Зимний сезон боксёры из Островца начали с побед

08:00 / 20.12.2013
З перамог і прызавых месцаў пачалі зімовы сезон выхаванцы астравецкага трэнера па боксе А.З. Маргужа. Сваю долю медалёў яны здабылі на рынгу падчас першага адкрытага турніру, прысвечанага памяці майстра спорту СССР па боксе У. Несцерава, які прайшоў у Полацку.

Паспаборнічаць на рынгу ў майстэрстве бою сабраліся 113 удзельнікаў. Такой колькасцю можа пахваліцца нават не кожнае абласное спаборніцтва, што яшчэ раз даказвае: баксёры – трэнеры і іх выхаванцы, выказалі глыбокую павагу да памяці былога баксёра.
Астравецкую дэлегацыю прадстаўлялі сем чалавек. У вагавой катэгорыі да 38,5 кілаграма выступаў Дзіма Відута, які ўдзельнічаў на турніры падобнага маштабу ўпершыню. Ён добра правёў бой, але перавага аказалася на баку саперніка.
Арцём Каспяровіч і Саша Філіповіч выступалі ў адной вагавой катэгорыі – да 48 кілаграмаў. Абодва выйгралі па два баі і ў выніку аказаліся ў фінале, дзе на рынгу змагаліся ўжо паміж сабой. Бой аказаўся цікавым і відовішчным. У гэтым нялёгкім для хлопцаў паядынку мацнейшым стаў Саша Філіповіч, хоць Арцём Каспяровіч нічым не ўступаў таварышу і таксама прадэманстраваў выдатныя баксёрскія навыкі. У любым выпадку, дзякуючы рабятам сярэбраны і залаты медалі ўвайшлі ў лік нашых перамог.
У вагавой катэгорыі да 72 кілаграмаў выступаў Вадзім Мароз. Юнак выйграў першы бой, а вось у другім яго сапернікам быў пераможца чэмпіянату Беларусі, удзельнік першынства Еўропы, які аказаўся крыху мацнейшым за астраўчаніна і ў выніку стаў пераможцам. Вадзім Мароз – сярэбраны прызёр турніру.
Яшчэ двое астраўчан – Мікіта Ромаш і Саша Грынчук – выступалі ў вагавой катэгорыі да 46 кілаграмаў. Мікіта правёў добры бой, але суддзі аддалі перавагу саперніку. Саша Грынчук без асаблівых цяжкасцей выйграў першы бой і быў настроены перамагаць і далей, што і прадэманстраваў дакладнымі ўдарамі і бездакорнай тэхнікай бою падчас другога паядынку. Аднак суддзі прызналі перамогу саперніка. Саша Грынчук стаў сярэбраным прызёрам.
На мясцовага баксёра “нарваўся” і Дзіма Хадорскі, вагавая катэгорыя да 63 кілаграмаў. Праўда, перад гэтым астраўчанін з яўнай перавагай выйграў першы бой. Упэўнена і рашуча выступаў юнак і падчас другога паядынку. Але суддзі зноў вырашылі падтрымаць “свайго” баксёра, якому і прысудзілі першае месца. Наш Дзіма атрымаў “серабро”.


----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.