Дарагая мая Масква

18:12 / 12.08.2010
3

Калі я збіралася апошні тыдзень свайго адпачынку па запрашэнню сяброў правесці ў Маскве, родныя мяне адгаворвалі: ты паглядзі выпускі навін — там жа амаль кожны дзень новы тэмпературны рэкорд. Але ў мяне былі свае аргументы: дома ў нас не нашмат халадней, а паездка ўжо спланавана і абяцала быць насычанай на падзеі і ўражанні. Да таго ж для падобных выпадкаў і такіх, як я, рызыкантаў прыдумалі няпісанае правіла: калі нельга, але вельмі хочацца, то – можна. І я паехала. Як потым аказалася, вельмі своечасова: паспела вярнуцца да піку лясных пажараў, смогу, які ахутаў Маскву, і аб’яўлення ў сямі рэгіёнах Расіі, у тым ліку і Падмаскоўі, надзвычайнага становішча.



СПЯКОТА


Але спякота і ў сярэдзіне ліпеня ў расійскай сталіцы стаяла яшчэ тая і моцна “даставала”.
Як ратаваліся? Ды па-рознаму. Нехта ў фантанах: там у гэтыя дні – сапраўдныя купальні: і дзеці, і дарослыя імкнуцца да жаданай прахалоды. Я з жахам назірала, як асабліва адважныя давалі нырца з парапету моста ў гарадскі канал, упрыгожаны скульптурамі казачных герояў.
У Аляксандраўскім садзе прама пад таблічкамі “Па газонах не хадзіць” на месцамі яшчэ зялёнай траўцы ў ценю дрэў сядзяць і ляжаць размораныя спякотай масквічы і госці сталіцы – і ніхто іх не чапае. А што? Ахоўнікам парадку таксама горача.
Назірала цікавы малюнак: ля магілы Невядомага салдата ля Вечнага агню ў каравуле стаяць маладзенькія хлопчыкі — вартавыя. Уяўляеце: на такой спякоце – у поўнай армейскай выпраўцы: боты, гімнасцёрка, фуражка… Але праз кожныя дзесяць хвілін да вартавых, што стаялі, не варухнуўшыся, падыходзілі страявым крокам, адцягваючы насок, іх калегі – не для таго, каб змяніць – час яшчэ не прыйшоў. А каб выцерці насовачкай пот з твару. А потым тым жа страявым крокам вярталіся назад. Каб пад бой курантаў змяніць таварыша – і потым ужо той падыдзе выцерці пот, што залівае вочы…
Масквічы, кажуць, ратуюцца ад спякоты кандыцыянерамі і вентылятарамі, а таксама такiмi прыстасаваннямі, як чиллеры – яны ў адзін момант сталі самым дэфіцытным таварам у крамах. У такіх, як я, пасажыраў грамадскага транспарту асаблівай папулярнасцю карыстаўся “ручны кандыцыянер” – звычайны веер, які дазваляў на нейкі час зняць адчуванне, што ты вось-вось расплавішся і сцячэш разам з потам у каналізацыю. Вельмі нават зручна: электраэнергіі не патрабуе, заўсёды з табой, ілюзію ветрыку стварае. І ўсяго за нейкіх сто расійскіх рублёў! Кажаце, дарагавата аддаваць дзесяць нашых тысяч за кавалак тканіны з пластмасавымі рэечкамі? Ну, для Масквы – не вельмі…
Увогуле, там я зразумела сапраўдны сэнс слоў песні “Дарагая мая сталіца, залатая мая Масква”. Тое, што Масква – самы дарагі горад свету, адчуваеш на змесціве ўласнага кашалька вельмі хутка, нават калі жывеш не ў гатэлі і харчуешся не ў рэстаранах. Але гэта тэма іншай размовы. Адно магу параіць: калі збіраецеся ў Маскву, то грошай бярыце пабольш – так, на ўсякі выпадак. Можаце мне паверыць: ён абавязкова надарыцца…



