Юные островецкие каратисты продемонстрировали своё мастерство на областных соревнованиях

10:30 / 17.12.2013
Чацвёрка юных астравецкіх каратыстаў паўдзельнічала, і небезвынікова, у абласным спаборніцтве па кёкусінкай каратэ ў Гродне.Разам са сваім трэнерам Дзмітрыем Куцько паспрабаваць свае сілы і прадэманстраваць майстэрства на спаборніцтва паехалі юныя прыхільнікі кёкусінкай – Яраслаў Бароўскі, Мікіта Спірыдонаў, Дзіма Грыва, Косця Пятровіч.
Яраслаў Бароўскі ўдзельнічае ў спаборніцтвах не першы раз. Больш таго, юнак амаль заўсёды вяртаецца дадому з медалём. Выступленне на абласным спаборніцтве таксама не стала выключэннем. Пасля ўдалых баёў Яраслаў стаў сярэбраным прызёрам, уступіўшы ў фінале прызёру чэмпіянату свету.
Мікіта Спірыдонаў, як адзначае трэнер, заўсёды вызначаўся адказнасцю і сур’ёзным падыходам да заняткаў па каратэ. Сам аналізаваў свае памылкі, старанна працаваў над тэхнікай. А сур’ёзны падыход, як вядома, дае і сур’ёзны вынік. Мікіта на спаборніцтве заняў трэцяе месца.
Не навічок у выступленні на турнірах і Косця Пятровіч. Але на гэты раз юнаку крыху не пашанцавала. Праўда, спачатку перавага была на яго баку – і амаль да канца паядынку Косця выйграваў. Аднак, калі ўсё вырашалі апошнія хвіліны, астраўчанін ненарокам нанёс удар саперніку не па правілах. Суддзі прысудзілі нашаму ўдзельніку штрафное ачко, якое і стала рашаючым, – перамогу аддалі саперніку. Крыўдна, канешне, але, як адзначыў Дзмітрый Куцько, юнак з кожным боем выступае ўсё лепш, а значыць, да перамогі ён падступае ўсё бліжэй. Галоўнае ў гэтай справе – не адчайвацца.
А вось для Дзімы Грывы гэтае спаборніцтва было дэбютным. І юнак дастойна вытрымаў першае сур’ёзнае выпрабаванне. Хоць прызавое месца Дзіма і не заняў, але падчас бою прадэманстраваў суддзям, гледачам, трэнеру, а таксама самому сабе, чаго ён варты і на што здольны. Гэта і стала для хлопца стымулам умацоўвацца духам, удасканальвацца і змагацца да апошняга. Упэўнены, што ўсе перамогі ў яго яшчэ наперадзе.

----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.