С чего начинается движение на спортивный Олимп?

15:00 / 08.02.2014
На ўяўных шалях заснавальніка сучаснага алімпійскага руху П’ера дэ Кубертэна перавешваў удзел у Алімпіядзе, а не перамога. І сёння спартсмены з усяго зямнога шару імкнуцца трапіць (пра перамогу часам застаецца толькі марыць!) на гульні, дзе правіць дэвіз “Хутчэй, вышэй, мацней!”
Гэтыя словы не раз гаварылі сваім вучням і трэнеры Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. І не дарма! Пасеянае зерне ўзрасло і пачало даваць плады… А прозвішчы першых трэнераў “увекавечыліся” перамогамі іх гадаванцаў. Магчыма, некаторым з іх лёс дасць шанс паспрабаваць уласныя сілы на галоўным спаборніцтве спартсменаў з усяго зямнога шару.
Учора ў Сочы пачаліся XXII зімовыя Алімпійскія гульні, якія сабралі лепшых спратсменаў свету. І на шляху кожнага з іх быў свой першы трэнер.
На пытанні пра спорт, першыя спартыўныя крокі сваіх вучняў і ўласныя мары адказваюць трэнеры Астравецкай ДЮСШ.
1. Першы трэнер – гэта…
2.Кожны трэнер валодае асаблівай методыкай выкладання таго або іншага віду спорту. Калі прымяніць да вашых заняткаў вядомае выслоўе, то вы хутчэй выкарыстоўваеце на трэніроўках метад бізуна або перніка?
3.Вядома з Бібліі, што напачатку было слова. А што першапачатковае ў спорце?
4. Пра што вы марыце і чаго жадаеце сваім выхаванцам?

Аляксей Зянонавіч МАРГУЖ
Прафесійная сфера: бокс
Трэнерскае крэда: “Баішся – не рабі, а робіш – не бойся!”

1. Першы трэнер – гэта чысцільшчык. Знайсці, даказаць, запэўніць, палюбіць… Укласці сябе, каб праз некаторы час упэўніцца ў вядомай ісціне, што вучань заўсёды пераўзыходзіць настаўніка. Займацца днямі навылёт. Пры ўмове, што ў дзіцяці ёсць задаткі, а трэнер валодае дакладнай пастаноўкай школы боксу.
“Дастаць” працавітасць, даказаць вучню, што ён можа, – справа рук трэнера, і не толькі першага. У боксе нельга прайграць, у адрозненне, напрыклад, ад лёгкай атлетыкі, таму што тут зусім іншы кошт пройгрышу.
2. Кожны падапечны патрабуе адметнага і індывідуальнага падыходу. Каму трэба паплакаць – ты даеш яму магчымасць плакаць. Гэта як з аўтамагістраллю, якую табе трэба перайсці: некалькі суцэльных палос – і “шалёныя” машыны. На першы погляд здаецца, што няма выйсця. Аднак дарогу можна перайсці: ёсць і “зебра”, і святлафор. Трэба толькі не ленавацца.
Трэнер заўсёды шукае, як каго стымуляваць. На выхаванне добрага баксёра ідзе як мінімум пяць гадоў – і гэта толькі ў пачатку кар’еры. Напрыклад, да мяне прыходзяць пяцікласнікі, а ўжо ў шостым класе іх трэба аддаваць у вышэйшае звяно.
3. У спорце галоўнае – характар. Унутраная сіла, якая заўсёды будзе трымаць будучага спартсмена на плыву.
Пры любым раскладзе заўсёды выйграе вучань, а прайграе – трэнер. Я лічу, што характар можна і выхаваць. Вядома, што ў “вялікі” спорт ідуць толькі адзінкі – і трэнер разумее гэта. Важна, каб бацькі разумелі, што лепш у зале “малаціць” грушу, чым трапіць у дрэнную кампанію і “малаціць” чалавека.
4. Я жадаю сваім выхаванцам дабрабыту і міру. Я веру, што многія з іх пойдуць па жыцці дастойна. Я веру, што яны заступяцца за дзіця, жанчыну або старога, калі гэтага будзе патрабаваць сітуацыя. Я веру, што яны скажуць праўду ў вочы і пастаяць за яе да апошняга. Я веру, што, нягледзячы на ўсе жыццёвыя выпрабаванні, яны не ўпадуць духам.
Кожнаму свайму – і не толькі свайму – выхаванцу хачу сказаць: “Хлопчык, баксёрам ты можаш і не быць, а вось чалавекам быць – ты абавязаны!”