ТРАНСПАРТ


Маскоўскі грамадскі транспарт быў першым моцным уражаннем. Уласна кажучы, нават не сам транспарт, а тое, як у ім вырашылі адвечную, здавалася, праблему “зайцаў”.
У метро прадаюць спецыяльныя электронныя білеты – і “разумнае вочка” на турнікеце прачытвае яго чып і адкрывае прад вамі “дзверцы” ў падземнае маскоўскае царства роўна столькі разоў, за колькі паездак вы заплацілі. Кажуць, што асабліва спрытныя умудраюцца пераскокваць цераз турнікеты – але ж для гэтага трэба мець здароўе, нахабства і рызыку, бо на кожнай станцыі дзяжураць не толькі бабулькі-білецёршы, але і міліцыянеры.
Але з метро яшчэ больш-менш зразумела. Калі ж я пабачыла такія турнікеты: не закампасціруеш білет – не пройдзеш – у аўтобусах і тралейбусах, была вельмі здзіўлена.
А сапраўдным шокам стала адкрыццё, што, прыехаўшы ў Маскву на прыгараднай электрычцы, у горад (у метро, у вакзал і г.д.) можна трапіць толькі, прайшоўшы цераз спецыяльны турнікет, якія “чытае” штрых-код на вашым білеце і правярае, ці сапраўды вы той пасажыр, за якога сябе выдаеце.
Я думаю, што каштуе гэтае абсталяванне нямала – але і эфект ад яго каласальны. Зайцы цяпер, напэўна, засталіся толькі ў падмаскоўных лясах – калі і для іх яшчэ не прыдумалі турнікеты.
Дарэчы, для жыхароў расійскай сталіцы праезд на ўсіх відах гарадскога і прыгараднага чыгуначнага грамадскага транспарту бясплатны – па спецыяльнаму электроннаму білету масквіча. Добра ім!



КРАСНАЯ ПЛОШЧА


Турысты звычайна пачынаюць знаёмства з Масквой са знакамітай Краснай плошчы.
Дакладней, яшчэ на падыходзе да яе, дзе турыстаў – а большасць наведвальнікаў тут – менавіта гэтая публіка, з розным колерам скуры і разрэзам вачэй, у розным адзенні і шматмоўная – сустракаюць шматлікія загрыміраваныя і адпаведна апранутыя “леніны”, “сталіны”, “пятры першыя” і “кацярыны другія” – хоць апошнім, здаецца, больш да месца было б сустракаць гасцей дзе-небудзь на Дварцовай плошчы ў Пецярбургу. Але якая справа артыстам, якія тут “падпрацоўваюць”, да гістарычнай дакладнасці – абы госці сталіцы, не абцяжараныя веданнем падобных дэталяў, плацілі грошы за фотаздымак са “знакамітасцю”. Цікава: жадаючыя сфатаграфавацца з бутафорскім “Леніным” знаходзяцца, а чаргі да Маўзалея, якая ў савецкія часы была неад’емным атрыбутам Краснай плошчы, – няма. Чэргі ў Маскве цяпер у іншых месцах – але пра гэта крыху пазней…
Немагчыма абмінуць прадаўцоў сувеніраў, разнастайных цацак і асабліва жаданага ў тыя гарачыя дні марожанага ды вады – і добра, калі ваш уласны гід ці здаровы сэнс падкажуць, што цэны на ўсё гэта на падыходзе да самай знакамітай маскоўскай плошчы таксама “красныя” і перавышаюць звычайныя ў разы, бо разлічаны менавіта на турыстаў, якія прыехалі сюды не толькі Маскву паглядзець, але і сябе паказаць.
У мяне ўвогуле склалася такое ўражанне, што на Краснай плошчы “тусуюцца” адны турысты: ну як жа можна пабыць у Маскве – і не сфатаграфавацца на фоне прыгожага да нерэальнасці сабора Васілія Блажэннага ці вядомага да драбніц па штодзённым мільганні на тэлеэкране і пры гэтым зусім невядомага Крамля?
Каюся: я не стала выключэннем і таксама аддала даніну паломніцтву ў маскоўскую турыстычную мекку…



