Всемирный день снега островчане отметили спортивными состязаниями

12:00 / 26.01.2014
Здаецца, яшчэ нядаўна многія з сумам назіралі за зусім не студзеньскім цёплым надвор’ем за акном і толькі ўздыхалі: вось бы цяпер пракаціцца на санках ці лыжах з горкі ці проста пахадзіць па снезе. І шматлікія просьбы былі пачуты. І снег выпаў, і мароз прыціснуў, і зімнія спаборніцтвы пачаліся.
Не проста пракаціцца з вецярком на лыжах, але і вызначыць, хто самы хуткі ў гэтым відзе спорту сярод дзяцей і дарослых, паспрабаваць свае сілы ў зімнім стрытболе, пазмагацца за права самага трапнага ў дартсе – усё гэта і не толькі гэта можна было зрабіць падчас святкавання Сусветнага дня снегу, які ў Астраўцы прайшоў на гарадскім стадыёне.

Зіма нарэшце прачнулася ад паўтарамесячнага сну і, убачыўшы, колькі прапусціла, доўга не разважаючы, узялася за справу: сыпанула снегам, размалявала вокны марознымі ўзорамі, заіскрыла дробным інеем на дрэвах. Хоць і прыпазніўшыся, але загаспадарыла з размахам. І радасная дзетвара дастала санкі, лыжы ды звычайныя паліэтыленавыя пакеты і дружна пачала атакаваць горкі. А аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама вырашыў момант не ўпускаць – а раптам зіма зноў перадумае і снег растане? – і масавае зімняе спаборніцтва арганізаваць. А тут і нагода цудоўная падаспела – у суботу адзначаўся Сусветны дзень снегу.
А снег у той дзень бы і сапраўды разумеў, што ў яго гонар арганізавана свята, і на радасцях яшчэ да пачатку спаборніцтваў шчодра пачаў сыпаць на зямлю свае сотні тысяч бялюткіх сняжынак. Быццам такім чынам нагадваў усім аб сваёй прысутнасці – маўляў, я ўжо тут, можна пачынаць. А арганізатараў, што называецца, другі раз прасіць не трэба.
І з самай раніцы на гарадскім стадыёне пачалася актыўная падрыхтоўка да зімніх спаборніцтваў. Адзін за адным пад’язджалі аўтобусы, з іх выходзілі ўдзельнікі, даставалі лыжы і, доўга не чакаючы, пачыналі спрабаваць іх на трываласць. І зусім хутка нядаўна белае покрыва было спаласавана паралельнымі і перпендыкулярнымі ўзорамі лыжных слядоў.
Пазмагацца ў хуткасці і трапнасці на лыжні прыехалі 112 чалавек з чатырнаццаці школ раёна. Удзельнікі былі падзелены на дзве ўзроставыя катэгорыі: 2000-01 і 1997-99 гады нараджэння. Перад урачыстым стартам усіх аматараў здаровага ладу жыцця, хуткай лыжні і пушыстага снегу прывітаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Сяргей Віктаравіч Шэін. Ён павіншаваў рабят з гэтым зімовым святам, пажадаў удачы ў спаборніцтве, а таксама параіў правесці дзень снегу як мага больш насычана і весела.
Апошнія парады трэнераў, слізганне на месцы, напружанне ў нагах – і, нарэшце, доўгачаканы старт. Штуршок палак, феерверк пушыстых сняжынак ззаду і гарачае дыханне сапернікаў побач… Паехалі!!!
І літаральна праз хвіліну роўная лінія пераўтварылася ў доўгі шнурок юных лыжніц. Бо першымі спаборнічаць на лыжню выйшлі менавіта малодшыя дзяўчаты. Ім трэба было прабегчы на лыжах дыстанцыю ў адзін кіламетр. І калі першую палову шляху яны пераадолелі з дзіцячым захапленнем і спаборніцкім энтузіязмам, то чым бліжэй заставалася да фінішу, тым цяжэй даваліся апошнія сотні і дзясяткі метраў. І толькі снег на працягу ўсёй дыстанцыі быў побач, пацалункамі сняжынак асвяжаў твары і быццам падтрымліваўзаахвочваў удзельнікаў: “Давай! Я ж ведаю: ты можаш!”
Ледзь толькі лыжніцы паказаліся на фінішнай прамой, суддзі ўжо стаялі напагатове з секундамерам. Самай хуткай сярод школьніц 2000-01 гадоў нараджэння стала Юліта Дамут з Альхоўскай сярэдняй школы. На другім месцы – Яна Шаблаўскайтэ з Гервяцкай СШ. Трэцяе месца заняла Анжаліка Патэйка з Варнянскага НПК.
