“Сярэбраныя” лёгкаатлеты і “бронзавыя” стрытбалісты

15:08 / 30.09.2011

З добрымі вынікамі, кубкамі і граматамі вярнуліся астравецкія спартсмены з абласной фінальнай спартакіяды сярод сельскіх жыхароў.


Спаборніцтва праходзіла па сямі відах спорту. Лепш за ўсё астраўчане прадэманстравалі хуткасць і трэніраванасць у лёгкай атлетыцы. Тут удзельнічала каманда з пяці чалавек – дзвюх жанчын і трох мужчын. Трокеніцкая “маланка” Яніна Філіповіч на стометроўцы стала першай. Такі ж залаты вынік прадэманстравала яна і ў скачках у даўжыню з месца. На дыстанцыі 400 метраў жанчына прыбегла трэцяй і ў агульным заліку стала пераможцай.
Яе калега па камандзе Аіда Рубель, майстар спорту па мнагаборстве, цвёрда вырашыла нікому не саступаць і слабінку не даваць, а трымаць прамы курс толькі на перамогу. І гэта ў яе атрымалася без перашкод. Па ўсіх відах спаборніцтва Аіда заняла першае месца.
Сярод мужчын лепш за ўсіх выступіў добравядомы сваімі дасягненнямі Руслан Пляўга. Дыстанцыю ў 100 метраў ён завяршыў трэцім. Затое проста бліскуча прадэманстраваў свае магчымасці ў скачках у даўжыню з месца – тры метры – гэта вам не жартачкі! Тут Руслану роўных не было – яго рэкорд ніхто пераўзысці не змог. У бегу на 800 метраў хлопец стаў другім. У агульным заліку Руслан заняў другое месца.
Артур Грэчанік на стометроўцы прыйшоў пятым. У скачках у даўжыню з месца быў чацвёртым. А на дыстанцыі 800 метраў – шостым. У агульным заліку Артур заняў пятае месца. Не вельмі пашанцавала навічку Аляксею Малашэнкаву, які ў такім спаборніцтве выступаў упершыню і заняў 12 месца сярод 28 удзельнікаў.
У выніку ж астравецкія лёгкаатлеты прывезлі дадому кубак за другое агульнакаманднае месца. Усе прызёры атрымалі граматы, а пераможцы – і грашовыя прэміі.
Добра выступіла на спартакіядзе і цудоўная тройка гервяцкіх стрытбалістаў. Анатоль Кавалеўскі, Аляксей Махнач і Дзмітрый Міцкевіч на справе даказалі і паказалі, што стрытболам на Астравеччыне сапраўды захапляюцца. У сваёй падгрупе яны выйгралі ў Ваўкавыскага і Шчучынскага раёнаў і прайгралі Воранаўскаму. Такім чынам, занялі другое месца ў падгрупе і ў рашаючай гульні за 3-4 месца сустракаліся з сапернікамі са Слонімскага раёна. Гульня праходзіла цікава, прыгожа і насычана і скончылася на карысць астраўчан з перавагай у адно ачко – 13:12.
Такім чынам нашы стрытбалісты занялі трэцяе агульнакаманднае месца. Дарэчы, трэба адзначыць, што астраўчане ўпершыню дасягнулі такога выніку і падняліся на ганаровы п’едэстал. І зараз у іх скарбонку ўзнагарод дадаліся яшчэ кубак, граматы і медалі з абласной спартакіяды.
У міні-футболе таксама разыграліся нежартоўныя страсці. Спаборніцтва праходзіла ў двух групах. Астравецкая каманда ў першай сустрэчы згуляла ўнічыю са зборнай Воранаўскага раёна. У наступным матчы нашы футбалісты “разбамбілі” сапернікаў са Слонімшчыны 8:2. А вось праціўнікам з Гродзенскага раёна астраўчанам прыйшлося саступіць – 1:3. У выніку наша каманда заняла другое месца ў сваёй групе і выйшла на поле змагацца за 3-4 месца з футбалістамі Зэльвенскага раёна. Матч аказаўся няпростым і прымусіў пахвалявацца і ігракоў, і балельшчыкаў абедзвюх каманд. Спачатку нашы выйгравалі 2:1. Затым сур’ёзна атакавалі вароты саперніка, але гол не забілі. І тут уступіў у сілу вядомы закон футбола: не забіваеш ты – забіваюць табе. Праз некаторы час зэльвенцы зраўнялі лік, а пасля забілі яшчэ два галы. Такім чынам астраўчане сталі чацвёртымі.
Жаночая каманда па валейболу выступіла “сярэдне”. Яны прайгралі саперніцам з Бераставіцкага, Ваўкавыскага і Карэліцкага раёнаў з аднолькавым лікам 1:2 і выйгралі ў каманды Шчучынскага раёна 2:0. У выніку астраўчанкі занялі сёмае месца. Іх таварышы – мужчынская зборная – выступілі горш і сталі пятнаццатымі ў выніковай табліцы.
У гіравым спорце астравецкія ўдзельнікі выступілі ў меру сваіх сіл і магчымасцей і ў агульным заліку сталі дзевятымі. Тэнісістам пашанцавала яшчэ менш – яны занялі чатырнаццатае месца.
Па выніках усіх відаў спорту каманда Астравецкага раёна апынулася ў “залатой сярэдзіне” – агульнае восьмае месца сярод сямнаццаці каманд-удзельніц.


Марына МАЦКЕВІЧ.