АРБАТ – СТАРЫ І НОВЫ


Яшчэ адна турыстычная “фішка” Масквы – Арбат. Іх два — стары і новы. Існуе нават такі выраз: стары Арбат увайшоў у гісторыю, а новы, са сваёй арыентацыяй на “новых”, з безгустоўнай пампезнасцю забудовы, – уліп…
Праўда, масквічы сцвярджаюць, што ад старога Арбата, узвышана-настальгічна апетага Булатам Акуджавай, – дарэчы, у гонар геніяльнага песняра Арбата на гэтай цяпер пешаходнай вуліцы ўстаноўлена яго бронзавая скульптура – мала што засталося. Але ўсё роўна цікава — асабліва тым, каму параўноўваць няма з чым. І калі не звяртаць увагі на шматлікія буцікі і іншыя “забягалаўкі” для таўстасумаў, якімі заняты практычна ўсе памяшканні на першых паверхах дамоў і якія робяць Арбат падобным на любую іншую цэнтральную вуліцу любога іншага горада.
Хоць Арбат, як і ўсе турыстычныя цэнтры, арыентаваны перш за ўсё на прыезджых і іх грошы: праз кожныя пяць крокаў заклікаюць у сувенірныя крамы і рускія рэстараны “Ванюшы” і “Марусі” ў нацыянальных касцюмах. І мастакоў, як спявае Малежык, на Арбаце, прабачце за некарэктнае параўнанне, – як смецця. І нават больш – бо, да слова, насуперак распаўсюджанай сентэнцыі пра вечна брудную Расію сталіца яе знаходзіцца ў вельмі прыстойным і акуратным стане. За гэта масквічы, якія ўвогуле не вельмі любяць свайго гораданачальніка (а хто начальнікаў любіць? Хіба што былых...), тым не менш, аддаючы даніну справядлівасці, дзякуюць Юрыю Лужкову.
…На Арбаце майстры рознай ступені таленту хутка і лёгка намалююць ваш партрэт, лёгкімі рухамі алоўка ці пэндзля ператварыўшы стомленую і замучаную бытам кабету ў рамантычную незнаёмку з томна-таямнічым позіркам – вядома, калі ў вас ёсць такое жаданне і магчымасць яго аплаціць. Калі ж не хапае часу, грошай ці ўпэўненасці ў тым, што такое ператварэнне ўвогуле магчыма, – можна купіць гатовы партрэт, нацюрморт, пейзаж ці іншую жывапісную работу.
Ну а калі да візіту на Арбат вы ўжо паспелі пераканацца на ўласным вопыце, наколькі дарагая ў іх сталіца, то можна проста пагуляць – абсалютна бясплатна, калі не лічыць збітых ног – па карціннай галерэі пад адкрытым небам і паглядзець на работы мастакоў – рознага ўзроўню, стылю, майстэрства — і тым цікавыя.
А калі пашанцуе, як нам, – то і стаць гледачамі імправізаванага спектакля, якія тут часта даюць заезджыя артысты з расійскай правінцыі – і нават паўдзельнічаць у ім. Артыстычная моладзь з тэатральнай трупы “Пластылінавы дождж” з Самары без адзінага слова, але так таленавіта – кожным рухам, поглядам, крокам, усмешкай — перадавала ўсю палітру чалавечых страсцей, імправізавала, што не затрымацца было немагчыма. І не заплаціць артыстам за іх цудоўную работу – таксама.



ВАГАНЬКАЎСКІЯ МОГІЛКІ


Я не адношу сябе да тых, для каго лепшы тэатр – могілкі і ўсё, што з гэтым звязана. Але палічыла абавязковым пакланіцца памяці Уладзіміра Высоцкага, Булата Акуджавы, Леаніда Філатава, Аляксандра Абдулава, Ігара Талькова, Улада Лісцьева, Людмілы Гаршковай і многіх іншых вядомых спартсменаў, літаратараў, журналістаў, дзеячаў культуры і мастацтва, песні, вершы, усё жыццё якіх нешта мянялі ўва мне самой.
Увогуле Ваганькаўскія могілкі цяпер таксама турыстычны цэнтр, сюды нават водзяць экскурсіі – на магілы Ясеніна, Цвятаевай, іншых легендарных асоб.
Хоць увогуле тут пахаваны розныя людзі, не толькі знакамітасці. А з улікам дарагоўлі месца на маскоўскіх могілках тут упаўне афіцыйна дазволена хаваць нябожчыкаў у магілы родзічаў – не раней, чым праз пятнаццаць гадоў пасля апошняга пахавання. Шчыра кажучы, крыху не па сабе: на адным надмагільным камені ці помніку – шэсць-восем прозвішчаў. Але бачыць таблічкі на сцяне калумбарыя – месца для захавання урнаў з попелам крэміраваных – яшчэ страшней…
І ўжо зусім жудасна сузіраць пустыя гранітныя дыхтоўныя абгародкі і помнікі: месцы, значыць, выкуплены, чакаюць багатых гаспадароў, у якіх хапіла грошай і прадбачлівасці загадзя паклапаціцца пра тое, каб пасля смерці ляжаць ў прэстыжным месцы – як пры жыцці парупіцца пра дарагі асабняк, брыльянтавае калье ці шыкоўнае аўто…
…Хоць могілкі – усюды могілкі, ці простыя вясковыя, ці прэстыжныя маскоўскія. І думкі ўсюды прыходзяць аднолькавыя: аб хуткаплыннасці нашага жыцця, пустой мітусні, якая пажырае нашы дні і ночы, марнасці і бескарыснасці многіх паўсядзённых намаганняў, якія забіраюць час, нервы, здароўе.
І аб праўдзівасці слоў Ганны Ахматавай, якая некалі сказала, што вершы, нават самыя геніяльныя, не робяць іх аўтара шчаслівым… Убачыла я на тых могілках помнікі з імёнамі, якія штодзённа гучаць ва ўсіх эфірах і знаёмы кожнаму, хто ведае рускую мову, ад піянера да пенсіянера – а іх магілы пры ўсім тым зарастаюць пустазеллем… Вось і думай, пабачыўшы падобнае, што ж гэта такое – усенародная слава і чаго яна вартая…



