Футболисты Островецкого района боролись за кубок

07:25 / 13.06.2012

На гарадскім стадыёне Астраўца праходзіў Кубак раёна па міні-футболе, які быў прысвечаны Адзінаму тыдню масавага футбола ў Беларусі.


У спаборніцтве ўдзельнічалі восем каманд, якія падзяліліся на дзве групы. Гульні праходзілі па кругавой сістэме. У выніку пасля серыі матчаў у першай групе бясспрэчным лідарам стала каманда Дэпартамента “Ахова”, якая выйграла ў сапернікаў з лясгаса, аддзела ўнутраных спраў і СВК “Гервяты” і пры гэтым не прапусціла ў свае вароты ніводнага мяча. На другім месцы ў гэтай групе аказаліся футбалісты з лясгаса.
У другой групе адносіны на футбольным полі высвятлялі каманды прадпрыемства меліярацыйных сістэм, цэнтральнай раённай бальніцы, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і СВК “Міхалішкі”. Самым напружаным і відовішчным стаў матч паміж меліяратарамі і міхалішкаўцамі. Апошнія спачатку выйгравалі, і камандзе ПМС прыйшлося прылажыць усе сілы, каб адыграцца. У выніку іх паядынак скончыўся нічыёй 2:2. Аднак меліяратары ўсё ж такі занялі першае месца ў групе, а міхалішкаўцы – другое.
Такім чынам, у матчы за трэцяе месца на полі сустрэліся футбалісты з СВК “Міхалішкі” і лясгаса. Гульня прайшла без асаблівых нечаканасцей і вострых пераменлівых момантаў і скончылася на карысць міхалішкаўцаў 1:0.
А вось фінал паміж камандамі ПМС і Дэпартаментам “Ахова” атрымаўся цікавым. Дарэчы, адзначым, што апошняя каманда ніколі не выйгравала Кубак раёна, але часта займала другое ці трэцяе месцы. Зразумела, што ахоўнікам вельмі хацелася нарэшце стаць пераможцамі. І яны дастойна да гэтага імкнуліся. На працягу ўсяго матча гульня былі абсалютна роўнай. Аднак, відаць, фартуна і майстэрства былі ўсё ж такі на баку меліяратараў, якія рэалізавалі ўсе вострыя моманты – гэтага так і не ўдалося зрабіць іх сапернікам. У выніку матч скончыўся з лікам 4:0 – каманда ПМС святкавала перамогу, а футбалісты Дэпартамента “Ахова” – зноў на другім месцы.
Каманда-пераможца атрымала Кубак і дыпломы. Усе прызёры – камандныя прызы. Памятнымі падарункамі таксама былі адзначаны і лепшыя ігракі.


Марына МАЦКЕВІЧ.