Как будет развиваться Островецкий туризм?

16:40 / 17.05.2012

Аб гэтым ішла размова на пашыранай нарадзе, прысвечанай развіццю турызму ў раёне, якая прайшла ў райвыканкаме.



Удзел у нарадзе прынялі ўсе зацікаўленыя ў развіцці гэтай галіны: супрацоўнікі фізкультурна-спартыўнага клуба, члены створанага пры райвыканкаме каардынацыйнага савета па развіцці турызму, старшыні сельскіх Саветаў, намеснікі кіраўнікоў арганізацый і сельгаспрадпрыемстваў па ідэалогіі, прадстаўнікі раённай культуры, адукацыі, гандлю, гаспадары зарэгістраваных аграсядзіб. Для ўдзелу ў актуальнай размове прыехалі прадстаўнікі вобласці – начальнік упраўлення фізкультуры, спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама В.А. Апановіч, яго намеснік, які курыруе пытанні турызму, М.Р. Кажура, адзін з кіраўнікоў абласнога спартыўнага турызму С.І. Каляда.  Узначаліў работу нарады намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла.


Віктар Збігневіч зрабіў для ўдзельнікаў нарады інфармацыю аб стане турызму ў нашым раёне і перспектывах яго развіцця. Лейтматывам яго выступлення была думка аб тым, што турызм – гэта не толькі магчымасць цікава і карысна адпачыць, але і, пры ўдала пастаўленай рабоце, — перспектыўная галіна эканомікі. І тыя арганізацыі, прадпрыемствы, прыватныя прадпрымальнікі, хто своечасова зразумеў гэта і актыўна займаецца развіццём турыстычнага бізнесу, маюць пэўныя дывідэнды. У нас жа пакуль пасля пэўнага рыўка, які адбыўся некалькі гадоў таму, зноў наступіла зацішша… Мэтай пашыранай нарады якраз і было вывесці з летаргічнага сну людзей, сферай інтарэсаў якіх можа і павінен стаць турызм.


Да станоўчых момантаў, якія працуюць і сёння, Віктар Збігневіч аднёс тое, што ў 2008 годзе ў Астравецкім раёне – дарэчы, першым у вобласці – быў створаны сектар па турызме пры фізкультурна-спартыўным клубе. Для арганізацыі экскурсій у сектара ёсць спецыяльны камфартабельны аўтобус, які актыўна эксплуатуецца. Пры неабходнасці сектар па турызме звяртаецца за транспартнай падтрымкай у мясцовы аўтапарк, з якім заключаны дагавор. Сектар эфектыўна працуе па аказанні турыстычных паслуг, перш за ўсё па лініі паляўнічага турызму. У мінулым годзе ў раёне з’явіўся свой дыпламаваны экскурсавод – Ірына Чаславаўна Казак прайшла навучанне, атрымала неабходны сертыфікат і ўжо праводзіць экскурсіі.


Астравецкі раён даўно стаў прывабным для турыстаў з многіх рэгіёнаў краіны, блізкага і далёкага замежжа – дастаткова сказаць, што Гервяты, якія з’яўляюцца своеасаблівай турыстычнай мекай Астравеччыны, падчас турыстычнага сезона ў месяц наведвае да 25 аўтобусаў з жадаючымі палюбавацца непаўторнай прыгажосцю касцёла Святой Тройцы і разбітага наўкол яго дэндрапарку, часта можна заўважыць цікаўных з фотаапаратамі і ў Варнянах, Міхалішках, Астраўцы. Распрацаваны праект для развіцця міжнароднага турызму “На выхадныя – у госці да нас”, ён знайшоў адабрэнне ў кіраўніцтва Швянчонскага раёна Літвы, з якім у нашага раёна падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве. Праект пачне дзейнічаць, калі ўступіць у сілу падпісанае пагадненне аб спрошчаным перасячэнні мяжы жыхарамі 50-кіламетровай зоны абедзвюх краін.


Але, спыніўшыся на станоўчых момантах у развіцці турызму ў раёне, В.З. Свіла асноўную ўвагу сканцэнтраваў на нявырашаных пытаннях і існуючых праблемах – а іх нямала, і яны істотна тармозяць развіццё галіны. Першае і галоўнае — турыстычная інфраструктура патрабуе ўдасканалення, а ў многіх выпадках – і стварэння. Як сказаў крыху пазней, падводзячы вынікі нарады М.Р. Кажура, у нас ёсць турыстычныя аб’екты, але няма турыстычнага прадукту. Скажам, у тых жа Гервятах турыст, прыехаўшы за многія кіламетры і палюбаваўшыся велічным храмам і рукатворнай прыгажосцю навокал, пакуль не мае магчымасці купіць сувенір ці рэкламна-інфармацыйную прадукцыю на памяць ці нейкія мясцовыя рамесніцкія вырабы, сельгаспрадукцыю, а тым больш – паўнацэнна адпачыць. Станоўчым зрухам можна лічыць адкрыццё ў мінулым годзе мясцовым СВК кафэ ў адрэстаўраваным будынку старога млына – але гэтага недастаткова. Хоць, зрабіўшы няхітрыя, але самабытныя гандлёвыя рады, арганізаваўшы каля вясковага магазіна і калгаснага кафэ месцы для “перакусу” на адкрытым паветры, абуладкаваўшы прыбярэжную тэрыторыю, паставіўшы там некалькі лодак ды катамаранаў, можна было б вырашыць калі не ўсе, то многія з гэтых праблем.


