Паляўнічая гаспадарка Астравецкага лясгаса ў фактах і асобах

10:26 / 16.03.2012

На выніковай калегіі Мінлясгаса ДЛГУ “Астравецкі лясгас” атрымаў Ганаровую грамату Міністэрства за высокія дасягненні ў паляўнічагаспадарчай дзейнасці ў 2011 годзе. І гэтая ўзнагарода цалкам заслужаная, бо за апошнія гады наша лесапаляўнічая гаспадарка атрымала дынамічнае развіццё і стала адной з перспектыўных напрамкаў работы Астравецкага лясгаса.


У рамках ажыццяўлення Дзяржаўнай праграмы развіцця паляўнічай гаспадаркі на 2006-2015 гады наша лесапаляўнічая гаспадарка – дарэчы, адзіная ў Гродзенскай вобласці – атрымала статус “паказальная”. За гэтыя гады тут адбыліся карэнныя перамены, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці вядзення паляўнічай гаспадаркі.
Значна палепшана матэрыяльна-тэхнічная база: гаспадарка мае практычна ўсе неабходныя машыны і механізмы для комплекснага вядзення паляўнічай гаспадаркі – трактар МТЗ-82 з прычэпам, культыватар, плугі, дыскавыя і зубчастыя бароны, сеялкі, бульбасаджалку, бульбакапалкі, бартавы і легкавы аўтамабілі, снегаход “Рысь”, а таксама цэлы набор біятэхнічных збудаванняў: вышкі для адстрэлу і назірання за дзікімі жывёламі, падкормачныя комплексы, стралковыя лініі.
У свой час лясгас набыў пад Дом паляўнічага будынак Дравяніцкай пачатковай школы, былой сядзібы Блажэвічаў. Сёння тут створаны ўсе ўмовы для адпачынку паляўнічых і турыстаў: сядзіба з усімі выгодамі, лазня, панскія стаўкі, альтанка, старадаўні склеп, вялікі халадзільнік-маразільнік, пляцоўка для разбору дзічы, цір для стральбы. У мінулым годзе каля Дома паляўнічага быў закладзены дэндрапарк плошчай 3,2 гектара імя заслужанага лесавода Астравеччыны, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Пятровіча Кажамякіна.
Важнай падзеяй мінулага года стала адкрыццё другога Дома паляўнічага каля вёскі Быстрыца – зараз лесапаляўнічая гаспадарка можа прымаць яшчэ больш турыстаў і аматараў палявання. Сядзіба знаходзіцца на маляўнічым беразе Віліі, што надае гэтаму месцу асаблівы каларыт. Да таго ж адпачываючыя могуць атрымаць задавальненне не толькі ад палявання, але і ад рыбалкі. У Доме паляўнічага створаны камфортныя ўмовы – дзве спальні, камінная зала, кухня, гарачае і халоднае водазабеспячэнне. А які ж адпачынак без лазні? У хуткім часе закончыцца яе рамонт – а значыць, будзе дзе адпачыць і аматарам лёгкай пары. Варта адзначыць, што тэрыторыя каля новага Дома паляўнічага дастаткова вялікая, таму ў лясгасаўцаў узнікла ідэя пабудаваць тут у будучым летнія домікі для прыцягнення большай колькасці адпачываючых. Ідэя, трэба сказаць, цудоўная, бо пры ўсім прыродным багацці нашага раёна, турыстам, якія прывыклі да больш камфортнага адпачынку, спыніцца пакуль няма дзе. Упэўнена, што жадаючых улетку зняць домік на беразе Віліі будзе хоць адбаўляй.
У лесапаляўнічай гаспадарцы Астравецкага лясгаса, дзякуючы своечасова арганізаваным біятэхнічным збудаванням – падкормачным пляцоўкам, кармушкам, кармавым палям, а таксама якаснай ахове ад браканьераў, пагалоўе паляўнічых відаў жывёлы дасягнула аптымальнага. Таму паляўнічыя туры практычна заўсёды выніковыя і госці-паляўнічыя застаюцца задаволенымі. У мінулым годзе прайшло 12 тураў з удзелам паляўнічых з Расіі і Украіны – гаспадарка ад замежнага паляўнічага турызму атрымала даходаў на суму 328 мільёнаў рублёў (пры плане 140 мільёнаў рублёў). Усяго даходаў атрымана на суму 512 мільёнаў рублёў (план – 180 мільёнаў рублёў).
Некалькі гадоў назад на базе паляўнічай гаспадаркі быў пабудаваны вальер плошчай 206 гектараў, які складаецца з трох адсекаў. У першым вырошчваюцца плямістыя алені і дзікія кабаны, у другім – высакародныя алені, завезеныя сюды з Белавежскай пушчы з мэтай стварэння новай папуляцыі. Трэці адсек стаў месцам жыхарства еўрапейскай лані, якую сюды завезлі з Літвы для рэакліматызацыі. Па гістарычных дадзеных, некалі гэты від быў распаўсюджаны ў Беларусі, аб чым сведчаць і архівы Вялікага Княства Літоўскага. Дарэчы, наш лясгас разам з ДЛГУ “Лепельскі лясгас” першымі ў рэспубліцы распачалі вальернае вырошчванне еўрапейскай лані. Пакуль што яе рэалізуюць іншым гаспадаркам для вальернага ўтрымання, але ў планах пробны выпуск першай партыі на волю.
Лесапаляўнічая гаспадарка займае тэрыторыю 35 тысяч гектараў, якая падзелена паміж трыма егерамі С.І. Віюком, С.С. Пашкевічам і Т.В. Лукойцем, што працуюць на чале з вядучым інжынерам па паляўнічай гаспадарцы В.М. Урбановічам. Даглядае за жывёлай рабочы М.Ц. Ярмольчык, а яе карміцелем з’яўляецца трактарыст А.А. Завадскі, які сее і ўбірае кармавыя палі. За парадкам у абодвух Дамах паляўнічых сочыць гаспадыня Г.В. Смольская. На плячах гэтых сямі чалавек ляжыць вялікая гаспадарка, якая патрабуе шмат сіл і часу. Але з усімі сваімі абавязкамі яны цудоўны спраўляюцца – барацьба з браканьерствам, догляд за жывёлай, падкормка, павелічэнне пагалоўя паляўнічых відаў жывёл, барацьба з непажаданымі відамі, арганізацыя палявання.
Вялікая заслуга астравецкіх паляўніцтвазнаўцаў у тым, што яны ніколі не стаяць на месцы, а заўсёды шукаюць новыя шляхі развіцця для павышэння эфектыўнасці вядзення паляўнічай гаспадаркі. Так, каб прыцягнуць яшчэ больш турыстаў, Астравецкі лясгас у мінулым годзе заключыў дагавор з Інстытутам лесу Нацыянальнай акадэміі навук аб пракладцы экалагічнай сцежкі. Ужо сёлета людзі, далёкія ад паляўніцтва, але неабыякавыя да прыроды, змогуць прыехаць у наш раён, убачыць цікавыя мясціны, дзікіх жывёл. Акрамя таго, Астравецкі лясгас плануе павялічыць плошчу вальера і праводзіць там паляванне з арбалета і лука.



