Отдыхали и соревновались туристы

10:00 / 09.07.2013
















Дзе можна адпачыць, надыхацца свежым паветрам, адчуць сябе ў ролі сапраўдных турыстаў, прадэманстраваць уменне гуляць камандай і індывідуальныя спартыўныя здольнасці, праявіць кемлівасць і фантазію, а таксама бліснуць кулінарнымі здольнасцямі? І ўсё гэта адначасова! Канешне, на раённым турыстычным злёце сярод арганізацый і прадпрыемстваў Астравецкага раёна, які адбыўся нядаўна на традыцыйным месцы і быў прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Надвор’е сёлета не проста “шаптала”, а настойліва крычала і патрабавала хутчэй правесці турзлёт. І арганізатары злёту – а сёлета ў гэтай ролі выступілі аддзел фізкультуры, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама і РГА “Белая Русь” – не сталі доўга чакаць і аб’явілі дату злёту – 22 чэрвеня.
На традыцыйны раённы турзлёт “зляцеліся” сем каманд: раённага аддзела адукацыі, ДЛГУ “Астравецкі лясгас”, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, Міхалішкаўскага сельскага Савета, СВК “Варняны”, РУП “Саўгас “Падольскі” і СВК “Міхалішкі”. Упершыню на турзлёт не прыехалі пастаянныя турысты, амаль штогадовыя пераможцы, актывісты і завадзілы, дружная і вясёлая каманда з цэнтральнай раённай бальніцы. Напэўна, у “айбалітаў” была сур’ёзная прычына, што яны прапусцілі любімае спаборніцтва.






Турзлёт, як заўсёды, пачаўся з урачыстага адкрыцця. Пастраенне каманд, прывітальныя словы арганізатараў, падняцце трох сцягоў – Рэспублікі Беларусь, Астравецкага раёна і РГА “Белая Русь” – і аб’яўленне пачатку змагання. Сёлета колькасць каманд супала з колькасцю відаў спаборніцтва, у якіх ім трэба было паўдзельнічаць.
Гульні па валейболе распачаліся першымі і працягваліся цэлы дзень.
Каманды жараб’ёўкай былі падзелены на дзве групы. Гульні праходзілі па кругавой сістэме. У кожнай камандзе – тры ўдзельнікі: два мужчыны і адна жанчына. Шчыра кажучы, гэтае спаборніцтва можна было назваць пляжным валейболам – сонца, рэчка... Аднак да пэўнай пары. Бо без сюрпрызаў не абышлося. Надвор’е ў той дзень, так настойліва запрашаючы на адпачынак, вырашыла пажартаваць і крыху астудзіць разгарачаных спартсменаў шчодрым ліўнем. Дождж улупіў імгненна – менавіта ўлупіў, бо здавалася хтосьці зверху проста паліваў вадой з вялізнага посуду суцэльным вадаспадам. І матч за трэцяе месца праходзіў пад дажджом. Капрызаў надвор’я не спалохаліся каманды ПМС і Міхалішкаўскага сельсавета. У такіх надзвычайных умовах меліяратары ўсе ж вырвалі перамогу ў міхалішкаўцаў 2:1. А вось фінал па валейболе прыйшлося адкласці амаль на дзве гадзіны. Па-першае, гуляць пад патокам вады стала проста немагчыма, па-другое, пасля дажджу валейбольная пляцоўка ператварылася ў вялізную лужыну, і давялося чакаць, пакуль яна крыху падсохне. Калі ўмовы больш-менш дазволілі працягваць спаборніцтва, для фінальнага паядынку на пляцоўку выйшлі каманды раённага аддзела адукацыі і лясгаса. Гульня была напружанай, але тройка педагогаў у складзе Артура Грачаніка, Уладзіміра Батуры і Алены Лузінавай аказалася мацнейшай за сапернікаў.



Пакуль валейбалісты высвятлялі адносіны “праз сетку”, паралельна, яшчэ да дажджу, праходзілі спаборніцтвы па дартсе і гіравым спорце.
Кіданне дроцікаў па мішэні сёлета насіла не індывідуальны, а камандны характар. За кожную каманду выступалі па два ўдзельнікі: мужчына і жанчына. У залік ішла агульная сума “выбітых” імі ачкоў. Некалькі хвілін для трэніроўкі – і пары па чарзе падыходзяць да мішэняў.
Напэўна, у кожным відзе спорту пэўную ролю адыгрывае шанцаванне. І дартс – не выключэнне. Здаецца, дома трапляў у “дзясятку”, а тут задрыжэла рука ці падвёў зрок – і добра яшчэ, калі дроцік ляціць не ў “малако”.



