Белорусский музей архитектуры и быта посетили островецкие активисты профсоюза работников агропромышленного комплекса

17:00 / 23.06.2013
Рэклама – рухавік гандлю. Зрэшты, не толькі яго – падарожжаў, як высветлілася, таксама. Ва ўсялякім выпадку “вандроўная” рубрыка, якая прапісалася ў “Астравецкай праўдзе”, прыносіць свае плады. Адзін з іх – падарожжа актывістаў прафсаюзнага жыцця ў Азярцо, якое арганізаваў райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу на чале са старшынёй Мікалаем Канстанцінавічам Грыцкевічам.

У Азярцы пад адкрытым небам размяшчаецца Беларускі дзяржаўны музей архітэктуры і побыту – менавіта так ён называецца. А па сутнасці, гэта своеасаблівы стоп-кадр мінуўшчыны: храм, школа, карчма, млын і, канешне ж, хаты з гаспадарчымі пабудовамі. А ў хатах… У хатах усё дакладна так, як і было (100? 200?) гадоў таму. І палаці, і печ, і “зыбка”, прычэпленая да бэлькі. На стале – сыр і масла. У шпулі кроснаў уведзены ніткі. Усюды – лад ды дагледжанасць. Уражанне такое, што гаспадары дзесьці на пакосе: вось-вось вернуцца – стомленыя, потныя. Вып’юць кваску з глінянага збанка і закуляцца на палаці на адпачынак…


– Вельмі цікава, – дружным хорам заявілі прафсаюзныя вандроўнікі. – Многія рэчы сялянскага побыту мы яшчэ памятаем. Прынамсі, змаглі вызначыць, для чаго яны створаны. Але нямала і такіх, якія паставілі ў тупік і самых вопытных з нас… Пра маладых і казаць няма чаго, для іх Азярцо – нібы машына часу.


Вандроўнікі не абмінулі – наведалі, удыхнулі паветра сямі стагоддзяў – і замак у Крэва, дзе калісьці была падпісана унія з Польшчай, якая мела такія сумныя наступствы для Вялікага Княства Літоўскага. Замак, у якім Ягайла, забыўшыся пра каралеўскую годнасць, задушыў князя Кейстута, што даводзіўся яму дзядзькам. І стрыечнаму брату, будучаму князю ВКЛ Вітаўту, толькі цудам удалося выратавацца з каменнага мяшка…


– Кожны лапік беларускай зямлі літаральна прасякнуты падзеямі мінуўшчыны – і слаўнымі, і ганебнымі, – гаворыць старшыня райкама работнікаў АПК Мікалай Грыцкевіч. – І тое, і другое трэба ведаць, таму што гэта наша гісторыя, нашы агульныя карані.


-------------------
Ганна ЧАКУР.