Спартыўнае свята сабрала дзяцей у Мальскай школе

16:40 / 22.03.2012

Раённае свята па развіцці рухальнай актыўнасці для дзяцей-інвалідаў, якія займаюцца ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і развіцця, прайшло на базе Мальскага НПК.


Удзел у спартыўным свяце пад гучнай назвай “Усе разам” прынялі дзве каманды – каманда карэкцыйнага цэнтра “Васількі”, у якую ўвайшлі Яраслаў Пляско, Кірыл Юркойць, Арцём Камок, Эрнэст Сцефанавічус і Марта Кашчыц, і зборная раёна “Званочкі”, у якую аб’ядналіся Аляксей Гайдуль з Дайлідскай школы, Міхаіл Падарэцкі з Гудагайскай, Яўген Антановіч з СШ №1 і Алёна Дзенюш з Трокеніцкай базавай школы.
Дзеці з розных вёсак і Астраўца сабраліся, каб даказаць, што яны моцныя, спрытныя, смелыя і спартыўныя. А свята дапамаглі стварыць супрацоўнікі карэкцыйнага цэнтра, вучні і педагогі Мальскага НПК і, канешне ж, бацькі.
Гульня-размінка, конкурсы – “Баскетбаліст”, “Збор ураджаю”, “Футбаліст”, “Кеглі”, “Кідкі мяча ў парах”, “Чаўночны бег”, “Мышалоўка”, гульня “Займі сваю хатку” – падчас якіх дзеці паказалі добрыя спартыўныя навыкі, лоўкасць, трапнасць, сілу. А паміж конкурсамі былі перапынкі, тады ўдзельнікаў спартыўнага свята, іх бацькоў і педагогаў песнямі весялілі вучні Мальскай школы.
Увесь час каманды ішлі нага ў нагу – і ў выніку перамагло сяброўства. Без падарункаў не застаўся ніхто – усе ўдзельнікі раённага этапу рэспубліканскага конкурсу “Усе разам” атрымалі мяккія цацкі, ракеткі для тэнісу, даміно і іншыя прызы, набытыя са сродкаў раённага бюджэту. А пасля гульні дзяцей запрасілі на святочны абед і экскурсію ў музейны пакой Мальскай школы.
Ужо ў красавіку каманда дзяцей карэкцыйнага цэнтра прыме ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Усе разам!”.


Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.