Наступнымі на старт выйшлі юнакі гэтага ж года нараджэння. Наперадзе іх таксама чакаў кіламетр лыжнага бегу. І зноў з зайздраснай хуткасцю ўдзельнікі па чарзе зніклі сярод дрэў лесапаркавай зоны, дзе пралягала спаборніцкая лыжня.
А вось фініш юнакоў атрымаўся цікавым і вясёлым. Толькі тройка лідараў паказалася ўдалечыні, як адзін з настаўнікаў адразу адзначыў: “А мой – першы! Я ж казаў вам, што ён будзе лепшым!” І, дарэчы, не памыліўся: Аляксандр Шанчук з Міхалішкаўскай СШ сапраўды быў першым. Следам за ім фінішаваў Аляксей Гаўрыльчык з тых жа Міхалішак. На трэцім месцы апынуўся Дзяніс Масойць з Рытанскага НПК.
А пасля пачаліся недарэчныя і крыўдныя падзенні ў некалькіх метрах ад завяршэння забегу. Адзін з удзельнікаў, праўда, не разгубіўся – хоць і не прыехаў, але прыпоўз на фініш. Яшчэ адзін юнак, відаць, з добрым пачуццём гумару завяршаў гонку, на хаду жартуючы і вітаючыся з настаўнікамі. Словам, фініш атрымаўся відовішчным.
Не менш цікавымі аказаліся лыжныя спаборніцтвы і сярод удзельнікаў 1997-99 гадоў нараджэння. У дзяўчат першай стала Дзіяна Мілаш з Міхалішкаўскай школы. Другое месца заняла Алеся Сцефановіч з Гудагайскай СШ. На трэцім – Дзіяна Шкуёнак, вучаніца Міхалішкаўскай СШ.
Самым хуткім лыжнікам сярод юнакоў гэтай узроставай катэгорыі аказаўся Павел Салавей з Міхалішкаўскай СШ. Другое месца заняў Алег Гражуль з Варнянскага НПК. Трэцім стаў Віталь Гінтаў са Спондаўскай СШ.
Акрамя лыжнай гонкі, усіх жадаючых школьнікаў паспаборнічаць у трапнасці запрашаў снежны стрытбол. Нягледзячы на некалькі экстрэмальныя ўмовы – мароз у той дзень таксама ва ўсім дапамагаў снегу і ўпарта не жадаў падымацца вышэй пятнаццаці градусаў, – жадаючых пакідаць у кола мяч было нямала. У выніку аказалася самай лепшай стрытбалісткай стала вучаніца Гервяцкай школы Анастасія Ядзевіч. Другое месца “накідаў” яе таварыш па школе Уладзіслаў Урго. Трэцюю прыступку заняў Аляксандр Васілеўскі з Гудагайскай СШ.
Але не толькі школьнікі сабраліся паўдзельнічаць у зімніх спаборніцтвах. Запрашэнні на спартыўнае свята Сусветнага дня снегу былі разасланы і ў арганізацыі, прадпрыемствы і сельгаскааператывы раёна. Біятлон, дартс, падыманне гіры – усё гэта чакала сваіх удзельнікаў і пераможцаў. Аднак дарослыя аказаліся менш лёгкімі на пад’ём, чым дзеці, ці спалохаліся снегу і марозу, а можа, проста знайшлі больш цікавы занятак у суботні дзень, бо на спаборніцтва прыехалі толькі тры ўдзельнікі з СВК “Міхалішкі”, адзін чалавек з ВУ “Астравецрайгаз” і двое з раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Сітуацыя была блізкай да катастрафічнай. Аднак лёгкая паніка хутка змянілася рашучасцю – сапраўды, не адмяняць жа ўсё з-за занятасці астатніх. І спаборніцтва было вырашана ўсё ж правесці. Праўда, біятлон замянілі на лыжную эстафету. І тут, хоць і сярод нешматлікіх удзельнікаў, таксама былі пераможцы і прызёры.
У лыжнай гонцы на дыстанцыі адзін кіламетр сярод мужчын першым стаў Іван Скаржынскі з СВК “Міхалішкі”, на другім месцы – Сяргей Суруда (РАНС), на трэцім – яго калега Павел Аляшкевіч. Першай у эстафеце сярод жанчын стала Святлана Чаплінская, на другім месцы – Аксана Чарняўская. Абедзьве з СВК “Міхалішкі”.
Адбылося і спаборніцтва па дартсе. Праўда, сюды далучылася і некалькі настаўнікаў фізкультуры, якія прыехалі разам са сваімі вучнямі. Пасля серыі трапных і не вельмі кідкоў дроцікаў у мішэнь шанцаванне і меткасць таксама вызначылі тройку лепшых. На першым месцы – Аляксандр Лузінаў з Падольцаў, на другім – Раман Вайцяховіч з “Астравецрайгазу”, на трэцім – Уладзімір Батура з Гудагайскай СШ.
Такім чынам, нягледзячы ні на што свята снегу адбылося. Узнагароды знайшлі сваіх пераможцаў, а бадзёры настрой – усіх удзельнікаў.


----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота аўтара і Л. ДАЎЛЯША
.