Островчане стали четвёртыми в первенстве Гродненской области по лёгкой атлетике

14:00 / 27.01.2014
Шэсць залатых, два сярэбраныя і адзін бронзавы медалі прывезлі нашы юныя спартсмены-лёгкаатлеты з першынства Гродзенскай вобласці сярод дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ, у якім удзельнічалі юнакі і дзяўчаты 1997-98 гадоў нараджэння.

Астравецкую каманду прадстаўлялі 7 удзельнікаў. Разам з імі на першынства прыехалі пазмагацца за права быць самымі хуткімі, моцнымі і спрытнымі васямнаццаць каманд з усёй вобласці.
У выніку пасля ўсіх лёгкаатлетычных выпрабаванняў астраўчане забралі сваю долю ўзнагарод. Максім Андралойць, як заўсёды, быў лепшым у бегу на 60 метраў з бар’ерамі і ў скачках у вышыню – юнак і на гэты раз стаў пераможцам. Два залатыя медалі атрымала ў забегах на 400 і 800 метраў Аліна Саўко. «Залаты дубль» зрабіў і Максім Русенчык, толькі не ў бегу, а ў спартыўнай хадзьбе на дыстанцыі 2 і 3 кіламетры.
Аліна Гудойцева ў штурханні ядра заняла другое месца. Вольга Аўгуль у бегу на дыстанцыі 1500 метраў стала чацвёртай. Таксама на “чацвёрку” прайшла 2 кіламетры Наталля Ермаковіч. А Руслан Сенкевіч заняў дзясятае месца ў бегу на 400 метраў.
У лёгкаатлетычнай эстафеце астравецкія юнакі занялі другое месца, а дзяўчаты – трэцяе.
Такім чынам, каманда Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы заняла чацвёртае агульнакаманднае месца, уступіўшы толькі два ачкі лёгкаатлетам са Слоніма. А Максім Андралойць будзе адбірацца на чэмпіянат свету па мнагабор’і сярод юніёраў.


----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.