі і ацэньвалі абстаноўку, а пасля падыходзілі да арганізатараў рэгістравацца. Трэція, не паспеўшы пераступіць парог, адразу вызначалі ў натоўпе знаёмых, таварышаў ці сяброў і наступныя пяць хвілін праходзілі пад вясёлыя прывітанні, плясканне далоняў і жартаўлівыя абдымкі.
А ў гэты час з іншага боку нешта шыпела, звінела і нарэшце загучала музыка – гэта дзіджэі наладжвалі апаратуру. Словам, час перад пачаткам праляцеў насычана і разнастайна. Але вось аб’явілі ўрачыстае пастраенне каманд – і гаманлівы натоўп хутка і дысцыплінавана пераўтварыўся ў спартыўную шарэнгу з васьмі каманд. Прадэманстраваць спартыўныя здольнасці прыехала моладзь з раённага аддзела ўнутраных спраў, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, цэнтральнай раённай бальніцы, раённага аддзела адукацыі, пагранічнай камендатуры, лясгаса, СВК “Гервяты” і СВК “Варняны”.
Спачатку каманды шчыра прывіталі і пажадалі атрымаць ад спартакіяды толькі пазітыўныя, бадзёрыя і здаровыя эмоцыі намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла, начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму С.В. Шэін і начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама А.У. Трамбовіч. Далей удзельнікаў пазнаёмілі з відамі і правіламі спаборніцтваў, якія будуць праходзіць, і суддзямі, якія за гэтым будуць уважліва сачыць. Гучыць гімн і капітаны каманд падымаюць два сцягі – Беларусі і Астраўца. Свісток арбітра – і чацвёртая раённая спартакіяда маладых спецыялістаў Астравеччыны стартуе.
Па добрай задумцы распачынаецца яна чатырма відамі спорту: адначасова праходзілі спаборніцтвы па дартсу, гіравому спорту, армрэстлінгу і настольнаму тэнісу. Хтосьці можа сказаць: а як жа балельшчыкам усюды паспець? Ды лёгка! Крыху намаганняў і практыкі ў бегу ці хуткай спартыўнай хадзьбе – і ўсе самыя яркія, цікавыя і вострыя моманты спаборніцтваў не застануцца без увагі. Дапамагалі тут таксама своечасовыя і трапныя каментарыі вядучых.
Дарэчы, некалькі слоў пра іх. Упершыню ў ролі гэткіх астравецкіх “навіцкіх” выступілі два вядомыя “шоумэны”, новаспечаны і неспадзяваны, нават для іх саміх, дуэт якіх якраз дэбютаваў у Гервятах – гэта Павел Букель і Руслан Юргелянец. Трэба адзначыць, што іх жарты, каламбурныя дыялогі і прыкольныя каментарыі вельмі добра ўпісваліся ў праграму і разбаўлялі атмасферу спартакіяды.
Але вернемся да спаборніцтваў. І пачнём, безумоўна, з самага цяжкага – у сэнсе вагі – гіравога спорту. На першы погляд, гэта адзін з самых статычных, аднастайных і раўнамерных відаў – бяры і падымай гэтую 24-кілаграмовую саперніцу, колькі сіл хопіць. Аднак, як толькі справа перавальвае разоў за 80, мышцы ўдзельніка напружваюцца ўсё больш, сіл застаецца менш… А голас суддзі пры тым непрадузята нагадвае: “Рука павінна быць роўнай”. А як падтрымліваюць удзельнікаў таварышы па камандзе: “Ну давай, родненькі!”, “Ну яшчэ разок!”, “Мы ведаем – ты можаш”. І рука з гірай зноў і зноў падымаецца ўверх.
Што тычыцца вынікаў, то трэцяе месца па гіравому спорту заняў Дзмітрый Мізей з СВК “Гервяты” з паказчыкам 105 разоў. На два разы больш здолеў падняць 24-кілаграмовую Андрэй Бумбуль з РАА, які і стаў “сярэбраным” прызёрам. А “залаты” рэкорд – 126 разоў – і шчырыя апладысменты гледачоў атрымаў Дзмітрый Лаздзін з ЦРБ.
