Ветераны путешествовали по району

18:00 / 08.07.2013
Раённы савет ветэранаў вайны і працы кожнае лета ладзіць для ветэранскага актыву экскурсійныя паездкі.
Сёлета вырашылі адправіцца ў падарожжа па родным раёне – у нас жа столькі цікавых мясцін! Групу ўзначаліў кіраўнік гэтай грамадскай арганізацыі Расціслаў Арсенцьевіч Герт.

Экскурсія пачалася з наведвання інфармацыйнага цэнтра Дырэкцыі Беларускай АЭС. Тут шаноўных гасцей сустрэў кіраўнік інфармацыйнай групы Эдуард Іванавіч Свірыд. Ён распавёў перадгісторыю будаўніцтва на Астравеччыне першай беларускай АЭС, карыстаючыся схемамі, даходліва растлумачыў прынцып дзеяння АЭС, яе асаблівасці і ступені абароны ад аварыйных сітуацый, падрабязна адказаў на пытанні экскурсантаў.
А затым камфартабельны аўтобус павёз ветэранаў у Варняны. Тут, вядома, усіх зацікавіў найперш велічны касцёл святога Георгія, з багатай гісторыяй якога пазнаёміў экскурсантаў ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула. Святы айцец блаславіў падарожнікаў на шчаслівую дарогу, пажадаў шчасця і апекі Божай ім і іх сем’ям.
Наступным прыпынкам сталі месцы апошняга супакаення воінаў, якія загінулі падчас Першай сусветнай вайны, дзе ўзвышаюцца помнікі. Шмат цікавага пра гэтыя мясціны ветэраны пачулі ад настаўніка гісторыі Міхалішкаўскай СШ Ігара Рыгоравіча Усціменкі і Расціслава Арсенцьевіча Герта.
Міхалішкі ў экскурсійным маршруце адзначыліся наведаннем месца, дзе ўстаноўлены памятны знак ушанавання пілотаў і курсантаў вучэбнага аэрадрома, якія загінулі ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, і касцёла св. Міхаіла Архангела. З захапленнем і любоўю расказваў пра гісторыю і мастацкія, архітэктурныя адметнасці святыні ксёндз Анатоль Захарэўскі.
Далей дарога павяла экскурсантаў у цудоўны, самабытны куточак Астравеччыны – вёску Барані, дзе знаходзіцца дом-музей паэта і святара, слаўнага сына Астравеччыны Казіміра Сваяка. Мясціны тут невыказна прыгожыя і, здаецца, нават паветра напоўнена паэзіяй. Роднае беларускае слова чуецца ў шэпаце дрэў, у ціхіх перамовах пры лёгкім ветрыку кветак у гародчыках… Незабыўнае ўражанне пакінула ўнутранае ўбранства хаты: трохі закопчаная вялікая печ – нібыта яшчэ раніцай яе прапаліла маці паэта, тонкай работы выцінанкі на вокнах – замест звыклых нам фіранак, дзіцячая калыска, старадаўняя самаробная драўляная мэбля. І цёплае святло, што зыходзіць ад залацістых сцен.
Ва ўсіх падарожжаў агульная ўласцівасць – збліжаць людзей. У гэтую вандроўку адправіліся гараджане, у большасці сваёй знаёмыя паміж сабой, многія – сямейнымі парамі, таму агульныя тэмы для абмеркавання знайшліся хутка. Пакуль ехалі на будаўнічую пляцоўку Беларускай АЭС – абменьваліся ўражаннямі ад убачанага на наведаных пунктах маршруту, выказвалі здагадкі: што яшчэ чакае вандроўнікаў? А чакала знаёмства з “будоўляй веку” – з вышыні аглядавай пляцоўкі – і абаяльным гідам Сяргеем Уладзіміравічам Горыным, якога цікаўныя ветэраны “закідалі” пытаннямі.
А на фінішнай прамой паездкі – магчымасць палюбавацца жамчужынай Астравеччыны – Гервяцкім касцёлам Святой Троіцы і паркавым ансамблем навокал яго. Тут ролю экскурсавода ўзяў на сябе (і выдатна з ёю справіўся) былы шматгадовы кіраўнік СВК “Гервяты”, а зараз старшыня ветэранскай арганізацыі гаспадаркі Вячаслаў Іосіфавіч Адахоўскі. Убачанае хараство ўсіх проста ашаламіла, асабліва тых, хто ўбачыў яго ўпершыню – а былі і такія.
Надвячоркам на востраве з вежайальтанкай у Варнянах за гарбатай з мясцовымі прысмакамі былі падведзены вынікі паездкі. Найчасцей чуліся словы шчырага захаплення: “Здорава! Незабыўна!” і пытанне: “Калі і куды паедзем зноў?”А яшчэ – словы шчырай удзячнасці спонсарам-атамшчыкам, якія на дабрачыннай аснове аплацілі гэты круіз, старшыні СВК “Варняны” Юрыю Аляксандравічу Адулу, які прыйшоў прывітаць заслужаных людзей і разам са старшынёй ветэранскай арганізацыі гаспадаркі Чаславам Аляксандравічам Свілам арганізаваў для іх гасцінны прыём.
_______________
Таіса СЯМЁНАВА.
Фота Ніны МАРЫНЯК.