Зборнай Астравецкага раёна па футболу пакуль не шанцуе

11:35 / 31.08.2011

З мая гэтага года распачаўся чарговы чэмпіянат Гродзенскай вобласці па футболе, які лічыцца трэцяй лігай чэмпіянату Рэспублікі Беларусь. Пасля 19-гадовага перапынку сёлета ў чэмпіянаце прымае ўдзел і астравецкая каманда. Паглядзець, як гуляюць сабраты па мячы, і адначасова паказаць, на што здольныя самі, вырашыла зборная Астравецкага раёна “Меліяратар”.


Паколькі ідэйным натхняльнікам, арганізатарам і непасрэдна іграком астравецкага “Меліяратара” з’яўляецца дырэктар прадпрыемства меліярацыйных сістэм Вадзім Станіслававіч Вянгроўскі, менавіта яго мы і папрасілі расказаць пра чэмпіянат больш падрабязна.
–Апошні раз футбольная каманда Астравецкага раёна ўдзельнічала ў такім чэмпіянаце ў 1992 годзе. Вось мы і вырашылі, што трэба неяк адраджаць добрыя традыцыі, і рызыкнулі сёлета паспрабаваць свае сілы. Паслалі заяўку – і сталі ўдзельнікамі абласнога спаборніцтва. Дарэчы, не трэба блытаць: “Меліяратар” – гэта зборная каманда па футболе Астравецкага раёна, а не аднайменнага прадпрыемства. Агульны склад налічвае дзесьці 25 чалавек, але на гульню звычайна выязджаюць прыкладна 15 ігракоў. Акрамя нашай, яшчэ ў чэмпіянаце ўдзельнічаюць 12 каманд. Гэта гродзенскі “Хімік”, “Цукркамбінат” са Скідзеля, краснасельскі “Цэментнік”, футбольны клуб “Ліда”, “Камунальнік” з Воранава, ФК “Смаргонь-2”, ваўкавыская “Змена ДзЮСШ”, “Надзея” з Іўя, “Белая Русь” з Дзятлава, ФК “Шчучын”, слонімскі “Фарсаж” і ФК “Ашмяны”. Што можна сказаць пра сапернікаў? Большасць з іх – сапраўдныя прафесіяналы, вопытныя каманды, гуляць з якімі вельмі складана, асабліва такім “навічкам”, як мы. Яны займаюцца ў спецыяльных школах, пастаянна трэніруюцца, адпрацоўваюць тэхніку пасаў і ўдараў. У нас жа такіх умоў няма. Таму, на жаль, “Меліяратару” пакуль асабліва няма чым пахваліцца. Затое ёсць чаму павучыцца. Здавацца мы не збіраемся і будзем працягваць барацьбу, бо шмат каго цiкавiць футбол Беларуси.
Пасля завяршэння першага круга абласнога чэмпіянату астравецкі “Меліяратар” заняў дванаццаты радок у турнірнай табліцы. Першае месца пакуль упэўнена займае гродзенскі “Хімік”, на другім – “Цэментнік”, трэцяя пазіцыя ў скідзельскага “Цукркамбіната”. На пяты ім наступаюць нашы суседзі са Смаргоні, якія займаюць чацвёрты радок, нядрэнны вынік і ў ашмянцаў – яны ў турнірнай табліцы восьмыя.
Зараз распачаўся другі круг чэмпіянату, у якім астраўчане ўжо правялі дзве сустрэчы. На жаль, ім зноў не шанцуе: у першым матчы “Меліяратар” у гасцях прайграў іўеўскай “Надзеі” 2:0. Футбольны “паядынак” з “Цукркамбінатам”, які адбыўся ў мінулыя выхадныя ў Скідзелі, таксама скончыўся не на карысць астраўчан – 7:0.
Чацвёртага верасня адбудзецца матч паміж “Меліяратарам” і ФК “Ашмяны”. Спадзяёмся, фартуна нарэшце ўсміхнецца астраўчанам.
Марына МАЦКЕВІЧ.