Яшчэ адна навуковая экспедыцыя адпрацавала ў Астравецкім раёне

11:53 / 25.08.2011

На гэты раз пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук археолага Вікінтаса Вайткявічуса на Астравеччыну завіталі выкладчыкі і аспіранты Вільнюскага дзяржаўнага ўніверсітэта.


–Наша экспедыцыя, – расказаў доктар Вікінтас, – носіць комплексны характар. У яе склад увайшлі філолагі, этнолагі, фалькларысты, архітэктары, археолагі і інш. Кожны шукае сваё, а аб’ядноўвае ўсіх нас агульная мэта: захаваць тое самабытнае, што жыве ў народзе і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Вядома, у першую чаргу нас цікавіць літоўская культура. Але на гэты раз працуем шырэй – і з беларусамі, і палякамі. Мова, легенды, абрады, археалагічныя помнікі, старыя фатаграфіі (мы іх не забіраем – толькі пераздымаем), нарэшце, проста ўспаміны аб мінулым – мы запісваем усё. Гэта тым больш важна, што ў сувязі з будаўніцтвам АЭС колькасць насельніцтва раёна рэзка ўзрасце, зменіцца яго склад і многае будзе непазбежна страчана. Ведаем гэта на прыкладзе Ігналіны…
Дзесяць дзён, праведзеныя на тэрыторыі Астравеччыны, сталі вельмі плённымі. Як расказала дацэнт кафедры філалогіі Саўле Матулявічэне, літаральна кожны дзень прыносіў новыя адкрыцці.
– Нават літоўская мова тут асаблівая, – гаворыць яна. – Падобная на тэрыторыіі Літвы захавалася толькі ў Дзукіі. А колькі ўнікальных песень і легенд!
– І фатаграфій, – Вітаўтас Вайткявічус ахвотна раскрывае ноўтбук і дэманструе знаходкі. – Мы просім нашых рэспандэнтаў паказаць сямейныя альбомы і, гартаючы іх старонкі, знаходзім цудоўныя кадры. Вось на гэтым, зробленым падчас пахавання, мы бачым унікальны абрад накрывання труны саматканым дываном. А тут – вяселле 20-30-х гадоў. Са скрыпачкай, гармонікам, бубнам… Імгненне, падуладнае аб’ектыву фотапарата, спынілася і зрабіла нятленнымі падзеі, удзельнікаў якіх даўно няма на свеце.
Пасля таго, як вынікі экспедыцыі будуць апрацаваны, на аснове яе матэрыялаў у Вільнюсе адбудзецца міжнародная канферэнцыя з удзелам літоўскіх, беларускіх і польскіх вучоных. Пазней будзе выдадзена кніга.


НА ЗДЫМКАХ:


шмат цікавасці выклікалі ў членаў экспедыцыі экспанаты, сабраныя ў Стэфана Казлоўскага.
У перадапошні дзень сваёй працы экспедыцыя пабывала ў гасцях у вядомага краязнаўца і мастака Астравеччыны Стафана Казлоўскага, які паказаў вучоным старажытныя курганы і камень-следавік. Ля каменя – доктар гістарычных навук Вікінтас Вайткявічус і яго памочніцы.


Ганна ЧАКУР.
Фота Алеся ЮРКОЙЦЯ.