Островецкие боксеры в очередной раз порадовали земляков

18:00 / 12.01.2014
Чарговыя, яшчэ мінулагоднія, медалі залічаны на рахунак астравецкіх баксёраў.

У Слоніме прайшло адкрытае першынства вобласці па боксе. Акрамя юных спартсменаў Гродзеншчыны, на спаборніцтва таксама прыехалі баксёры з расійскіх Таржока і Бежацка і беларускіх Баранавічаў. Астравецкую дэлегацыю прадстаўлялі васямнаццаць чалавек. І кожны з іх пакінуў свой, запамінальны балельшчыкам і суддзям, след на рынгу. Так, Уладзімір Грынчук і Павел Лянкевіч правялі добрыя баі, чым парадавалі свайго трэнера. Яўген Гасюлевіч, Руслан Корвель, Уладзіслаў Бондар, Дзмітрый Відута і Максім Булавіцкі сталі бронзавымі прызёрамі спаборніцтва. Максім Каспяровіч, Раман Гродэль, Алег Батура і Яўген Красоўскі занялі другія месцы. А вось Арцём Іваніцкі, Аляксандр Міхайлаў, Аляксандр Дубіцкі, Арцём Каспяровіч, Аляксандр Філіповіч, Іван Стэх і Вадзім Мароз сталі пераможцамі спаборніцтва. Варта адзначыць, што некаторыя з гэтых рабят выступалі на падобным турніры ўпершыню – і тым не менш прадэманстравалі добрыя баі і нават заваявалі медалі.


Засвяціліся, хоць і без перамог, выхаванцы А.З. Маргужа і на іншых прэстыжных міжнародных турнірах.

У канцы снежня ў Маскве праходзіла матчавая сустрэча “Расія – Беларусь”.Тут у вагавой катэгорыі да 57 кілаграмаў выступаў Дзмітрый Юцкевіч. Гледачы змаглі атрымаць асалоду ад цікавага роўнага бою, у якім абодва ўдзельнікі прадэманстравалі добры бокс і ніяк не жадалі саступаць адзін аднаму. У выніку паядынак скончыўся ўнічыю 5:5.
У Ханты-Мансійску праходзіў кубак па боксе нафтавых краін. У спаборніцтве ўдзельнічаў і наш зямляк – майстар спорту міжнароднага класа Віталь Бандарэнка. Ён правёў цудоўны выйгрышны бой з сапернікам з Азербайджана. Аднак, як патлумачыў А.З. Маргуж, сучасная сістэма падліку ачкоў – сапраўдная латарэя. Па ацэнках суддзяў Віталь бой выйграў з лікам 3:2. А вось па камп’ютары – прайграў 2:1. У выніку перамогу аддалі азербайджанцу.
Тым не менш мы ганарымся нашымі землякамі і жадаем ім у новым годзе толькі перамог.


Напярэдадні Новага года астравецкія баксёры паспрабавалі свае сілы і на міжнародным юнацкім навагоднім турніры, дзе, акрамя беларускіх спартсменаў, на рынгу спаборнічалі баксёры з Украіны і Расіі.

Пазмагацца за права быць мацнейшым на рынгу на турнір паехалі сем выхаванцаў Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Максім Каспяровіч, вагавая катэгорыя да 34 кілаграмаў, і Дзмітрый Хадорскі, вагавая катэгорыя да 63 кілаграмаў, хоць і не занялі прызавых месцаў, але правялі дастойныя баі.
А вось у вагавой катэгорыі да 48 кілаграмаў жараб’ёўка звяла на рынгу двух астраўчан – Арцёма Каспяровіча і Яўгена Красоўскага. У выніку Арцём прайграў і стаў бронзавым прызёрам. Яўген жа ў фінале зноў сустрэўся з таварышам па спартыўнай школе – на гэты раз яго сапернікам стаў Аляксандр Філіповіч, які і стаў пераможцам. Яўген Красоўскі – сярэбраны прызёр. Іван Стэх, які выступаў у вагавой катэгорыі да 63 кілаграмаў, заняў другое месца. А Марк Маргуж, вагавая ка-тэгорыя да 60 кілаграмаў, без асаблівых цяжкасцей стаў пераможцам турніру.


Марына МАЦКЕВІЧ.


Фото с сайта fb.pro.sportmaster.ru