Дартс ці кіданне дроцікаў у мішэнь – спаборніцтва, на першы погляд, для самых трапных і спрытных. А я б яшчэ дадала – і любімцаў фартуны, бо сваю долю тут адыгрывае і шанцаванне – часам, здаецца, і вока прыцэлілася ў “дзясятку”, і рука не дрыгнула, а дроцік усё роўна трапіў “у малако”. У выніку сярод жанчын самымі трапнымі сталі: на трэцім месцы – Інэса Чарнушэвіч з Гервят, на другім – Вольга Зайцава (ПМС) і на першым – Валянціна Калпак з СВК “Варняны”.
На ганаровы п’едэстал прызёраў сярод мужчын па гэтаму віду спорту ўзняліся – на трэцяй прыступцы Марус Пятровіч (СВК “Гервяты”), на другой – пагранічнік Уладзімір Петрык, на першай – Вадзім Лебядзевіч (ПМС).
Па агульнакамандных выніках у дартсе першае месца занялі меліяратары, другое – у варнянцаў, трэцяе – у каманды з Гервят.
Падкачаць мышцы ног, адпрацаваць лоўкасць рук і рэакцыю – усё гэта можна зрабіць, калі гуляць у тэніс. У Гервятах пакуль тэніснага корта яшчэ няма, таму спаборніцтвы на спартакіядзе праходзілі па настольным тэнісе. Сярод прыгожай паловы лепш за ўсё валодаюць ракеткай Марына Урбановіч з Гервят, Марына Дашкевіч (СВК “Варняны”) і Юлія Кандратовіч з пагранкамендатуры – трэцяе, другое і першае месцы адпаведна. У мужчын “бронзавым” прызёрам стаў Генадзь Барадзевіч з РАУС, на другім месцы – зноў жа Вадзім Лебядзевіч (ПМС), ну а “залатой” ракеткай Астравеччыны па добрай традыцыі зноў стаў тэрапеўт ЦРБ Генадзь Хаменка.
У агульнакамандным заліку “золата” – раённая бальніца, “серабро” – СВК “Гервяты”, “бронза” – пагранкамендатура.
Армрэстлінг! Прызнаюся ў чарговы раз, што сярод іншых мяне гэты від спорту захапляе і ўражвае найбольш. Зрэшты, не толькі мяне, бо кола гледачоў вакол удзельнікаў было шматлюдным і шчыльным. Здаецца, хвілінны паядынак, але колькі эмоцый, перажыванняў і намаганняў адбываецца за гэты час. І гледачы затойваюць у напружаным чаканні дыханне – чыя ж рука акажацца мацнейшай? Вядома, “пік” страсцей прыпадае на фінал, калі ў маўклівым паядынку сыходзяцца двое лепшых. Маўклівым для ўдзельнікаў, але не для балельшчыкаў. Бо эмоцыі тут так і сыплюцца шматлікімі – калі падбадзёрваючымі, а калі і роспачнымі каментарыямі – праз край. У апошняй схватцы паміж сабой сустрэліся пагранічнік Ігар Мельнік і Міхаіл Мізей з бальніцы. У выніку перамога апынулася ў руках Ігара Мельніка, на другім месцы – Міша Мізей, “бронзавым” прызёрам стаў Валерый Перка з аддзела адукацыі.
Высвятлялі адносіны на руках і прадстаўніцы слабага полу. Тут на трэцім месцы аказалася Ірына Янковіч з СВК “Варняны”, “сярэбраную” моц рукі прадэманстравала Ганна Міжыгурская (ЦРБ). А пераможцай спаборніцтва ў чарговы раз стала Наталля Духновіч з лясгаса.
Па агульных выніках армрэслінгу – трэцяе месца ў раённага аддзела адукацыі, другое – СВК “Варняны”, першае – ЦРБ.