У выніку лепшымі снайперамі па дартсе сталі Віталій Вашкевіч і Наталля Хаткевіч з СВК “Міхалішкі”. Яны набралі 40 і 38 ачкоў адпаведна з 50 магчымых. На другім месцы камандная пара з РАА, трэцяе заняла каманда Міхалішкаўскага сельсавета.
А вось у гіравым спорце галоўнае не толькі моц, але і трэніроўка. Бо далёка не кожны на першы, знешні, выгляд асілак зможа падняць шмат разоў гіру. Дрыжэлі рукі, напружваліся, бы струны, мускулы, ігралі скупыя эмоцыі на твары і гучаў цвёрды голас суддзі: “Дваццаць пяць… Рука павінна быць роўнай. Дваццаць пяць…” Што тут скажаш, у гіравым спорце ўсё строга і не да жартаў. У выніку больш за ўсіх – 106 разоў – гіру падняў удзельнік з Міхалішкаўскага сельскага Савета Аляксандр Карвэль. Усяго толькі на адзін раз адстаў ад яго Андрэй Бумбуль з РАА. На трэцім месцы аказаўся Раман Кірыленка з СВК “Варняны”. Яго вынік – 61 раз.
Нягледзячы на тое, што моцны і бязлітасны лівень шчодра падмачыў не толькі добры настрой удзельнікаў, але і многія важныя і неабходныя ў турзлёце прылады, такі цікавы, арыгінальны і незвычайны конкурс, як “Быт турыста”, канешне ж, ніхто не адмяніў. Бо калі ў першых выпрабаваннях спаборнічалі фізічная падрыхтоўка, спрыт, трапнасць і моц, то тут ім на змену прыйшлі фантазія, выдумка, крэатыў і арыгінальнасць. Гучалі песні і прыпеўкі, здзіўлялі самаробныя касцюмы, а нос казыталі спакуслівыя пахі юшкі і шашлыкоў. Сапраўды, усе каманды падышлі да гэтага конкурсу адказна і творча. Але найбольш арыгінальна, а галоўнае – у адпаведнасці з тэматыкай пачатку Вялікай Айчыннай вайны, сапраўднае прадстаўленне падрыхтавала каманда ПМС.
Здавалася, што з турзлёту суддзі перанесліся ў гады пачатку вайны: адпаведныя самаробныя дэкарацыі, людзі ў ваеннай форме, гранаты, аўтаматы, ваенныя песні… Усё гэта было зроблена творча і з густам. Што і ацаніла на першае месца журы.
Аднолькава цікава і арыгінальна, але пасвойму рознабакова і незвычайна прыпаднеслі побыт турыста каманды РАА і СВК “Варняны”. У выніку яны набралі аднолькавую суму ачкоў і падзялілі два другія месцы. На трэцім аказаліся гасцінныя турысты з Міхалішкаўскага сельсавета.
Ледзь скончыўся конкурс “Побыт турыста”, а імправізаваная сцэна ўжо клікала-запрашала на конкурс мастацкай самадзейнасці. Каманда ПМС у сваім выступленні зноў прадоўжыла ваенную тэматыку – і перамагла.
А за прызавыя месцы талентамі і артыстызмам зноў сапернічалі паміж сабой СВК “Варняны” і РАА. На гэты раз варнянцы былі крыху лепшымі і занялі другое месца. Педагогі – трэція.
На гэтым спаборніцтвы і конкурсы першага дня закончыліся, а вясёлым фіналам стала дыскатэка.
Наступны дзень сустрэў удзельнікаў турзлёту ясным сонечным надвор’ем і амаль бязвоблачным, чыстым небам. Усё спрыяла працягу спаборніцтваў. І турзлёт прадоўжыла цікавая гульня “гарады” – удзельнікі становяцца па розныя бакі куба, сапернік нападае, астатнія абараняюцца. А суддзі пільна сочаць, каб не было ніякіх парушэнняў. Гульня расцягнулася на некалькі гадзін. У барацьбе за трэцяе месца зноў паміж сабой сустрэліся неаднаразовыя сапернікі каманды РАА і лясгаса. На гэты раз “лесавікі” “адпомсцілі” за пройгрыш на валейбольнай пляцоўцы і выйгралі ў педагогаў, заняўшы трэцяе месца. У фінале гулялі каманда ПМС і РУП “Саўгас “Падольскі”. У выніку перамогу святкавалі ўдзельнікі з Падольцаў.
Па традыцыі на апошнія акорды турзлёту пакідаюць самае “смачненькае”, відовішчнае і інтрыгуючае – перацягванне каната. Спаборнічалі моц, тэхніка і ўменне адчуваць каманду. У кожнай – шэсць чалавек: пяць мужчын і адна жанчына. Прайграўшая каманда проста выбывала. У выніку за трэцяе месца па розныя бакі каната змагаліся каманда РАА і РУП “Саўгас “Падольскі”. Хвіліна, другая… І педагогі аказаліся мацнейшымі.
Да каната падыходзяць асілкі з лясгаса і СВК “Варняны”. І адразу становіцца зразумелым, што паядынак будзе не толькі напружаным і ўпартым, але і цікавым. Канат рухаецца то ў адзін, то ў другі бок, але ніяк не перасякае патрэбную лінію. Аднак урэшце ён усё ж такі не вытрымлівае моцы неаднаразовых пераможцаў гэтага спаборніцтва, і скараецца сіле “лесавікоў”. Варнянцы займаюць другое месца.
Пакуль удзельнікі турзлёту адпачываюць, суддзі падлічваюць ачкі. І неўзабаве надыходзіць урачысты момант узнагароджвання. Першае месца сёлета на раённым турыстычным злёце з вынікам 172 ачкі заняла каманда раённага аддзела адукацыі. На другім – ПМС (160). Трэцімі сталі варнянцы, якія набралі 156 ачкоў. Пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны кубкам, ганаровымі дыпломамі і каштоўнымі падарункамі ад аддзела фізкультуры, спорту і турызму і РГА “Белая Русь”. А галоўнае – усе вярталіся дадому адпачыўшыя і з добрым настроем.
__________________

Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота Івана ДЗЯТЛОВІЧА.