Неделя postfactum: страсти футбольные и околофутбольные

08:38 / 20.06.2012

Перыпетыі еўрапейскага першынства па футболе і бліскучая перамога беларускіх гандбалістаў – у чарговым аглядзе важнейшых падзей мінулага тыдня.


Далоў серыялы і шоу, не крыўдуйце, патрывайце жанчыны – сёння на мужчынскай вуліцы свята. На блакітных экранах – “Еўра-2012”!
Еўрапейскае першынство, здаецца, пасунула ў цень нават праблемы з еўравалютай. Пакуль палітыкі ды фінансісты ламаюць галаву над лёсам эканомік Грэцыі і Іспаніі, футбалісты менавіта гэтых краін уражваюць балельшчыкаў сваёй гульнёй.
Першыя дачасна адправілі дамоў расіян.
А імёны другіх, агульным трансферным коштам звыш шасцісот мільёнаў еўра, наводзяць жах на сапернікаў і прыводзяць у стан захаплення аматараў футбола незалежна ад нацыянальнай прапіскі.
Зрэшты, галоўнымі ньюсмейкерамі чэмпіянату – прынамсі, пакуль – з’яўляюцца якраз не футбалісты.
Рэпартажы аб “разборках” паміж радыкальнымі групоўкамі балельшчыкаў, так званымі “фанатамі”, часам засланяюць сабой справаздачы аб важнейшых футбольных матчах.
Амаль кожны паядынак суправаждаецца хуліганскімі выхадкамі балельшчыкаў падчас матча і крывавымі бойкамі, разрабаванымі вулічнымі кафэ, разбітымі вітрынамі магазінаў – пасля яго завяршэння.
Рашучае процістаянне масавым правапарушэнням паліцыі і сціплыя заклікі да парадку, якія гучаць з боку футбольных функцыянераў і саміх футбалістаў; штрафы, якія накладваюцца на федэрацыі, практычна не дзейнічаюць.
Яшчэ б! Сёння быць футбольным хуліганам, расквасіць нос балельшчыку з “варожага” асяроддзя, выламаць і кінуць на поле крэсла, запаліць фаер – крута. Прыкмета геройства.
Ваду на млын папулярнасці экстрэмістаў спраўна льюць тэлебачанне, сацыяльныя сеткі і “ютуб”.
Цяпер ужо, напэўна, ніхто не скажа, дзе і калі ўсё гэта пачалося.
Калі здаровае балельшчыцкае “хварэнне” за любімую каманду, за прыгожы футбол стала саступаць месца каляфутбольнаму вар’яцтву?
Калі выхад на поле цемнаскурага футбаліста стаў суправаджацца расісцкімі выкрыкамі?
Калі на трыбунах з’явіліся нацыяналістычныя банэры?
Урэшце, калі хадзіць на футбол стала небяспечным заняткам?
Ды і ці так гэта важна?
Значэнне мае іншае – сама гульня, прыгожая, захапляючая, любімая мільёнамі людзей ва ўсім свеце і шчырае балельшчыцкае “хварэнне”, са слязьмі радасці ад перамогі альбо горычы ад паражэння, з павагай да саперніка і да балельшчыкаў іншай каманды.
Пакуль гэта ёсць, і для абсалютнай большасці аматараў гульні, якія прысутнічаюць на матчах альбо сочаць за іх ходам з дапамогай тэлебачання, “Еўра-2012” – сапраўднае свята. Рэдкае, і таму – асабліва салодкае. Важна захаваць усё лепшае і не аддаць футбольнае каралеўства ў рукі вандалаў!
Будзем спадзявацца, што так  усё ў рэшце і будзе.
Зборная Беларусі ў гэтым першынстве не ўдзельнічае. Як, дарэчы, і ва ўсіх папярэдніх. Цяжка сказаць – чаму з году ў год усе спробы нашых футбалістаў прабіцца ў фінальную частку топ-турніраў заканчваюцца ганебным правалам?..
Час ад часу радуюць нас сваімі поспехамі толькі маладыя футбалісты. Вось і на маючай адбыцца алімпіядзе ў Лондане маладзёжная зборная нашай краіны будзе адзінай футбольнай камандай з ўсёй былой адной шостай часткі сушы.
Як складзецца яе лёс на галоўных стартах чатырохгоддзя – пакажа час. І ўсё ж нават сам удзел у гэтых спаборніцтвах – ужо вялікі, можна сказаць, гістарычны поспех.
Спадарожнічаў ён на мінулым тыдні і беларускім гандбалістам.
Пры падтрымцы перапоўненай “Мінск-Арэны” наша гандбольная зборная пад кіраўніцтвам алімпійскага чэмпіёна, члена легендарнай некалі каманды мінскага СКА Юрыя Шаўцова ўпершыню за 17 год суверэннай беларускай гісторыі заваявала права ўдзелу ў фінальнай частцы чэмпіянату свету 2013 года!
Такіх бы выдатных перамог і нашым футбалістам!


Эдуард СВІРЫД.