Тое ж можна сказаць і пра іншыя прывабныя для турыстаў аб’екты наведвання – з той толькі розніцай, што ў большасці з іх, у адрозненне ад Гервят, і паабедаць няма дзе. А да некаторых – як, да прыкладу, вельмі цікавай у перспектыве развіцця турызму вёскі Дубок – і не даехаць, і не толькі на камфартабельным аўтобусе: не кожная машына пройдзе па дарозе, што вядзе да неапісальнай прыгажосці мясцін. Не кажучы ўжо пра тое, што выпадковы чалавек, які прыехаў у раён не ў складзе экскурсіі, а прыватным парадкам, ды яшчэ без карты, не толькі Дубок, а і Гервяты ці іншыя месцы турыстычнага паломніцтва наўрад ці знойдзе – адпаведных указальнікаў на дарозе  няма.


Але не Гервятамі адзінымі можна было б “пачаставаць” на Астравеччыне турыстычных гурманаў. Да прыкладу, Спондаўскі край славіцца не толькі сваімі ўнікальнымі азёрамі, але і пакуль адзінай у раёне музейнай экспазіцыяй Дома-музея Казіміра Сваяка. Аднак рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Сарачанскія азёры”, размешчаны на гэтай тэрыторыі, займаецца сваёй асноўнай і, безумоўна, вельмі важнай дзейнасцю – захаваннем прыродных асаблівасцей гэтага краю. Хоць, “прыручыўшы” “дзікіх” турыстаў, якіх тут шмат, асабліва летам, і скіраваўшы іх адпачынак у арганізаванае рэчышча, можна было б не толькі дадатковы даход атрымаць, але і тую самую галоўную задачу па захаванні ўнікальнай прыроды ажыццяўляць больш паспяхова.


З кожным годам у раённы аддзел спорту і турызму паступае ўсё больш заявак ад аматараў воднага сплаву на байдарках. Так, гэтыя людзі “заточаны” на экстрым – але ад спецыяльна зробленых на берагах ракі прыпыначных месцаў з абуладкаваным стаяначным лагерам, прычалам для плывучых сродкаў, мінімальным наборам бытавых зручнасцей ніхто, напэўна, не адмовіўся б. На жаль, падобны сумесны праект трансгранічнага супрацоўніцтва паміж Астравецкім, Смаргонскім раёнамі і Рэспублікай Літвой ужо амаль два гады безвынікова “блукае” ў калідорах розных камісій Еўрасаюза.


—Самая злабадзённая для астравецкага турызму тэма – стварэнне аграсядзіб, турыстычных комплексаў сельгаспрадпрыемстваў і актывізацыя іх дзейнасці, — зазначыў у сваім выступленні Віктар Збігневіч Свіла. – Калі ў асноўных напрамках развіцця турызму адбываюцца істотныя зрухі, то аграсядзібы – тэма пакуль “непад’ёмная”.


Хоць ёсць шмат узроўняў для ўдзелу ў агратурызме, даступных для розных стартавых магчымасцей. У мінулым годзе заяўкі на адпачынак у аграсядзібах паступалі не толькі з Мінска і іншых гарадоў рэспублікі, але і з далёкага замежжа, у тым ліку і ЗША, і людзі часам шукаюць недарагі і з невысокімі патрабаваннямі да зручнасцей варыянт адпачынку. Але і яго ў нашым раёне пакуль знайсці цяжка


Канешне, справа гэта прыватная, можна сказаць, асабістая. Але, спасылаючыся на гэта, кіраўнікі мясцовых органаў улады фактычна самаўхіліліся ад дапамогі ў развіцці гэтага накірунку турыстычнай дзейнасці.


Ёсць перспектывы і ў развіцці турызму на базе сельгаспрадпрыемстваў – ніша гэтага напрамку бізнесу пакуль незанятая. Добрыя зыходныя дадзеныя ёсць у СВК “Варняны”. Ёсць магчымасці і зацікаўленасць у развіцці гэтага напрамку дзейнасці і ў СВК “Гудагай”.


У дакладзе намесніка старшыні райвыканкама адзначалася, што слаба пакуль развіваецца спартыўны турызм у школах, хоць гэта таксама цікавы і перспектыўны напрамак работы.