Станіслаў Іосіфавіч Віюк: "Хобі стала работай"

– Бачыце, сляды… Не так даўно тут былі кабаны, – заўважае егер Станіслаў Іосіфавіч Віюк, калі мы падыходзім з ім да падкормачнай пляцоўкі. – Гэта ж трэба, усё з’елі! Ну нічога, зараз мы вас пакормім.
І егер клапатліва падсыпае зерне ў кармушку.
За Станіславам Іосіфавічам замацаваны чатыры такія падкормачныя пляцоўкі, на кожную ён пад’язджае два разы на тыдзень. Несумненна, дзікая жывёла змагла перажыць сёлетнюю цяжкую зіму, дзякуючы таму, што ёй было дзе падкарміцца.

Станіслаў Іосіфавіч працуе егерам усяго паўтара года, хаця яго паляўнічы стаж набліжаецца да 25 гадоў. Па адукацыі ён энергетык, усё жыццё працаваў па спецыяльнасці ў розных арганізацыях раёна. Але любоў да прыроды і да ўсяго жывёльнага свету заўсёды жыла ў яго сэрцы. Ён захапляецца паляваннем з 1988 года, нават свой дом у Быстрыцы ператварыў у своеасаблівы Дом паляўнічага – ёсць там і лазня, і выстаўка паляўнічых трафеяў, і літаратура, прысвечаная тэме паляўніцтва і рыбалоўства. Вось і вырашыў ён астатнюю частку жыцця прысвяціць хобі, якое ператварыў у прафесію.
– Мне здаецца, што прыродны інстынкт паляўнічага закладзены ў кожным мужчыне, – расказвае Станіслаў Іосіфавіч. – Паляванне – гэта своеасаблівае спаборніцтва чалавека з жывёлай, дзе розум, кемлівасць, вопыт чалавека спаборнічаюць з імгненнай рэакцыяй, хуткасцю, інстынктыўнай асцярожнасцю і нюхам звера. Паляўнічыя не забіваюць, а здабываюць жывёлу, у якой заўсёды ёсць шанс уцячы і выжыць.
Правядзенне калектыўнага загоннага палявання для егера – гэта перш за ўсё вялікая адказнасць і напружаная праца. Неабходна аптымальна падабраць участкі загонаў, правільна расставіць стралкоў па нумарах, узяць пад кантроль найбольш верагодныя месцы пераходу паляўнічай жывёлы.
У егера, акрамя арганізацыі палявання, яшчэ шмат абавязкаў – гэта і падкормка жывёлы, ахова фаўны, барацьба з браканьерствам і непажаданымі відамі звяроў – да прыкладу, ваўкамі, кожны з якіх з’ядае да 15 кабаноў і 5 ласёў. У гэтым годзе егеры ўжо здабылі 5 ваўкоў. Работы шмат, але Станіслаў Іосіфавіч атрымлівае задавальненне ад усяго, чым зараз займаецца. Лясныя ўгоддзі ён ведае, як свае пяць пальцаў.
Сам Станіслаў Іосіфавіч больш за ўсё любіць загоннае паляванне на зайца. Але апошнім часам стаў цікавіцца і рыбалкай. У гэтым годзе ён злавіў шасцікілаграмовага шчупака даўжынёй 90 сантыметраў, а найбольшым прадметам яго гонару стаў чатырохкілаграмовы жэрах – самая цяжкая здабыча для спінінгіста.
Пасля ўдалага палявання ці рыбалкі Станіслаў Іосіфавіч любіць сабрацца з таварышамі дзе-небудзь у маляўнічым куточку, раскласці вогнішча і весці шчырыя размовы пад водар любімых страў і пах дыму...


Вольга ШОЎКУН, фота аўтара.