На гэтым першы ўмоўны этап спартакіяды завяршыўся. І пакуль гучала музыка і вядучыя забаўлялі залу, прайшла жараб’ёўка па наступнаму віду спаборніцтва – стрытболу. Нагадаю, што гэта гульня, падобная на баскетбол, але на адно кальцо. Таму адначасова праходзілі па дзве гульні, а прайграўшыя выбывалі з гульні. Адпаведна і сустрэчы праходзілі ўдвая хутчэй і цікавей: мячы траплялі ў кальцо і міма, з пераменным поспехам змяняўся лік – і з фінальным свісток арбітра раздаваліся радасныя воклічы. У выніку пасля серыі сустрэч у матчы за першае месца сышліся лідары – РАА і СВК “Гервяты”. Фінал атрымаўся дастойным і напружаным, бо амаль да канца матчу было невядома – хто ж у выніку стане пераможцам? І ўсё ж імі сталі гаспадары. На другім месцы – аддзел адукацыі, на трэцім – прадпрыемства меліярацыйных сістэм.
Чарговым этапам спартакіяды стала эстафета, якая складалася з трох відаў. Спачатку трэба было пабегаць на хуткасць, па чарзе перадаючы наступнаму ўдзельніку эстафетную палачку. Ох, і непаслухмянай аказалася гэтая палачка, якая, бы знарок, у самы непадыходзячы момант “уцякала” з рук і тым самым “тармазіла” працэс. У наступнай эстафеце ўдзельнікам прыйшлося пагуляць у хакей на падлозе – з дапамогай клюшак трэба было каціць мячыкі-шайбы вакол спецыяльна расстаўленых знакаў – задача не з простых, тым больш, што за кожную памылку і парушэнне дабаўляліся штрафныя секунды.
Аднак, на мой погляд, апошняя эстафета адназначна “пераплюнула” і па складанасці і па арыгінальнасці дзве папярэднія. Яе можна было б назваць “паласа перашкод з куляннем” або “цёмны тунель”. Мяркуйце самі: па ўмове спачатку трэба было дакаціць два мячы да вызначанага месца, затым пралезці праз цёмны тунель з тканіны, не паспеўшы апамятацца, перакуліцца і вярнуцца назад, не забыўшы пры гэтым забраць мячы.






Нягледзячы на складанасці, усе каманды з выпрабаваннямі-эстафетамі справіліся. Лепш і хутчэй за ўсіх гэта атрымалася ў гервятцаў, на другім месцы аказаліся іх калегі з СВК “Варняны”, на трэцім – меліяратары.
На думку многіх, самае відовішчнае спаборніцтва арганізатары спартакіяды пакінулі “на дэсерт”. І вельмі ўдала, бо пры словах “перацягванне каната” ажылі і ўзбадзёрыліся нават самыя стомленыя. Да каната па чарзе падыходзілі каманды асілкаў. І вось іх засталося толькі чацвёра. “Перацягнуць!” “Ды не, не змогуць”, – даносіліся з розных бакоў “стаўкі” балельшчыкаў. А тым часам у паядынку за трэцяе месца сышліся пагранічнікі і супрацоўнікі бальніцы. Рывок, яшчэ рывок – і “бронзу” прыцягнулі да сябе ахоўнікі мяжы. У фінальнай сустрэчы за розныя бакі каната ўхапіліся спецыялісты аддзела адукацыі і гервятцы. Барацьба была ўпартай, але нядоўгай: пад дружнае “э-эх” канат, а з ім і перамогу, перацягнулі ўдзельнікі з Гервят.
Самы апошні, адказны і адначасова прыемны этап – падлік балаў, вывядзенне агульнай табліцы, урачыстае пастраенне каманд і, нарэшце, аб’яўленне і ўзнагароджванне пераможцаў. Па выніках усіх праведзеных спаборніцтваў на ганаровы п’едэстал узнялася тройка лідараў: “бронзавыя” прызёры – моладзь цэнтральнай раённай бальніцы, другое месца заняў раённы аддзел адукацыі, а пераможцамі маладзёжнай спартакіяды-2011 стала каманда з СВК “Гервяты”. Пад дружныя і шчырыя апладысменты ўсе пераможцы спаборніцтва атрымалі дыпломы і каштоўныя прызы ад райвыканкама.

Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.