В.З. Свіла пакрытыкаваў раённы ФСК за слабую работу па інфармаванні насельніцтва аб сваіх магчымасцях і аказваемых паслугах. Тое, што ў ФСК да гэтага часу няма ўласнага сайта – паказальны факт.


—Трэба ведаць ісціну сучаснага свету: калі вас няма ў інтэрнэце – вас няма ўвогуле, — сказаў Віктар Збігневіч.


Праўда, начальнік аддзела па фізкультуры, спорце і турызме райвыканкама С.В. Шэін запэўніў прысутных, што да канца мая сайт раённага ФСК будзе створаны і з’явіцца ў сусветнай павуціне.


У выступленні намесніка старшыні райвыканкама ўздымаліся і іншыя праблемы, якія існуюць у развіцці турызму ў нашым раёне – недастатковая колькасць месцаў у гарадской гасцініцы, існуючыя яшчэ пытанні з арганізацыяй грамадскага харчавання для прыезджых, абуладкаванне месцаў прыдарожнага сервісу і адпачынку.


Большасць узнятых у дакладзе В.З Свілы пытанняў і праблем знайшлі затым свой працяг у выступленнях зацікаўленых. Спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Н.І. Станкевіч гаварыла аб развіцці школьнага турызму – тут таксама нямала цікавых напрацовак – работа турыстычных гурткоў, правядзенне адпаведных злётаў, экскурсій па цікавых мясцінах роднага краю і Беларусі. Цікавым праектам з’яўляецца развіццё трансгранічнага супрацоўніцтва са школьнікамі з Літвы.


Начальнік раённага аддзела культуры С.Л. Сяўко расказаў пра дзейнасць музейнай экспазіцыі “Дом-музей Казіміра Сваяка”, а таксама пра перспектывы прыцягнення турыстаў у Малі, Гервяты, Астравец, Варняны, Спондаўскую зону. Дарэчы, сувеніры, за адсутнасць якіх часта крытыкаваліся работнікі культуры раёна, цяпер вырабляюцца адразу ў двух дамах рамёстваў – Астравецкім і Гервяцкім, і для продажу іх у Гервятах хутка будзе ўстаноўлены спецыяльны кіёск.


Намеснік дырэктара лясгаса па ідэалогіі П.З. Крупеньчык расказаў пра развіццё паляўнічага турызму – у гэтым накірунку дзейнасць Астравецкага лясгаса з’яўляецца паказальнай ва ўсёй рэспубліцы.


Старшыня Гервяцкага сельскага Савета – смага прывабнага для турыстаў у нашым раёне – выказаў слушную думку, што ў развіцці турызму на іх тэрыторыі патрэбна каардынацыя намаганняў усіх зацікаўленых, бо пакуль што касцёл робіць сваю справу, пэўныя намаганні прыкладвае праўленне сельгаскаператыва,  Дом культуры, але працуюць яны, як лебедзь, рак і шчупак. Зрэшты, чаму б у такім выпадку сельскаму Савету і не выступіць у ролі таго самага каардынатара?


Пра цікавыя планы аб развіцці турызму ў СВК “Гудагай” расказаў намеснік старшыні праўлення па ідэалогіі — які, дарэчы, стаяў ля вытокаў развіцця турыстычнай дзейнасці ў раёне — У.Б. Карпей. Пра работу заказніка “Сарачанскія азёры” – яго кіраўнік        М.А. Канчанін. Галоўны санітарны ўрач раёна Г.В. Пашук расказала, якія санітарныя патрабаванні прад’яўляюцца да ўладальнікаў аграсядзіб. Выступленне яе было кароткім, бо ў адпаведнасці з новымі санітарнымі правіламі патрабаванні гэтыя зведзены да мінімуму: на сядзібе павінна быць чыста, прадукты харчавання — без скончаных тэрмінаў прыгоднасці і раз у год гаспадары сядзібы абавязкова павінны прайсці флюараграфічнае абследаванне.


Намеснік старшыні райвыканкама             У.С. Ластоўскі яшчэ раз нагадаў пра вядомую ісціну, што турызм – гэта перш за ўсё бізнес, і пры добра пастаўленай рабоце — вельмі прыбытковы. Ён расказаў, што робіцца ў раёне для яго развіцця і на якія прэферэнцыі могуць разлічваць тыя, хто вырашыў ім заняцца.


Вынікі шырокай і ўсебаковай размовы аб развіцці турызму падвялі госці з вобласці. А начальнік раённага аддзела па фізкультуры, спорце і турызме С.В. Шэін, падсумоўваючы ўсё сказанае, вызначыў для прысутных асноўныя напрамкі работы на бліжэйшую і больш аддаленую перспектыву.



Ніна РЫБІК.