СВЯТЫЯ МЕСЦЫ


Я ўжо гаварыла, што да Маўзалея цяпер чэргаў няма. Памянялася жыццё, памяняліся святыні…
Чатырохгадзінную чаргу давялося выстаяць у іншым месцы – у Пакроўскім манастыры, каб пакланіцца мошчам Святой Матроны Маскоўскай – Матронушкі, як ласкава, па-дамашняму, завуць яе масквічы і прыезджыя, што дзесяткамі і сотнямі ідуць да сваёй заступніцы і памочніцы з верай у цуд, які яна па малітве можа здзейсніць – і неаднаразова гэта сцвярджала і пры жыцці, і пасля смерці.
Стаяць людзям даводзілася пад спякотным сонцам. Але дзіўна — ніхто не пакінуў чаргу, ніхто не сказаў: нашто мне гэта трэба? Больш таго: нават звыклай для чэргаў — на жаль, нават у святых месцах — незадаволенасці ці агрэсіі ад жадання быць першым, прайсці хутчэй — не было. Усе моўчкі стаялі, кожны са сваімі думкамі і малітвамі – і нібы не заўважалі спёкі, стомы, асабліва хітрых, якія імкнуліся атрымаць дапамогу Матроны па-за чаргой: ну няхай паспрабуюць – толькі потым не скардзяцца, што не дапамагла Святая… А калі да чаргі падышла бабулька з паліняла-блакітнымі, як васількі ў жніўным жыце, вачыма і, пакланіўшыся, папрасіла прапусціць яе без чаргі, бо яна з Беларусі, прыязджала ў Троіца-Сергіеву Лаўру, і сёння ёй трэба ехаць назад – а як жа ехаць, не пакланіўшыся Матронушцы? – людзі ціхенька расступіліся і прапусцілі старую – без слова, без незадаволенага позірку, без недаверлівага: можа, яна з суседняй вуліцы прыйшла…
Людзі ішлі да Матронушкі не з цікаўнасці – неслі ёй самае запаветнае, выпакутаванае… Усе з кветкамі: гэта ўжо стала традыцыяй. Іх пакідалі ля ракі з мошчамі — а потым, на выхадзе, манахіні давалі спазнаўшым благадаць паломнікам іншыя кветкі, што ўжо паляжалі ля мошчаў Святой…
Канешне, у кожнага свае адносіны да рэлігіі, храмаў, святых – я не збіраюся нікому навязваць уласныя. Скажу адно: там, у Пакроўскім манастыры, ля мошчаў Святой Матроны, я пераканалася: усё, што расказваюць пра цуды Матронушкі, – толькі невялікая частка праўды пра яе, і мноства людзей маглі б дапоўніць гэтыя расповеды. У тым ліку і я…
І яшчэ адным цудам, немагчымым без дапамогі Святой Матронушкі, стала наведванне Троіца-Сергіевай Лаўры. У храмах, якія ўзводзіліся ў 11-12 стагоддзях, распісваліся Андрэем Рублёвым, дзе пакояцца мошчы Прападобнага Сергія Раданежскага — немагчыма знаходзіцца без душэўнага трымцення і невыказнага адчування нерэальнасці таго, што адбываецца, неўсведамлення таго, хто ты і што ты…
Але гэта занадта глыбокія і вельмі асабістыя перажыванні, каб можна было пра іх расказаць на старонках газеты.
Скажу адно: калі б я не наведала ў Маскве анічога, акрамя Пакроўскага манастыра і Троіца-Сергіевай Лаўры – я б усё роўна была шчаслівай!
А так –шчаслівая ўдвая.


Ніна РЫБІК.