Раённы лёгкаатлетычны крос прайшоў у Варнянах

14:53 / 08.04.2011

У мінулую суботу ў Варнянах пад дэвізам “Моладзь супраць наркотыкаў” прайшоў вясенні раённы лёгкаатлетычны крос, арганізатарамі якога сталі аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму і аддзел адукацыі Астравецкага райвыканкама.


Раніцай на аўтадроме ў вёсцы Варняны сабраліся аматары здаровага ладу жыцця – сярод іх былі і школьнікі, і дарослыя людзі, прадстаўнікі сельгаскааператываў і прадпрыемстваў раёна.
У гэты дзень нават вясна нарэшце вырашыла ўступіць у свае правы – надвор’е парадавала і ўдзельнікаў, і суддзяў. А перад аматарамі лёгкаатлетычнага кросу стаяла задача – ім неабходна было пераадолець 1000, 2000 і 3000 метраў у залежнасці ад узроставай катэгорыі. Пасля адкрыцця спаборніцтваў пачаліся забегі.
Найбольшую колькасць удзельнікаў прадстаўлялі сярэднія і базавыя школы раёна – пазмагацца за права быць лепшым у бегу прыехалі 236 школьнікаў. Менавіта яны і пачалі спаборніцтвы.
На дыстанцыі ў адзін кіламетр сярод дзяўчат лепшымі сталі Анжаліка Рэміс з Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання, Аліна Саўко з Дайлідскай школы і Вікторыя Пятровіч з СШ №1, сярод хлопцаў першым на фініш прыбег Арцём Якушчонак з Варонскай школы. Яны і атрымалі дыпломы першай ступені.
На дыстанцыі 2 кіламетры самымі хуткімі аказаліся Максім Русенчык з Варонскай школы, Эрык Кісель з Быстрыцкай, Віялета Кармаза з Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання і Ганна Калтан са Спондаў.
Томас Нарушыс з Варнянскай школы і Юрый Дукевіч з гімназіі №1 сталі лепшымі на дыстанцыі 3 кіламетры.
Прадстаўнікоў арганізацый, якія вырашылі прабегчыся, было менш. Жанчыны, якія выступалі за арганізацыі і сельгаскааператывы раёна, змагаліся ў бегу на дыстанцыі 1000 метраў. Тут месцы размеркаваліся наступным чынам: Юля Горбаль стала першай, другая – Аня Лапінская, трэцяя – Ганна Восарава. Сярод мужчын, якія беглі 3 кіламетры, лепшым стаў Артур Грачанік, на другім месцы – Павел Расамацкі, трэці – Павел Місюра.
У камандным заліку сярод прадпрыемстваў і СВК першай стала каманда прадпрыемства меліярацыйных сетак, другія – прадстаўнікі ЦРБ, трэція – СВК “Гудагай”.
Пераможцы і прызёры вясенняга кросу былі ўзнагароджаны дыпломамі аддзелаў адукацыі і фізічнай культуры, спорту і турызму, медалямі адпаведнай ступені і каштоўнымі падарункамі, спонсарамі якіх выступіў аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму. Пераможцы ў асабістым заліку былі таксама ўзнагароджаны грашовымі прэміямі, устаноўленымі праўленнем СВК “Варняны”.
Пераможцы спаборніцтваў увойдуць у зборную раёна і прымуць удзел у адкрытым Кубку Гродзенскай вобласці па лёгкаатлетычнаму кросу “Курган Славы – 2011”, які пройдзе ў сярэдзіне красавіка ў Гродне.


Алена ЯРАШЭВІЧ.