Гервятские стритболисты стали призёрами республиканских соревнований

14:07 / 01.07.2012

Радасная навіна прыляцела з Валожына ў Астравец. Гервяцкая каманда стрытбалістаў пад кіраўніцтвам свайго нязменнага трэнера Анатолія Кавалеўскага з рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па стрытболе сярод юнакоў 1997-98 гадоў нараджэння вярнулася сярэбраным прызёрам!


Прыкладна месяц назад наша газета паведамляла пра залаты поспех юных гервяцкіх стрытбалістаў на абласных спаборніцтвах і падрыхтоўку іх да рэспубліканскіх. Магчыма, хтосьці падумаў тады, што нашым рабятам тады проста пашанцавала. Ды толькі кусайце локці, скептыкі і песімісты! Гервяцкія юнакі на справе даказалі, што разлічваюць не толькі на поспех і ўдачу, але перш за ўсе – на ўласнае майстэрства і добрую гульню. Якую, дарэчы, яны і прадэманстравалі на рэспубліканскіх спаборніцтвах, якія праходзілі ў Валожыне.
Першая гульня, дзе гервятцы гулялі са спартсменамі з Бабруйска, скончылася з лікам 12:10 на карысць нашых рабят. У другой сустрэчы яны без асаблівых цяжкасцей выйгралі ў віцебчан – 16:6. Наступнымі сапернікамі была каманда з Мінска – якая, дарэчы, з’яўляецца лепшай у Беларусі камандай па баскетбольным фрыстайле. Дастойныя праціўнікі, няпростая, але цікавая гульня, якая скончылася з лікам 16:8 – мінчане выйгралі. Аднак гэта быў першы і апошні пройгрыш гервятцаў. Затым яны з лёгкасцю абыгралі каманду з Рэчыцы Гомельскай вобласці – 16:6. Проста паздзекаваліся з сапернікаў з Івацэвічаў Брэсцкай вобласці, дазволіўшы закінуць ім толькі 2 мячы – пры тым, што самі набралі, як і належыць, 16 ачкоў. Апошні, рашаючы матч з гаспадарамі спаборніцтва з Валожына, якія гулялі за Мінскую вобласць, таксама закончыўся перамогай гервятцаў – 16:8.
Такім чынам, нашы стрытбалісты ўпэўнена выйгралі пяць гульняў, адну – прайгралі і ў выніку сталі бясспрэчнымі сярэбранымі прызёрамі рэспубліканскіх спаборніцтваў па стрытболе.
Мы шчыра віншуем каманду і яе трэнера з такім поспехам!


Марына МАЦКЕВІЧ.