З поўнымі камплектамі ўзнагарод вярнуліся з чарговых спаборніцтваў астравецкія баксёры

09:10 / 09.04.2012

На гэты раз адначасова праходзіла аж два спаборніцтвы па гэтаму віду спорту. У першынстве Гродзенскай вобласці майстэрства валодання скураной пальчаткай дэманстравалі юнакі 1994-1995 і 1996-1997 гадоў нараджэння. А ўжо на чэмпіянаце Гродзенскай вобласці спартыўныя адносіны на рынгу высвятлялі дарослыя ўдзельнікі.


У выніку пасля шэрагу баёў ва ўзроставай катэгорыі 1996-1997 гады нараджэння пераможцамі сталі Жэня Гарачоў, вагавая катэгорыя да 42 кілаграмаў, і Дзіма Юцкевіч – да 50 кілаграмаў. Сярэбраным прызёрам у вагавой катэгорыі да 57 кілаграмаў стаў Дзіма Лабэцкі.
Не абышлося без перамог і ў старэйшай групе. Дзіма Карвэцкі (да 64 кілаграмаў) заняў першае месца, Максім Дрэма (да 69 кілаграмаў) – другое, а “бронзавым” прызёрам стаў Жэня Урбановіч – вагавая катэгорыя да 69 кілаграмаў.
Дастойныя вынікі малодшых таварышаў падтрымалі і дарослыя ўдзельнікі. “Золата” на рынгу заваявалі ў сваёй вагавой катэгорыі Аляксандр Красоўскі (да 64 кілаграмаў) і Яўген Іваніцкі (да 69 кілаграмаў). Трэцяе месца заняў Віталій Савёнак.
Пераможцы і прызёры першынства і чэмпіянату атрымалі медалі і ганаровыя граматы.
А ўжо ў красавіку нашых юных баксёраў чакае новае спаборніцтва. Хочацца пажадаць ім удачы!


Марына МАЦКЕВІЧ.