Васіль Уладзіміравіч МАРТЫШЭЎСКІ
Прафесійная сфера: лёгкая атлетыка, у прыватнасці – бег на доўгія дыстанцыі
Трэнерскае крэда: “Смак перамогі спазнаеш праз боль”.

1. Першы трэнер для сваіх падапечных і за бацьку, і за маці, і за настаўніка. Спачатку трэба падабраць вучня, а затым працаваць з ім да дзясятага поту. Каб вырасціць добрага спартсмена – трэба шмат з ім папрацаваць, да драбніц вывучыць яго характар, схільнасці…
Першы трэнер – гэта першапраходзец. Важна не памыліцца і вызначыць, да якога віду спорту здольны хлопчык або дзяўчынка, якія нядаўна прыйшлі займацца.
Першы трэнер – як камень, павінен быць цвёрдым і цярплівым. З гадамі я заўважаю тэндэнцыю: мала хто з дзяцей, якія робіць свае першыя крокі ў спартыўным жыцці, сумленна адносяцца да трэніровак. За сваёй падапечнай, якая зараз добра выступае на розных спаборніцтвах, давялося пахадзіць і нават прыходзіць пасля ўрокаў у школу, каб за руку весці на трэніроўку. Затым яна адчула смак фізічных практыкаванняў, у яе з’явілася матывацыя.
2. Напэўна, і пернік, і бізун. Меншых дзяцей, канешне, трэба стымуляваць толькі “пернікам”. У першую чаргу для таго, каб ім было цікава і яны ўцягнуліся ў трэніроўкі, прызвычаіліся да іх. Са старэйшымі аднаго толькі “перніка” недастаткова. Таму што ў падлеткавым узросце яны могуць не прыходзіць трэніроўкі і ўвогуле кінуць іх. Вядома, што пасля заканчэння школы толькі адзінкі прадаўжаюць сваю спартыўную кар’еру. На мой погляд, няхай лепш дзеці будуць пад наглядам займацца фізічнымі практыкаваннямі, чым гадзінамі навылёт сядзець за камп’ютарам.
3. У пачатку былі задаткі. Дзіця іх атрымала па спадчыне ад бацькоў або было “пацалавана” прыродай. Каб гэтыя задаткі сталі здольнасцямі, павінен “умяшацца” трэнер. Адзін спартсмен можа раскрыцца вельмі рана, а другі, наадварот, позна. Але якім бы таленавітым ні быў спартсмен, немалаважную ролю адыгрывае штодзённая праца і жаданне займацца спортам.
Я лічу, што без трэнера спартсмен не стане пераможцам. Трэнер не толькі накіроўвае, але і працуе разам са сваім падапечным.
Да мяне на секцыю па лёгкай атлетыцы нядаўна прыйшоў хлопчык. Ён не рэагаваў на ўказанні, не выконваў практыкаванні… Перш мне хацелася з ім развітацца, але я стрымаў свой парыў. І зараз не шкадую аб гэтым, таму што цяпер гэты хлопчык з задавальненнем займаецца сам і дапамагае іншым.
4. Пажадаць спартсменам хочацца перамог. Няма сэнсу працаваць з дзецьмі, калі няма жадання чагосьці дасягнуць разам з імі. Аднак трэнер павінен быць рэалістам, а не лятаць у аблоках. Перш чым ставіць высокія мэты, трэба азірнуцца назад і паглядзець на ўмовы.
А канкрэтна сваёй падапечнай, Аліне Рароўскай, я жадаю трапіць на Алімпійскія гульні.


Ігар Дзмітрыевіч ГАНУЛІЧ
Прафесійная сфера: лёгкая атлетыка, у прыватнасці – шматбор’е
Трэнерскае крэда: “Трэніруйся – і перамагай!”

