Новыя баі Дзмітрыя Лабэцкага

07:41 / 13.04.2011

З 28 сакавіка па 3 красавіка ў Віцебску праходзіла першынство Рэспублікі Беларусь па боксу сярод юніёраў 1995-96 гадоў нараджэння. У спаборніцтве ўдзельнічаў і выхаванец Астравецкай ДзЮСШ, кандыдат у майстры спорту, неаднаразовы пераможца і прызёр розных турніраў па боксу Дзіма Лабэцкі.


Юнак выступаў у сваёй вагавой катэгорыі да 46 кілаграмаў. На першынстве ён правёў 3 баі. У першым перамог саперніка з Брэста, а ў другім “выбіў” з далейшага спаборніцтва мінулагодняга пераможцу першынства. У трэцім паядынку Дзіма баксіраваў з праціўнікам з Магілёўскай вобласці. І, як расказаў трэнер А.З. Маргуж, у абсалютна роўным баі, суддзі тым не менш аддалі перавагу ў адно ачко саперніку нашага Дзімы. У выніку ён і стаў пераможцам першынства Беларусі. Дзіма Лабэцкі – “бронзавы” прызёр першынства сярод 14 удзельнікаў.
А ў Мінску ў канцы сакавіка адбылося першынство па боксу сярод вышэйшых навучальных устаноў Беларусі. І тут у вагавой катэгорыі да 52 кілаграмаў не было роўных нашаму земляку, майстру спорту Сяргею Лобану, які і заваяваў золата. Віншуем!


Марына МАЦКЕВІЧ.