1. Першы трэнер – другі бацька для тых, у каго спорт не проста часовае захапленне, а стыль жыцця. Таму што кожны спартсмен – і той, хто робіць свае першыя крокі, і той, хто з’еў не адзін пуд солі, – палову часу праводзіць у сям’і, а другую палову – у спартыўнай зале або на стадыёне.
2. Да кожнага дзіцяці павінен быць індывідуальны падыход, таму што адной універсальнай методыкі, якая б падыходзіла і аднаму, і другому лёгкаатлету, проста не існуе. Тут задзейнічаны цэлы комплекс практыкаванняў. Некаторым дзецям фізічныя нагрузкі даюцца лёгка, а іншым, наадварот, – складана. Некаторыя толькі праз пот і кроў нечага дабіваюцца ў спорце, а другія, здаецца, нарадзіліся пад шчаслівай зоркай.
Здараецца і так, што лёгкаатлету пастаянна шанцуе: ён становіцца пераможцам і на адных спаборніцтвах, і на другіх. Перамагаць, канешне, добра, але медалі маюць і адваротны бок – так званую “зоркавую хваробу”. Спартсмен адчувае сябе лепшым і перастае працаваць, удасканальвацца. Менавіта ў такіх сітуацыях трэнер павінен выкарыстоўваць “пугу”.
Я лічу, што непераможных у спорце не існуе. Сёння ты на п’едэстале, а заўтра – па-за ім. У любым выпадку трэба ісці да сваёй мэты праз характар, праз кроў і праз боль.
3. Галоўнае – характар. Чалавек, які прыходзіць у спорт, павінен быць ад прыроды надзелены моцным унутраным стрыжнем. Многія спартсмены, якіх я ведаю, у тым ліку і жанчыны, – “незгінаемыя”. Бесхарактарныя ў спорце доўга не затрымліваюцца.
4. Мы, трэнеры ніжэйшага звяна, працуем з дзецьмі толькі на першым этапе. І менавіта перад намі стаіць задача: знайсці дзіця і даць яму асновы, развіць уменні і навыкі. Калі мы выканалі сваю праграму максімум – нашы выхаванцы ідуць далей у спорт, працягваюць атрымліваць адукацыю ў вучылішчы алімпійскага рэзерву. Я, напэўна, як і кожны трэнер, мару аб тым, каб мае вучні трапілі на высокія міжнародныя спаборніцтвы і на Алімпійскія гульні.
Выступіць за сваю краіну на Алімпійскіх гульнях – гэта ўжо дасягненне. Кожны спартсмен, які туды трапіў, ужо прайшоў жорсткі адбор і безліч спаборніцтваў. Трэба быць лепшым з лепшых, каб удзельнічаць у Алімпіядзе.


Андрэй Уладзіслававіч БЛАШКЕВІЧ
Прафесійная сфера: лёгкая атлетыка, у прыватнасці – спартыўная хадзьба
Трэнерскае крэда: “Ніякіх слёз – толькі перамога”








1. Першы трэнер – і за маму, і за тату, і за доктара, і за ксяндза. Ён павінен спалучаць у сабе сотню роляў, каб падапечны верыў яму і верыў у яго.
Першы трэнер – у большай ступені сябар, а не настаўнік. Настаўнік звычайна знаходзіцца над вучнем, вышэй за яго на галаву. Настаўнік звычайна неаспрэчны, а сябар умее прызнаваць свае памылкі і займае роўную з табой пазіцыю.
2. Хутчэй метад “перніка”, а не “бізуна”. Паўтаруся, што першы трэнер павінен быць для падапечнага сябрам.
3. Адназначна спачатку быў спартсмен: з задаткамі, здольнасцямі або талентам. Затым – трэнер. Калі і першы, і другі працуюць на адной хвалі – гэта ідэальны саюз. Тады трэнер прывядзе свайго падапечнага да перамогі.
4. Перамагаць! Перад любымі стартамі трэба настройвацца толькі на перамогу, быць упэўненым у сабе і сваіх сілах. Без гэтай, часам нават нездаровай, упэўненасці не скарыш ніводзін алімп.
Рана ці позна ў любога спартсмена наступае канец кар’еры. Многія падапечныя, якія пачыналі ў мяне трэніравацца, кінулі гэтую справу. Але галоўнае – заставацца чалавекам у любой жыццёвай сітуацыі.

Сёлета 14 спартсменаў, якія рабілі свае першыя крокі ў спорт на Астравеччыне, уваходзяць у склад нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па боксе і лёгкай атлетыцы. Гэта баксёры Віталій Бандарэнка, Сяргей Лобан, Вадзім Мароз, Мікіта Ромаш, лёгкаатлеты Аляксандр Ляховіч, Яна Гануліч, Томас Нарушыц, Максім Андралойць, Аляксандр Казлоўскі, Віталій Гудойць, Аліна Саўко, Анастасія Рароўская, Аліна Гудойцева, Анжаліка Маркоўская.

--------------------------------------------------
Падрыхтавала Алена ЮРКОЙЦЬ
.